4 кастрычніка Каталіцкі Касцёл успамінае св. Францішка Асізскага, які жыў на мяжы XII – XIII стагоддзяў, а яго простыя і адначасова мудрыя парады застаюцца актуальнымі і сёння. Мы падрыхтавалі для чытачоў “Каталіцкага Весніка” некалькі духоўных парадаў ад аднаго з “найбольш прывабных святых”, які лічыцца папулярным не толькі сярод католікаў, а нават сярод атэістаў.
Пра чысціню сэрца
Бласлаўлёныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць (Мц 5,8). Сапраўды чыстыя сэрцам тыя, хто адмаўляе зямное, шукае нябеснага і няспынна моліцца і бачыць Госпада Бога жывога і праўдзівага чыстым сэрцам і душой.
Пра пакорнага слугу Божага
Шчаслівы той слуга (Мц. 24, 46), які не больш ганарыцца ад дабра, каторае Госпад робіць праз яго, чым калі кажа і робіць праз іншага. Грашыць чалавек, які аддае перавагу атрыманню большага ад бліжняга свайго, чым аддаванню ад сябе Госпаду Богу.
Няхай ніхто не спакушаецца злом, здзейсненым іншым
У слугі Божага нішто не павінна выклікаць агіды, акрамя граху. І калі хто-небудзь зробіць грэх, а слуга Божы бянтэжыцца і гневаецца, але не праз любоў да грэшнага, дык сам памнажае сабе грэх. Той слуга Божы, які не гневаецца і не бянтэжыцца праз чужы грэх, жыве без уласнага. І шчаслівы той, хто не пакідае сабе нічога, аддаючы цэзарава цэзару, а Божае Богу.
Пра спагаду да бліжняга
Бласлаўлёны той чалавек, які ў немачы падтрымлівае свайго бліжняга ў тым, у чым сам бы хацеў, каб той яго падтрымаў, апыніся ён у падобным няшчасці. Шчаслівы слуга, які аддае ўсё дабро Госпаду Богу, бо калі хто што-небудзь ўтрымаў сабе, схаваў у сябе срэбра Госпада Бога свайго (Мц. 25, 18), тое што ён думаў мець, адымецца ў яго (Лк. 8, 18).
Пра любоў
Кажа Госпад: “Любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас” (Мц 5, 44). Той сапраўды любіць свайго ворага, хто не пра ўчыненую ім крыўду ўспамінае і смуткуе, але ў любові да Бога смуткуе за грахі яго душы. І вырастае з яго пакутаў любоў.
Каб ніхто не прысвойваў сабе ўлады
“Я не для таго прыйшоў, каб Мне служылі, але каб паслужыць” ( Мц. 20, 28), кажа Госпад. Тыя, хто пастаўлены над іншымі, няхай столькі ж ганарацца гэтай уладай, колькі калі б былі прызначаныя на служэнне абмывання ног братоў. І калі больш бянтэжацца пра страту ўлады, чым пра страту абавязку мыць іншым ногі, тым больш набіваюць сабе грашовых скрыначак на пагібель душы (Ян. 12, 6).
Пра цнатлівасць, якая пазбягае заганы
Дзе любоў і мудрасць, там няма ні страху, ні невуцтва.
Дзе цярпенне і пакора, там няма ні гневу, ні збянтэжанасці.
Дзе беднасць з радасцю, там ні сквапнасці, ні скупасці.
Дзе спакой і разважанне, там ні смуты, ні трывогі.
Дзе страх Госпада ў таго, хто ахоўвае свой дом (Лк. 11,21), там вораг не зможа знайсці месца для нападу.
Дзе міласэрнасць і любоў, там няма месца ні фанабэрыі, ні чэрствасці.
Падрыхтавала Вікторыя Колзун
для друку