Маладзёжная місія «Чыстае сэрца» правяла 23 мая ў Палацы прафсаюзаў у Мінску дабрачынны канцэрт дзяцей і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі, дзяцей-сірот у падтрымку хворых дзяцей, паведамляе Крыніца.info.
На сабраныя падчас канцэрта сродкі будуць зробленыя падарункі ўсім дзецям, якія праходзяць лячэнне і рэабілітацыю ў анкацэнтры ў Бараўлянах.
Перад канцэртам ўсе жадаючыя маглі таксама наведаць выставу прыкладнай творчасці выхаванцаў дзіцячых дамоў і інтэрнатаў, паўдзельнічаць у майстар-класах.
Канцэрт прайшоў у рамках «Фестывалю чыстых сэрцаў», прымеркаванага да Міжнароднага дня абароны дзіцяці. Ужо чацвёрты год запар фестываль дае магчымасць рэалізавацца таленавітым, творчым дзецям з інтэрнатных навучальных устаноў і разам з тым падарыць радасць хворым на рак дзецям.
Маладзёжная місія «Чыстае сэрца» — рэлігійная арганізацыя, заснаваная каталіцкім мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам для дабрачыннай дзейнасці паводле прынцыпаў хрысціянскай міласэрнасці і прапаганды агульначалавечых каштоўнасцяў. Місія прыняла на сябе заданне рэалізацыі і прапаведвання хрысціянскіх каштоўнасцяў у сучасным грамадстве ў Беларусі.
