Дыкастэрыя па справах кананізацыі атрымала дакументы аб жыцці і святасці сястры Люцыі з Фацімы

Пастулатары беатыфікацыйнай справы сястры Люцыі ад Езуса (Люцыя душ Сантуш), адной з трох дзяцей, якім Маці Божая аб’явілася ў Фаціме ў 1917 г., перадалі ў рукі прэфекта Дыкастэрыі па справах кананізацыі кардынала Марчэла Сэмераро дакументы аб яе жыцці, цнотах і характарыстыку святасці (Positio Super Vita, Virtutibus et Fama Sanctitati).

Як паведамляе фацімскі санктуарый, пераказ «Positio» з’яўляецца важным момантам у беатыфікацыі і кананізацыі Слугі Божай у рымскай фазе працэсу. У гэтым томе змяшчаецца біяграфія с. Люцыі на асноведакументаў, сабраных падчас дыяцэзіяльнай фазы працэсу (якая доўжылася ў дыяцэзіі Каімбра ў 2008-2017 гг.). «Інфармацыя», якая апісвае цноты, якімі жыла манахіня-кармэлітка, а таксама спіс сведчанняў, яе дзённік і іншыя неапублікаваныя дакументы, «прызнаныя важнымі ў працэсе».

Гэты дакумент, у сваю чаргу, будзе прааналізаваны групай тэолагаў, якія сфарміруюць сваё меркаванне, каб вызначыць, ці с. Люцыя «практыкавала цноту ў гераічным вымярэнні».

Станоўчае заключэнне Дыкастэрыі па справах кананізацыі перадаецца Папе, які ўхваляе публікацыю адпаведнага дэкрэта. Для этапаў беатыфікацыі і кананізацыі канчатковым з’яўляецца пацвярджэнне цуду праз заступніцтва Слугі Божага або благаслаўлёнага.

Дыяцэзіяльны этап беатыфікацыйнага працэсу с. Люцыі ад Езуса (1907-2005), адной з трох фацімскіх візіянерак, завяршыўся 13 лютага 2017 г. св. Імшой у кармэліцкім касцёле ў Каімбры. Працэс прадугледжваў аналіз тысяч лістоў і тэкстаў, а таксама апытанне 61 сведкі.

Люцыя Роза душ Сантуш, сястра Марыя Люцыя ад Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі, памерла 13 лютага 2005 г. ва ўзросце 98 гадоў пасля некалькіх дзесяцігоддзяў жыцця ў кармэліцкім кляўзуровым кляштары ў Каімбры.

Працэс беатыфікацыі распачаўся ў 2008 годзе, праз тры гады пасля яе смерці, калі тагачасны Папа, цяпер Папа сеньёр Бэнэдыкт XVI, адмяніў пяцігадовы тэрмін, звычайна стандартнае патрабаванне для пачатку працэсу, згодна з кананічным правам Касцёла.

Францішак і Жасінта Марто, двое іншых дзяцей з Фацімы, былі кананізаваны Папам Францішкам у Фаціме 13 мая 2017 г.

Люцыя нарадзілася 22 сакавіка 1907 года ў Алжустрэле (Партугалія). 13 мая 1917 года разам са сваімі стрыечнымі братам Францішкам і сястрой Жасінтай сталі сведкамі першага аб’яўлення Панны Марыі недалёка ад партугальскага мястэчка Фаціма. Падчас наступнага бачання Люцыя атрымала ад Марыі даручэнне: «Ты, аднак, застанешся тут некаторы час. Езус хоча выкарыстаць цябе, каб людзі ведалі і любілі Мяне. Я хацела б усталяваць у свеце набажэнства да Майго Беззаганнага Сэрца».

3 кастрычніка 1934 года с. Люцыя склала вечныя манаскія абяцанні ў Кангрэгацыі Сясцёр св. Даратэі. 25 сакавіка 1948 г. са спецыяльнага дазволу Папы Пія XII яна ўступіла ў Каімбру ў шэраг кармэлітак босых. Яна ўзяла імя Марыя Люцыя ад Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі. Памерла 13 лютага 2005 г. у манастыры ў Каімбры.

Gosc.pl
Пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку