Думаеш, куды паехаць на выхадныя? Да Маці Божай!

Арганізатары адкрылі краму з мерчам “Weekend з Марыяй” і іншай хрысціянскай тэматыкай

Калі праглядаеш сацсеткі ініцыятывы “Weekend з Марыяй”, то іх лаканічнасць і ўчэпістасць прыемна здзіўляюць: глыбокія сэнсы падаюцца ў так запатрабаванай сёння стылёвай форме. Свежы падыход да справы дае свой плён. За год існавання “ўікэнд” перарос з парафіяльных сустрэч ва ўсебеларускія дні духоўнага аднаўлення і мае тэндэнцыю, каб стаць моладзевым душпастырствам мясцовага Касцёла.

“Неяк пасля пакутніцкай пілігрымкі ў Браслаў мы зразумелі, што нам хочацца збірацца часцей. Рэкалекцый, якія праводзілі айцы-францішкане некалькі разоў а год, нам стала недастаткова, – прызнаюцца аніматары Павел і Максімільян з парафіі Безаганнага Зачацця НПМ у Удзеле. – Нас было чалавек дзесяць, студэнты, і мы пачалі думаць, што б арганізаваць”.

Каб спатканне мела падмурак і адпаведную фармацыю, моладзь стала збірацца кожную першую суботу месяца, калі праводзяцца адмысловыя набажэнствы ўшанавання Маці Божай. “Дзеля падбудавання суботы, які назвалі днём засяроджанасці, мы вырашылі расцягнуць духоўныя практыкаванні з пятніцы да нядзелі і змяніць назву: папярэдняя была не вельмі адпаведная, – дадае а. Віктар, арганізатар ініцыятывы.

Такім чынам паўстаў “Weekend з Марыяй”, асноўная мэта якога навучыць вернікаў даручаць усе свае турботы Найсвяцейшай Панне і праз гэта станавіцца шчаслівымі. “Падчас сустрэчаў няма прасторы, каб “патусіць па-свецку”. Гэта не евангелізацыйны праект, а асяродак для хрысціянаў, якія стаміліся ў свеце і шукаюць сабе паплечнікаў”, – падкрэслівае суразмоўца.

Першыя дні духоўнага аднаўлення сабралі дваццаць чалавек, якія ведалі адно аднаго. А ўжо наступныя адкрывалі дзверы некалькім дзясяткам католікаў з усіх дыяцэзій. “Мы не рабілі аніякай спецыяльнай рэкламы сустрэчы. Проста калі чалавек адчуе сувязь з Марыяй і сямейны клімат, – ён гэтым дзеліцца. Так пра нас і сталі даведвацца”, – адзначае айцец-францішканін.

“Weekend з Марыяй” мае моцна насычаную праграму: можна пабыць сам-насам з Богам у “пустыні” і правесці час актыўна, паслухаць канферэнцыі і паўдзельнічаць у разважаннях. Падчас сустрэчаў закранаюцца разнастайныя і важныя пытанні – ад пабудовы адносінаў да духоўных пагрозаў, але цэнтральнай тэматыкай часцей за ўсё з’яўляецца марыйная. Удзельнікі ці то прыглядаюцца цнотам Мадонны, ці то засяроджваюцца на звязаных з Ёй дагматах, ці то разважаюць над пяццю знявагамі Беззаганага Сэрца Нябеснай Маці і перапрашаюць яго.

“Молімся Ружанец у розных формах. Аднойчы праводзілі яго ў выглядзе квэсту. Падзялілі ўдзельнікаў на каманды адпаведна кожнай частцы і адправілі іх “лётаць” па тэрыторыі – выконваць заданні. Зразумела, на кожным посце трэба было адгаварыць адну таямніцу. Такім чынам, маладзёны памаліліся ўвесь Ружанец. Навучылі іх таксама францішканскай каронцы, якая складаецца з сямі радасцяў Марыі, – распавядае а. Віктар.

Дні духоўнага аднаўлення адбываюцца ў Удзеле, дзе ў 2002 годзе быў заснаваны “Беларускі Непакалянаў”, названы на наш манер ”Мястэчкам Беззаганнай”. Гэтую традыцыю распачаў св. Максімільян Кольбэ. Паводле яго думкі, месца, нарачонае “Непакалянаў”, аддавалася асаблівай апецы Маці Божай і станавілася крыніцай Божых ласкаў.

Спатканне разлічана на ўдзельнікаў любога ўзросту, бо “перад Богам усе дзеці”. Але збольшага на “ўікэнды” з’язджаецца моладзь

“Удзела стала пятым у свеце месцам, дзе з’явіўся “Непакалянаў”. І мы бачым, як проста супрацоўнічаць з Марыяй, каб развівацца. Галоўнае – ёй не перашкаджаць”, – дадае а. Віктар.

Падчас “уікэнду” існуе магчымасць далучыцца да “Рыцарства Беззаганнай”, закладзенага тым жа св. Максімільянам Кольбэ, які жадаў з дапамогай таварыства здабываць душы для Хрыста праз Марыю. “Кожныя дні духоўнага аднаўлення плённыя новымі ўдзельнікамі “Рыцарства Беззаганнай”. Маладзёны добраахвотна аддаюцца на службу Марыі, бо хочуць ваяваць побач з ёй найлепшай зброяй – Ружанцам. Яны афіцыйна складаюць абяцанні штодня маліцца за навяртанне грэшнікаў і ворагаў Касцёла”, – адзначае францішканін.

Паводле а. Віктара, у межах “Weekend з Марыяй” можна знайсці галоўнае, у чым развіваецца вера і асоба, – супольнасць. “Што ты атрымаў падчас гэтых сустрэчаў? – пытаюся ў аднаго з аніматараў. – Ён там дзяўчыну сабе знайшоў”, – адказвае замест яго з усмешкай другі.

Хлопцы пагаджаюцца, што знайшлі ў Удзеле кампанію, у якой пабудавалі адносіны, дзе можна разлічваць на бясконцую падтрымку і трываць у адзінстве. І штомесяц як валанцёры яны прысвячаюць значную частку свайго часу, каб гэта спазналі іншыя людзі. “Калі хтосьці даязджае з іншых дыяцэзій, мы вяртаем палову сумы за дарогу, – адзначае а. Віктар. – Усё пададзeна на талерцы – толькі бяры”.

Каментары ўдзельнікаў:

Каталіна Саўць:

– Прыязджаючы на WM, я атрымліваю вельмі шмат увагі, любові і клопату. Чапляе тое, што першапачаткова сустракаюцца адно аднаму незнаёмыя людзі, а пад канец мы ўсе становімся роднымі.

Кожны “ўікэнд” унікальны. Штораз уздымаюцца тэмы, якія моцна чапляюць маё сэрца. Я заўсёды знаходжу для сябе нешта новае, што дапамагае мне змяняць мае думкі або звычкі. У гэтым і заключаецца хрысціянскае жыццё. Дзякуючы сустрэчам я адкрываю свае заганы, але разам з тым і таленты, якіх раней не заўважала. Зразумела таксама значнасць постаці Марыі, стала надаваць больш увагі зносінам з Ёй і Ружанцу.

Раман Рыбак:

– WM насычаны вельмі цёплымі і запамінальнымі момантамі. Асаблівым чынам мяне кранаюць хвіліны адарацыі, малітва праслаўлення, супольны спеў. Асобна трэба адзначыць “пасяджэнні мужчынскага клуба” на начлезе, калі мы з хлопцамі да глыбокай ночы абмяркоўваем надзённыя жыццёвыя пытанні. Такім чынам, дарэчы, некаторыя хлопцы далучыліся да супольнасці “Воінаў Марыі” (не блытаць з “Рыцарствам Беззаганнай”).

Да апошняга я вырашыў далучыцца з той прычыны, што разумею, якая моцная атака ідзе на веру і Касцёл у сучасным свеце. Рыцар Беззаганнай пасвячае сябе Маці Божай, становячыся інструментам для пашырэння веры ў Яе руках. У межах таварыства мы молімся пра навяртанне ворагаў Касцёла, стараемся даступнымі для сябе сродкамі абараняць і быць прыкладам веры, а таксама ўдзельнічаць у з’ездах рэгіянальнай групы “Рыцарства Беззаганнай”.

Ангеліна Марцішэўская

Ад рэд. Першы ў гэтым годзе “Weekend з Марыяй” пройдзе 2-4 лютага ў Удзеле. Падрабязнасці чытайце па спасылцы>>

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі