9 лістапада 2024 года святая Імша ў касцёле Святога Казіміра адбылася незвычайная. Менавіта ў гэты дзень парафіяне, лепяльчане і госці горада шанавалі святога Губерта, які з’яўляецца апекуном паляўнічых і леснікоў.
А дзясятай гадзіне раніцы пачалася Эўхарыстыя, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Урачыста ў будынак касцёла падчас Імшы быў унесены абраз святога Губерта, прывезены ажно з Пінскай дыяцэзіі. Дарэчы, гэты цудадзейны абраз будзе знаходзіцца ў лепельскай парафіі цэлы год.
Ксёндз Уладзімір Заянчкоўскі адзначыў, што святая Імша праводзіцца менавіта для паляўнічых, у якіх ёсць свой апякун. А людзей у паляўнічых камуфляжах на гэта свята назбіраўся цэлы касцёл, што свабодных месцаў нават і не было.
Напрыканцы Літургіі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі благаславіў паляўнічых з сабакамі і гасцей мерапрыемства. Ад касцёла ўсе прысутныя, а таксама святары рушылі ўрачыстым шэсцем да цэнтральнай плошчы горада на чале працэсіі з абразом святога Губерта.
Для жыхароў і гасцей горада свята працягнулася ў межах гарадскога парка, дзе гандлявалі рамеснікі сваімі вырабамі і сувенірамі, валанцёры раздавалі бясплатна найсмачнейшую шурпу, грэчку з тушанінай і чай, спявалі прадстаўнікі самадзейнасці, а дзеткі фатаграфаваліся з конікамі з сярэднявечных казак.
Паляўнічыя, у сваю чаргу, працягнулі свята выездам на месца правядзення палявання ў в. Тадуліна, дзе адбылася забаўляльная праграма з выступленнем мясцовых калектываў і палявой кухняй.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!














