Падзея ў Істлі, Англія, стала яшчэ адным прыкладам таго, што на практыцы азначаюць «разнастайнасць» і «мультыкультуралізм»: на самой справе гэта выцясненне хрысціянства з грамадскіх месцаў. Аднак на гэты раз бацькі не засталіся пасіўнымі і сказалі рашучае «не» дырэктару школы, якая вырашыла «адмяніць» Вялікдзень.
4 красавіка 2025 года каля 50 членаў мясцовага касцёла сабраліся каля пачатковай школы Норвуд у Істлі, каб выступіць супраць рашэння дырэктара школы Стэфані Мандэр. Яна вырашыла адмяніць школьны велікодны парад і велікоднае набажэнства, паведамляе The Telegraph.
Гэта дзяржаўная школа, а не канфесійная; але святкаванне Вялікадня там было старажытнай, усталяванай традыцыяй. Нягледзячы на гэта, дырэктар навучальнай установы вырашыла, што традыцыя неабавязковая — паколькі, на яе думку, «хтосьці можа палічыць абразлівым» святкаванне хрысціянскіх святаў.
Іншымі словамі, паводле гэтага педагога, мультыкультуралізм азначае адсячэнне ад сваіх каранёў, культурную мімікрыю. Дырэктар не раілася з бацькамі, а проста паведаміла школьную супольнасць лістом: «гэта змяненне можа некаторых расчараваць, асабліва тых, хто гадамі шанаваў гэтыя традыцыі».
Мультыкультуралізм, талерантнасць, разнастайнасць або «інклюзіўнасць» — ключавыя словы, якія ў ліберальна-левацкім мысленні азначаюць прама супрацьлеглае таму, што яны, здаецца, азначаюць. Іх варта чытаць наступным чынам: мультыкультуралізм азначае адмаўленне ад уласнай культуры, талерантнасць — нецярпімасць да хрысціянства, разнастайнасць — навязванне чужых культурных мадэляў, інклюзіўнасць — выключэнне хрысціян з грамадскай сферы.
Вось абгрунтаванне, прапанаванае дырэктарам Мандэр: «Мы лічым, што гэтае рашэнне адпавядае нашым каштоўнасцям інклюзіўнасці і павагі да разнастайнасці. Мы вывучаем альтэрнатыўныя спосабы святкавання гэтага свята ў будучыні, якія б уключалі ўсіх дзяцей і адлюстроўвалі багатую культурную разнастайнасць нашай супольнасці».
Вернікі і бацькі дзяцей сабраліся каля школы, каб выказаць свой рашучы пратэст. «Калі я вучылася ў школе, хрысціянства было вельмі важнай яе часткай», — кажа Мэры Пігні. «Як і многія іншыя, я лічу, што хрысціянскія асновы сапраўды карысныя для дзяцей і грамадства. Хрысціяне стаміліся ад таго, што іх выцясняюць і абражаюць».
Пратэстуючы Роб Оўэн падкрэслівае: «Мы тут, каб паказаць, што Вялікдзень — гэта частка нашай культуры і традыцый, і яе трэба падтрымліваць». Мы тут, каб падтрымаць хрысціянства і яго традыцыйныя святы».
Па матэрыялах credo.pro
пераклад Марыны Ткач
