Касцёл не робіць істотнай розніцы паміж малітвай перад табэрнакулюмам і малітвай перад Панам, які выстаўляецца ў манстранцыі падчас эўхарыстычнай адарацыі. У ватыканскім дакуменце аб Эўхарыстыі гаворыцца: «Выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, альбо ў цыборыю, альбо ў манстранцыі, прыцягвае вернікаў да ўсведамлення высокай прысутнасці Хрыста і запрашае іх да ўнутранай еднасці з Ім. Такім чынам, гэта моцнае заахвочванне да культу Хрыста ў духу і праўдзе» (Eucharisticum Mysterium, № 60).
Такім чынам, абедзве формы адарацыі заслугоўваюць хвалы. Але хоць істотнай розніцы няма, можа быць суб’ектыўна іншы вопыт. У адарацыі перад Найсвяцейшым Сакрамантам, выстаўленым у манстранцыі, ёсць візуальны аспект, які дапамагае многім заставацца больш засяроджанымі. У гэтым сэнсе можна сцвярджаць, што эўхарыстычная адарацыя перад манстранцыяй «лепшая». Але варта адзначыць, што асабістыя фактары, такія як расклад набажэнстваў або перавага цішэйшых, карацейшых або больш прыватных візітаў да Хрыста, таксама могуць паўплываць на тое, што для вас “лепшае”.
Справа ў тым, што Касцёл заахвочвае да пабожнасці да Найсвяцейшага Сакраманту. Такая пабожнасць, якая выражаецца праз наведванне, адарацыю, знакі пашаны (праз паклоны, кленчанне і знак крыжа пры ўваходзе ў храм ці праходзячы каля табэрнакулюма) — усё гэта прызнанне ўзнёслай прысутнасці Пана ў Найсвяцейшым Сакраманце.
кс. Чарльз Поўп, simplycatholic.com
Пераклад Марыны Сінкевіч
