Едучы на аўтамабілі ў бок Гродна, заўсёды любуюся прыгажосцю населеных пунктаў, іх велічнай архітэктурай, стракатымі вулкамі з адмысловымі дамамі. Асабліва прывабным для мяне здаецца аграгарадок Трабы, дзе магутным гмахам узвышаецца касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
Неагатычная культавая пабудова ўражвае, прымушае на хвіліну затрымаць увагу на велічных сценах, адчуць Божую прысутнасць. Крыху далей можна заўважыць адмысловы ружовы дом, прысядзібную тэрыторыю якога ўпрыгожваюць кветкі і дэкаратыўныя кусты, але зусім не гэтыя акалічнасці вылучаюць яго сярод дзясяткаў падобных. Фігура Багародзіцы ўзвышаецца акурат у цэнтры падворка. Дом з Марыяй – такая ўзнёслая і паэтычная назва ўзнікае ў падсвядомасці, калі бачу гэты будынак. Праязджаючы міма, заўсёды меркавала, што жыве тут духоўная асоба – святар або законная сястра. Аднак мае здагадкі аказаліся памылковымі.
Калісьці гэта фігура была марай гаспадароў Ашмонтас, а дакладней сказаць – гаспадыні дома Ганны. Жанчына марыла мець вялікую сям’ю, пабудаваць уласны дом, а каля яго абавязкова ўстанавіць фігуру Божай Маці, якая будзе нагадваць пра самае галоўнае ў жыцці – пра веру і жывыя адносіны з Богам. У 2007 годзе жанчына паспяхова рэалізавала свой план. Постаць Марыі ў блакітным адзенні стала сапраўдным сродкам евангелізацыі і жывым напамінам пра духоўнае не толькі для гаспадароў, але і для астатніх жыхароў аграгарадка, гасцей і турыстаў. За гэты час гаспадары не раз лавілі зацікаўленыя позіркі людзей, што праходзілі або праязджалі каля дома. Хтосьці любаваўся адмысловай фігурай, нехта фатаграфаваў, іншыя ж рабілі знак крыжа. Аднак кожны разумеў, што жывуць у доме з Марыяй людзі, што практыкуюць веру ў Бога. І гэта меркаванне цалкам адпавядала рэчаіснасці.
Гаспадароў Ашмонтас сёння ведае кожны жыхар Трабаў і наваколля як добрых католікаў, адказных бацькоў і проста шчырых людзей. Сваім прыкладам еднасці, веры і дабрыні яны прыцягваюць многіх. Андрус і Ганна пазнаёміліся амаль чатыры дзесяцігоддзі таму. У той час Ганна вучылася ў суседняй Літве. Па волі лёсу ёй давялося пазнаёміцца з прыгожым і статным хлопцам Андрусам, які толькі вярнуўся з войска. З першых дзён знаёмства маладыя людзі адчулі ўзаемную сімпатыю. Хутка прыйшло і пачуццё закаханасці. Ганна і Андрус імкнуліся як мага больш часу прысвячаць адно аднаму. Аднак дзяўчына заканчвала навучанне. Ёй неабходна было вярнуцца назад, у Беларусь. Закаханых вельмі засмучвала гэтая акалічнасць. Тады Андрус, як сапраўдны мужчына, прапанаваў сваёй каханай ажаніцца і будаваць сумеснае жыццё разам. Ганна згадзілася. Праз тры месяцы знаёмства пара ўзяла шлюб у трабскім касцёле.
Так пачалася новая старонка ў гісторыі маладой сям’і. У хуткім часе ў маладых бацькоў нарадзілася старэйшая дучушка Індрэ, трыма гадамі пазней – Грэта. Яшчэ праз некалькі гадоў сям’я папоўнілася Сабінай і Марусам. Ад нараджэння бацькі выхоўвалі дзяцей у духу хрысціянскай веры. Ужо ў першыя месяцы жыцця Андрус і Ганна прыносілі сваіх дзетак у касцёл, каб тыя ад самага пачатку спасцігалі асновы каталіцкай веры. Калі Грэце было 2,5 гады, мама ўпершыню ўзяла яе ў пілігрымку да Маці Божай Тракельскай. Старэйшай дачцэ Індрэ на той момант было пяць гадоў. Абедзве дзяўчынкі годна перанеслі ўсе цяжкасці, звязаныя са шляхам. Ужо пасля пілігрымкі да Нябеснай Мамы сталі добрай сямейнай традыцыяй і практыкаваліся амаль штогод. Сёння Індрэ, Грэта і Сабіна маюць свае сем’і, аднак па-ранейшаму пры першай магчымасці стараюцца прыняць удзел у падарожжы на Нябеснай Заступніцы, што аберагае сям’ю Ашмонтас ад усялякіх бедаў і нястач.
Вялікі ўплыў на фарміраванне веры і жывых адносін з Богам аказалі і духоўныя асобы. Сёння сям’я Ашмонтас з цеплынёй ўзгадвае святароў Яна Гавецкага і Тадэвуша Качана, якія не так даўно адышлі па ўзнагароду да Пана. Гэтыя людзі спалучалі ў сабе святарскую мудрасць і разважлівасць з уменнем сябраваць і быць адкрытымі на патрэбы іншых. На дадзены момант сябрам і дарадцам для сям’і з’яўляецца ксёндз Віктар Субель, а таксама законныя сёстры Агнешка і Ганна.
Хутка выраслі дзеці. Старэйшыя дачушкі ўжо маюць уласныя сем’і. Індрэ з мужам Дзянісам выхоўваюць сына Аўрымаса, Грэта з Маркам радуюцца поспехам маленькага Мішы. А маленькая Эмілі стала сапраўднай радасцю для Сабіны і Юрыя. На дадзены момант з бацькамі жыве толькі малодшы сын Марус. Зараз ён вучыцца ў дзясятым класе. Аднак, прыязджаючы ў бацькоўскі дом, Індрэ, Грэта і Сабіна па-ранейшаму адчуваюць сябе маленькімі дзецьмі. Тут, у Трабах, пануе асаблівая атмасфера спакою, гармоніі і еднасці. Як і раней, у нядзелю і ўрачыстасці ўся вялікая сям’я спяшаецца ў касцёл. Марус традыцыйна выконвае абавязкі міністранта, а Індрэ спявае псальмы.
Яшчэ адным чалавекам, які аказаў вялікі ўплыў на станаўленне веры ў сям’і, стала бабуля Ганна. Яна ва ўсе часы старалася, каб дзеці і ўнукі практыкавалі веру, былі сумленнымі і добрымі людзьмі. Сямнаццаць гадоў таму бабулі не стала, аднак добрая памяць пра яе жыве і сёння. Калі вялікая сям’я збіраецца за агульным сталом, то адразу ўсе прыгадваюць бабулю, яе ўрокі веры, дабрыні і шчырасці, якія, безумоўна, не прайшлі для маладога пакалення дарма. Менавіта дом бабулі быў цэнтрам хрысціянскага жыцця, дзе заўсёды збіраліся дзеці і ўнукі. Жанчына вучыла нашчадкаў, што галоўным момантам любога свята з’яўляецца святая Імша. Толькі пасля наведвання касцёла можна сесці за агульны стол, пагутарыць, адпачыць. Сёння сям’я Ашмонтас адзначаецца згуртаванасцю і трываласцю. Усё гэта стала магчымым дзякуючы веры ў Бога, якая прасвятляе сэрцы, сцірае крыўды, вучыць спагадзе і цярпенню.
Калі дзеці раз’язджаюцца пасля святаў і вакацый, Ганна і Андрус не сумуюць: усе тры дачкі навучаныя падтрымліваць трывалую сувязь з бацькамі, тэлефанаваць, дасылаць фотаздымкі і паведамленні. Нават на адлегласці захоўваецца цеплыня адносін, жаданне падзяліцца самымі цёплымі момантамі з блізкімі людзьмі. Бацькі ж стараюцца штодня памятаць у малітвах пра сваіх нашчадкаў, просячы для іх жыццёвай мудрасці, здароўя і невычэрпных сілаў.
Зусім хутка распачнецца чарговая вясна. Трабы патонуць у зеляніне дрэў і прыгажосці кветак. Гаспадыня дома ўжо сёння думае, якія кветкі і дэкаратыўныя кусты ўпрыгожаць яе падворак. Самыя прыгожыя і незвычайныя, безумоўна, аздобяць постаць Багародзіцы, падкрэсліўшы хараство і чысціню Нябеснай Матулі.
Працуючы ля фігуры, гаспадыня заўсёды прыгадвае сваіх дзяцей. Па-жаночы даверліва і шчыра яна просіць у Багародзіцы абароны і апекі для іх. Менавіта Марыі жанчына навучылася давяраць свае справы, клопаты, радасці і смутак, дзяліцца тым, што непакоіць яе мацярынскае сэрца. Такія ўнутраныя размовы дапамагаюць супакоіцца, адчуць баланс і душэўную гармонію, а на чарговыя выхадныя дні яна зноў запросіць сваіх дзяцей дамоў. У дом, якім апякуецца Марыя.
Марта Венславовіч
