Лета – гэта час падарожжаў і сустрэч. А як трапіць на Святую Імшу і сустрэцца з Хрыстом на Эўхарыстыі, калі знаходзішся ў іншым горадзе, не ў сваёй парафіі? Дзе знайсці расклад набажэнстваў, і ці будуць яны актуальнымі на летні перыяд? Сёння адказы на гэтыя пытанні можна знайсці на сайце imsha.by.
Пра гісторыю стварэння сайта, штодзённую працу каманды, планы і мары на будучыню мы паразмаўлялі з каардынатарам праекту Віктарам Місанам.
– Для тых, хто чуе спалучэнне слоў “imsha.by” упершыню, патлумачце, калі ласка, што гэта за праект?
– Imsha.by – гэта сайт з раскладамі Імшаў у касцёлах Беларусі. Інфармацыя пра расклады Імшаў у парафіях, якія далучыліся да праекту, сістэматычна абнаўляецца, і таму заўсёды з’яўляецца актуальнай. Такім чынам наведвальнікі сайта ў любы момант могуць знайсці для сябе касцёл у гарадах, вёсках, мястэчках Беларусі, даведацца яго адрас, расклад Імшаў і прыйсці на сустрэчу з Хрыстом.
Ад ідэі да макету
– Як узнікла ідэя стварыць такі сайт?
– Насамрэч, ідэя стварэння адзінага рэсурсу, дзе можна было б убачыць расклад Імшаў, лётала ў паветры даволі даўно ў многіх людзей, але атрымалася зрабіць менавіта ў нас.
Наколькі важна мець такі рэсурс, я пераканаўся на ўласным досведзе. Шмат гадоў таму мне трэба было трапіць на Імшу ў Баранавічах. Дзеля таго, каб даведацца расклад набажэнстваў, я запытаўся ў свайго знаёмага. Той не ведаў, запытаўся ў яшчэ аднаго знаёмага, які таксама не ведаў, але абяцаў даведацца, і ўрэшце даведаўся і перадаў мне інфармацыю. Атрымаўся даволі доўгі ланцужок.
Калі я паразмаўляў са сваімі сябрамі, то зразумеў, што такая ж праблема перыядычна ўзнікае і ў іх.
– А якія крокі трэба было зрабіць, каб перайсці ад ідэі да яе рэалізацыі?
– Крокаў было шмат. На той час мы жылі з братам і сябрам. Такая вось кампанія з трох каталікоў і трох тэхнічных спецыялістаў у адным флаконе. Зразумеўшы важнасць стварэння праекту, мы паразмаўлялі са святарамі. Яны вельмі цёпла ўспрынялі нашую ідэю.
Тады мы ўсведамлялі важныя рэчы: у нас ёсць актуальная праблема, мы маем адпаведны вопыт і навыкі, святары аказалі падтрымку. Усё гэта давала надзею: сайту быць.
– Вы адразу бачылі на новым сайце расклады Імшаў з усёй Беларусі?
– Не, мы добра разумелі, што такія маштабы не ахопім. Бо сэнс быў не ў тым, каб сабраць на адной платформе расклады з усіх сайтаў і старонак у сацсетках. Нашай мэтай была абавязковая перыядычная актуалізацыя раскладаў, каб рэсурс стаў цікавым і карысным не толькі для нас, але і для тых, хто будзе ім карыстацца.
Адсюль узнікала яшчэ адно разуменне: самі мы не зможам абнаўляць інфармацыю па касцёлах, таму трэба была каманда валанцёраў-парафіянаў. Напачатку ў нашых планах было рэалізаваць праект для Мінска і ахапіць прыкладна 17 парафій.
Наступным крокам стаў макет дызайну старонкі. З гэтымі распрацоўкамі мы звярнуліся да арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.
– Як успрыняў прапанову іерарх?
– Арцыбіскуп Тадэвуш уважліва выслухаў нас і сказаў: “Дзе ж вы былі раней”?! Тады нам стала зразумела: праект распачынаецца.
Потым мы прадставілі ідэю святарам, абмеркавалі працэс пошуку валанцёраў, атрымалі пазітыўныя водгукі і крытыку. І пачалі працаваць. Такім чынам, ад ідэі да пачатку яе рэалізацыі прайшло крыху больш за год. Сайт пабачыў свет вясной 2018 года.
– Як працуе каманда? Каманда праекту “imsha.by” – якая яна сёння?
– На сённяшні дзень нашую каманду можна ўмоўна падзяліць на дзве часткі. Першая частка – тэхнічная – налічвае больш за 20 чалавек. Спецыялісты працуюць над падтрымкай і забеспячэннем функцыянавання сістэмы сайта. Такое, здаецца, незаўважнае служэнне, але без яго праекту б не існавала. Напрамкі абслугоўвання розныя: пачынаючы ад дызайну і бізнес аналітыкі, і заканчваючы функцыяналам, не зусім зразумелым для простага чалавека, кшталту SEO, frontend- і backend-распрацовак і інш.
Другая частка каманды – валанцёры ў парафіях. Яны збіраюць актуальную інфармацыю пра Імшы і абнаўляюць яе. Дарэчы, валанцёраў на сённяшні дзень каля двухсот чалавек. І гэта вельмі шырокая аўдыторыя – ад школьнікаў да пенсіянераў.
Мы вельмі шмат працавалі і працуем, каб актуалізацыя раскладаў для нашых валанцёраў была максімальна простай і зразумелай. Гэты працэс займае сёння прыкладна хвіліну, але вельмі важна, каб абнаўленне было штотыднёвым.
Унікальнасць сістэмы
– Вы распавядаеце пра праект, як бацькі распавядаюць пра сваё дзіця. І тут сапраўды ёсць чым ганарыцца?
– Так, гэта праўда. Калі вы будзеце шукаць падобную сістэму ў свеце, паверце, вы яе не знойдзеце: яна ўнікальная і існуе толькі ў Беларусі. Напачатку мы праводзілі поўны аналіз замежных рэсурсаў, шукалі нейкія падобныя сайты, але не знайшлі, таму стварылі свой. Паколькі сістэма абсалютна ўнікальная, нам не было адкуль браць прыклады для распрацовак. Метадам спробаў і памылак удзельнікі самі стваралі сістэму, абмяркоўвалі з валанцёрамі, атрымлівалі зваротную сувязь і перараблівалі зноў.
Галоўная мэта заставалася нязменнай: зрабіць, каб сістэма абнаўлення была зразумелай валанцёрам, каб валанцёры рэгулярна абнаўлялі праграму, а карыстальнікі сайта атрымлівалі актуальную інфармацыю і сустракаліся з Эўхарыстычным Хрыстом.
На сённяшні дзень праект ахоплівае 231 парафію з усіх дыяцэзій Беларусі.
Цяжкасці, радасці, планы і мары
– З якімі цяжкімі момантамі сустракаецца каманда?
– Наш праект – поўнасцю валанцёрскі. Гэта азначае, што супрацоўнікі каманды маюць свае сем’і, месцы працы, абавязкі па-за сайтам. Вядома ж, часам не хапае ні сіл, ні часу займацца ўсім і адразу, чалавек выгарае. Але тут мы прыходзім адно аднаму на дапамогу, бо навучыліся ўзаемаразуменню і ўзаемападтрымцы. Апошнімі часамі да праекту рэдка далучаюцца новыя парафіі, і мы не ведаем, як знайсці падыход, “дастукацца” да святароў і валанцёраў, з парафій, якіх няма ў сістэме.
– Дарэчы, а як можна стаць валанцёрам праекту?
– Трэба проста націснуць на сайце “стаць валанцёрам”, запоўніць форму, нашыя супрацоўнікі звяжуцца з вамі і патлумачаць дэталі.
– Якія нагоды для радасці ёсць у каманды?
– Іх шмат, і справа ўжо не толькі ў нейкіх статыстычных дасягненнях. Напрыклад, для прадстаўнікоў тэхнічнай каманды ўдзел у праекце стаў штуршком да ўдасканальвання ведаў і прафесійных магчымасцяў. Мы ўжо аднадумцы і сябры, якія разумеюць адно аднаго з паўслова. А нашыя валанцёры не проста актуалізуюць расклады, але і распавядаюць пра сайт у сваім асяроддзі.
Зусім нядаўна свет пабачыла карта Імшаў, над якой каманда доўга працавала. Цяпер, выбіраючы адпаведны час, карыстальнікі сайта могуць убачыць на карце парафіі, дзе будзе цэлебравацца Імша.
– Планы і мары ў сэнсе развіцця праекту, якія яны?
– Нам вельмі хочацца, каб як мага больш парафій з’явілася ў нашай сістэме. А ў перспектыве – каб інфармацыя была не толькі на нашым сайце, але і на іншых інфармацыйных рэсурсах. Таксама мы б маглі дапамагаць ствараць падобныя праекты для Касцёла ў іншых краінах свету. Але галоўнае жаданне і мэта праекту – дапамагчы прыйсці на сустрэчу з жывым Госпадам кожнаму, хто мае ў гэтым патрэбу.
Размаўляла Вікторыя Філіпенка
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!


