Дэвід О’Конэл, дапаможны біскуп архідыяцэзіі Лос-Анджэлеса, вядомы сваім служэннем мігрантам, бедным і ахвярам гвалту з выкарыстаннем зброі, быў застрэлены ў суботу, 18 лютага 2023 г.
Як паведамляе CNA са спасылкай на заяву дэпартамента шэрыфа акругі Лос-Анджэлес, напад адбыўся каля 13.00 у доме, дзе жыў біскуп. 69-гадовы О’Конэл быў знойдзены мёртвым з агнястрэльным раненнем тулава. Паліцыя праводзіць расследаванне, але на дадзены момант ніякіх падрабязнасцяў не паведамляецца.
Біскуп Дэвід О’Конэл нарадзіўся ў Ірландыі ў 1953 годзе. Пасля прыняцця пасвячэння ў 1979 годзе быў накіраваны на служэнне ў архідыяцэзію Лос-Анджэлеса. У якасці святара ён служыў у некалькіх парафіях у паўднёвым Лос-Анджэлесе, дзе служыў супольнасцям, якія пакутуюць ад праблем банд, беднасці, разбітых сем’яў і напружанасці паміж мясцовымі жыхарамі і паліцыяй, якая вылілася ў масавыя беспарадкі ў 1992 годзе, піша Angelus News. Як засведчыў О’Конэл на Капіталійскім пагорку, хваляванні прывялі да гвалту і шырокага разбурэння, асабліва ў яго парафіі. Па вяртанні стаў актыўна дапамагаць у аднаўленні раёна — і ў аднаўленні даверу паміж гараджанамі і праваахоўнікамі, за што яго звалі «Міратворац».
Галоўнымі прыярытэтамі Дэвіда О’Конэла ў якасці біскупа былі аздараўленне сем’яў, евангелізацыя, душпастырства мігрантаў і развіццё каталіцкіх школ. Ён лічыў, што парафіі і школы з’яўляюцца магутнымі інструментамі для змены жыцця асобных людзей і цэлага раёна. Ён таксама ўзначальваў падкамітэт чалавечага развіцця Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ЗША. Але, нягледзячы на свае ўшанаванні і рэгаліі, біскуп О’Конэл славіўся сваёй стрыманасцю, сціпласцю і прыземленасцю: найбольш камфортна ён адчуваў сябе сярод простых працаўнікоў, якім служыў усё жыццё.
“У маім жыцці было вялікай радасцю быць пастырам для гэтых людзей, асабліва для тых, хто пакутуе, мае патрэбу або сутыкаецца з цяжкасцямі, — сказаў О’Конэл пасля свайго прызначэння біскупам у 2015 г. – Яны кранулі маё сэрца сваёй шчырасцю”.
«Ён быў міратворцам з сэрцам, адкрытым для бедных і мігрантаў, і меў жаданне будаваць супольнасць, дзе святасць і годнасць кожнага чалавечага жыцця паважаюцца і абараняюцца», — сказаў арцыбіскуп Хасэ Гомес, ардынарый Лос-Анджэлеса. «Ён таксама быў добрым сябрам, і я буду сумаваць па ім». Няхай Маці Божая Гвадэлупская ахіне яго плашчом сваёй любові, няхай анёлы прывядуць яго на неба, і няхай ён спачывае з мірам».
Пераклад з credo.pro
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!


