«Дзень сёмы – Госпаду». Чаму ў некаторых краінах забаранілі гандаль у нядзелю?

З савецкіх часоў беларусы прызвычаіліся да таго, што ў нядзелю можна схадзіць у краму і закупіцца, бо не хапала часу на працоўным тыдні. Але такая сітуацыя ўласцівая далёка не ўсім краінам Еўропы. У некаторых з іх гандляваць у нядзелю забаронена заканадаўча.

На карысць забароны нядзельнага гандлю ёсць чыста эканамічныя аргументы, якія лабіруюць у тым ліку прафсаюзы. Гэта, з аднаго боку, права работнікаў на законны дзень адпачынку, які б яны маглі прысвяціць сям’і ці культурнай праграме. А з другога, абарона малых і сярэдніх прадпрыемстваў ад больш высокай канкурэнцыі з боку буйнейшых крамаў і гандлёвых сетак. І вельмі часта ідэю вольнай ад гандлю нядзелі прасоўваюць хрысціянскія партыі і арганізацыі. У тым ліку з прычыны трэцяга Божага наказу: «Памятай, што дзень суботы ты святкуеш. Шэсць дзён працуй і выконвай усе справы свае, а сёмы дзень – субота – для Госпада, Бога твайго. Не выконвай ніякай працы ні ты, ані сын твой, ані дачка твая, ані раб твой і рабыня твая, ані жывёла твая і чужынец, што жыве ў цябе» (Выхад 20:7-10).

Пра абавязак нядзельнага адпачынку казалі ў сваіх тэкстах і Святыя Айцы.

Гэтак, Папа Лявон ХІІІ у энцыкліцы «Rerum Novarum» падкрэсліваў «абавязак спыняць усе справы і працы ў нядзелю і ў святочныя дні». «Адпачынак ад працы не варта разумець як саступку бяздзейнасці, тым больш ён не павінен быць падставай для марнатраўства і празмернасці, як шмат хто хацеў бы. Але гэта павінен быць адпачынак ад працы, асвечаны верай. Адпачынак (разам з рэлігійнымі абрадамі) дазваляе чалавеку на час забыцца пра справы штодзённага жыцця, скіраваць свае думкі да неба і на ўшанаванне, у чым ёсць наш абавязак для спрадвечнага Бога», – пісаў ён у 1891 годзе.

У 1998 годзе ў сваім апостальскім лісце «Dies Domini» Ян Павел ІІ таксама адзначаў абавязак «забяспечыць, каб кожны мог атрымліваць асалоду ад свабоды, адпачынку і рэлаксацыі, якіх патрабуе чалавечая годнасць, а таксама ад адпаведных рэлігійных, сямейных, культурных і міжасобасных патрэбаў, каторыя цяжка задаволіць, калі няма гарантыі задавальнення хаця б у адзін дзень на тыдні, калі людзі могуць адначасова адпачываць і святкаваць».

«Дзякуючы нядзельнаму адпачынку штодзённыя клопаты і задачы могуць знайсці сваю правільную перспектыву: матэрыяльныя рэчы, пра якія мы турбуемся, саступаюць месца духоўным каштоўнасцям. У момант сустрэчы і менш напружанага абмену мы бачым сапраўдны твар людзей, з якімі жывём», – падкрэсліваў пантыфік.

Дзе і як забаронены нядзельны гандаль

Як вынік – з эканамічных ці рэлігійных прычынаў – на сёння нядзельны гандаль так ці інакш забаронены ў дзесяці еўрапейскіх краінах: Аўстрыі, Бельгіі, Іспаніі, Грэцыі, Нарвегіі, Нямеччыне, Польшчы, Славеніі, Чарнагорыі і Швейцарыі, а таксама на Фарэрскіх астравах, што належаць Даніі. Апроч таго, пэўныя абмежаванні нядзельнага гандлю існуюць у Францыі і ў Вялікабрытаніі (акрамя Шатландыі). А на Мальце, напрыклад, непрадуктовыя крамы, якія хочуць працаваць у нядзелю, мусяць плаціць за гэта па 700 еўра кожны тыдзень.

Варта адзначыць, што забарона нядзельнага гандлю зусім не азначае поўнага закрыцця ўсіх магчымых крамаў. Напрыклад, у Польшчы правам гандляваць сем дзён на тыдзень карыстаюцца невялікія крамы (у тым ліку знакамітая сетка маленькіх крамаў «Żabka»), інтэрнэт-крамы, запраўкі, некаторыя аптэкі, пякарні, рэстараны і да таго падобнае. У некаторых краінах, як у Аўстрыі, Бельгіі, Іспаніі ці Нямеччыне, нядзельныя абмежаванні змяняюцца ў залежнасці ад рэгіёна. Напрыклад, гандаль дазваляецца ў турыстычных і памежных мясцовасцях. Так, у Іспаніі ад нядзельнай забароны вызваленыя сярод іншых Мадрыд і Балеарскія астравы.

Таксама існуюць і некаторыя гандлёвыя нядзелі. Напрыклад, у Польшчы ў 2024 годзе гэта 28 студзеня, 24 сакавіка, 28 красавіка, 30 чэрвеня, 25 жніўня, 15 і 22 снежня. Пры гэтым у той жа Польшчы ёсць шэраг іншых дзён, апроч нядзелі, калі дадаткова забаронены гандаль. Гэта як свецкія (Новы год, 1 траўня, Дзень Канстытуцыі і Дзень Незалежнасці), так і рэлігійныя святы (Трох Каралёў, Велікодны панядзелак, Божага Цела, Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі, Дзень Усіх Святых, Божае Нараджэнне і наступны за ім Дзень святога Стэфана).

Польшча скасуе забарону?

Але ўсё ж нельга сказаць, што такія забароны нядзельнага гандлю вітаюцца ўсімі жыхарамі краінаў, дзе яны ўведзеныя. Напрыклад, у Польшчы партыі, каторыя летась прыйшлі да ўлады, перад выбарамі абяцалі вярнуць нядзельны гандаль, які быў забаронены ў 2018 годзе. Мяркуецца, гэта будзе зроблена на пэўных умовах. У прыватнасці, кожнаму работніку плануецца надаць па дзве вольныя суботы і нядзелі на месяц, а працу ва ўікэнды аплочваць у падвойным памеры. Але і перад гэтым павінны прайсці яшчэ шырокія дыскусіі з прафсаюзамі і арганізацыямі працадаўцаў.

У той час, калі буйныя гандлёвыя цэнтры падтрымліваюць вяртанне нядзельнага гандлю, польскі бізнес падзяліўся ў ацэнках дадзенага пытання. Тое ж самае можна сказаць і пра саміх палякаў. Паводле вынікаў лютаўскага апытання UCE RESEARCH і Offerista Group, на дадзены момант 46% палякаў выступае за аднаўленне гандлю па нядзелях. А супраць гэтага – 44% рэспандэнтаў.

«2% – гэта розніца на ўзроўні статыстычнай памылкі. Гэта паказвае, што грамадства надалей падзеленае ў названым пытанні. 46% і 44% не паказваюць, якая група мае перавагу, калі гаворка ідзе пра тое, ці павінна нядзеля быць гандлёвай. Для многіх супрацоўнікаў магчымасць мець выходны ў нядзелю з’яўляецца каштоўнасцю сама па сабе. Таксама варта дадаць, што з пункту гледжання малога і сярэдняга бізнесу бягучая сітуацыя спрыяльная тым, што дазваляе ім канкураваць з дысконтнымі сеткамі, якія выкарыстоўваюць агрэсіўныя маркетынгавыя захады для перанакіравання спажывецкага трафіку на пятніцу і суботу», – кажа Мацей Пташынскі, старшыня праўлення Польскай гандлёвай палаты.

У асноўным у Польшчы за скасаванне забароны на гандаль у нядзелю выступае моладзь, людзі з высокім даходам і жыхары буйных гарадоў. Тады як сярод старэйшага пакалення і жыхароў меншых населеных пунктаў і атрымальнікаў меншых даходаў пераважаюць адваротныя погляды.

Пры гэтым раней доля прыхільнікаў лібералізацыі закону даходзіла ледзь не да 60%. Сацыёлагі тлумачаць скарачэнне колькасці праціўнікаў забароны нядзельнага гандлю тым, што напачатку спажыўцы не змаглі зарыентавацца ў новай сітуацыі, але з часам супрацьдзеянне гэтаму зменшылася. Яны чакаюць, што доля прыхільнікаў лібералізацыі гандлёвага заканадаўства можа зменшыцца яшчэ – да 40%.

Сацыёлагі мяркуюць, што новы польскі ўрад таксама пабачыў гэтыя змены «і прыйшоў да высновы, што, паколькі падтрымка ідэі зніжаецца, яе трэба адкласці».

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі