“Бог не памыляецца”. Жыццёвы шлях да капуцынаў брата Андрэя Багдановіча

Мяне завуць брат Андрэй Багдановіч, я капуцын. Нарадзіўся ў вёсцы Палонка Баранавіцкага раёна ў 1993 годзе. Мой тата паходзіў з каталіцкай сям’і, мама – з праваслаўнай, бацькі ўзялі шлюб у касцёле. Мая сям’я вялікая: я – старэйшы брат і маю яшчэ чатырох сясцёр.

— Як адбыліся Вашыя першыя крокі ў хрысціянства?

— Ад самага дзяцінства ў касцёл мяне вадзілі дзядуля і бабуля. Прыкладна ў пяць-шэсць гадоў я ўжо служыў міністрантам. Канешне, на той момант гэтае служэнне выглядала проста: я ў комжы стаяў пры алтары, нешта там падаваў, дапамагаў святару.

Наогул да моманту, калі пачаў служыць міністрантам, найчасцей у касцёле я задаваў бабулі адно і тое ж пытанне: “Ці доўга яшчэ?” Літургія была на польскай мове, не вельмі ўсведамляў, што адбываецца. Шчыра кажучы, было крыху сумна. Калі стаў міністрантам, стала больш цікава і зразумела.

— Чым увогуле цікавіўся і як жыў хлопчык Андрэй? Ці спалучалася жыццё свецкае з жыццём рэлігійным?

Я цікавіўся шматлікімі рэчамі. Асабліва любіў чытаць, займаўся спортам. У вёсцы жыццё заўсёды насычанае і разнастайнае, асабліва, калі ў ім няма тэлефонаў і камп’ютараў. Прыкладна да 13-14 гадоў я паспяхова спалучаў рэлігійнае жыццё са штодзённым свецкім. А потым настаў момант, калі на некалькі гадоў я адышоў ад Касцёла.

— Як Вы лічыце, чаму так адбылося?

Тут ёсць некалькі прычын. Па-першае, я не меў упэўненасці, што да канца веру ў тое, што бачу і чую ў касцёле. Хутчэй, гэта была традыцыя, вера ў Бога, якую мне пераказалі старэйшыя, вера, у якой я не меў уласнага пераканання.

Па-другое, кампанія маіх сяброў-аднагодкаў. Яны былі далёка ад касцёла. Мы мелі іншыя погляды на тое, як варта праводзіць свой час. У нас былі розныя новыя захапленні: хіп-хоп культура, музыка, танцы, звязаныя з ёй. Таксама мяне захапілі камп’ютарныя гульні, ім я прысвячаў шмат часу. Былі дыскатэкі, пошукі новых знаёмстваў. Я дзіўлюся, як Бог захаваў мяне ў гэты перыяд ад нейкіх цяжкіх і агідных грахоў. Але тады здавалася, што рэлігійнае жыццё і вера – гэта нешта неістотнае і непатрэбнае ў маім жыцці.

Да 16 гадоў я кіраваўся іншымі інтарэсамі, будаваў, як мне здавалася, больш цікавае, прыемнае жыццё.

— Як адбылося Вашае вяртанне ў Касцёл?

У Касцёл мяне вярнула смерць бабулі. Дзядуля і бабуля жылі побач з намі, таму я праводзіў у іх вельмі шмат часу: там я вучыў урокі, там я начаваў, там мог жыць па некалькі дзён. Бабуля стала для мяне другой мамай. Калі яна памерла, мне было вельмі цяжка, і ўсё здавалася бессэнсоўным: і мае сябры, і жыццё, якое я вёў.

У той момант з’явілася думка: “Калі ўсё заканчваецца смерцю, то навошта ўвогуле штосьці рабіць, да чагосьці імкнуцца?” Адказы на гэтыя пытанні я знайшоў у Касцёле. Бо Касцёл казаў пра вечнае жыццё, пра тое, што смерць – не канец. Гэта былі словы надзеі, я зноў пачаў іх шукаць, зноў пачаў маліцца, задаваць Богу пытанні. І тады Бог з вялікай моцай пачаў дзейнічаць у маім жыцці.

— Як праяўлялася тое Божае дзеянне?

Літаральна праз месяц пробашч маёй парафіі прапанаваў паехаць на “Дзень адчыненых дзвярэй” у Пінскую семінарыю. Я тады ўвогуле не ведаў, што такое семінарыя. Убачыў шмат маладых людзей, пачуў спевы семінарыйнага гурта “Подых Духа”. Там я ўсвядоміў, што Касцёл – гэта штосьці жывое, тое, чаго я не ведаў раней.

А потым мая знаёмая запрасіла мяне ў пілігрымку з Баранавіч у Будслаў. Я не ведаю як, але я згадзіўся. Самае цікавае, што я пайшоў, а тая сяброўка не пайшла.

І я крочыў паўдня адзін, нікога не ведаў, ні з кім не размаўляў. А потым да мяне падышла дзяўчына і запрасіла ў сваю кампанію. Так распачаліся дзевяць дзён маёй пілігрымкі, якія вельмі мяне змянілі.

— А ці памятаеце Вы свой першы фэст у Будславе?

Шчыра кажучы, не памятаю. Усе яны зліліся ў адзін вялікі ўспамін, бо на працягу наступных дзесяці гадоў я хадзіў у Будслаў з Баранавіч і нават з Брэста. Для мяне больш істотным быў сам шлях, знаёмствы з аднадумцамі. Гэта была магчымасць вырвацца з кантэксту звычайнага жыцця і перажываць сваю веру зусім інакш.

Пілігрымкі для мяне сталі духоўнай зарадкай, батарэйкай, адкуль я чэрпаў энергію на ўвесь год і ажываў духоўна. У Будславе заўсёды ўражвала начная працэсія са свечкамі і неверагодная колькасць людзей, начныя чуванні, канцэрты. Там я бачыў людзей з іх жывой верай і гэта натхняла.

— Калі Вы зразумелі, што Бог кліча за Сабой?

Сваё пакліканне я адчуў, яшчэ калі першы раз патрапіў у Пінскую семінарыю. Там я ўбачыў маладых хлопцаў, якія згадзіліся менавіта так перажываць свой жыццёвы шлях. У сэрцы я разумеў, што таксама хачу пайсці гэтай дарогай, што яна мне падабаецца, што на гэтую дарогу мяне запрашае Бог.

У якую семінарыю паступалі і чаму?

Я паступаў у Пінскую семінарыю. На той момант гэта быў адзіны шлях служэння Богу, які быў мне вядомы. Па-першае, я быў з Пінскай дыяцэзіі, а па-другое, меў брашурку са спісам дакументаў для паступлення. Гэтая інфармацыя вельмі мне дапамагла.

— Якім было Вашае семінарыйнае жыццё?

Вучыцца ў семінарыі было нескладана, бо я меў здольнасці. Ужо сёння я разумею, што з-за сваёй маладосці шмат часу я змарнаваў.

У семінарыйным жыцці ўзгадваецца шмат цікавых момантаў. Напрыклад, кожныя паўгода мы жылі ў розных пакоях з рознымі братамі ў пакліканні. Гэта было зроблена для таго, каб навучыцца жыць у розных умовах з рознымі людзьмі. Паколькі большасць семінарыстаў – маладыя людзі, быў час і для весялосці, і для жартаў.

Мне вельмі падабалася, што мы маглі рэалізаваць сябе ў творчых напрамках. Хтосьці спяваў ці іграў у музычным гурце “Подых Духа”, хтосьці заглыбляўся ў розныя прадметы, хтосьці служыў у валанцёрскіх праектах.

Былі і крызісы. Але мяне ратавала дзіўная звычка: звечара я некалькі разоў пісаў заяву на акадэмічны адпачынак або каб адысці з семінарыі. А раніцай прачынаўся і прыходзіла думка, што не ўсё так дрэнна, што яшчэ магу застацца ў семінарыі – і заставаўся.

Увогуле, першыя гады ў семінарыі я задаваў сабе пытанне : навошта я тут? Сапраўдная свядомасць паклікання з’явілася, калі пасля трэцяга курса я паехаў на практыку ў Гомель.

— Што такога незвычайнага было на той практыцы?

Там я ўбачыў людзей. Гэтыя людзі не проста чыталі Евангелле, але і жылі ім.

Я зразумеў, што жыццё Божым словам – гэта не тэорыя, не ідэя, гэта цалкам магчымае жыццё ў супольнасці людзей, у Касцёле. Пасля трэцяга курса я пачаў усведамляць, што Бог не памыліўся, а святарства – маё сапраўднае пакліканне.

— Падчас вучобы ў семінарыі ці прыходзіла да Вас думка пра манаскае жыццё?

Думкі пра манаства пачалі з’яўляцца на пачатковых курсах семінарыі. Я для сябе адкрыў, што апроч шляху дыяцэзіяльнага святарства ёсць шлях манаскага жыцця, мяне гэты шлях захапіў. Я захацеў быць манахам, але не ведаў, у якім ордэне. Таму пайшоў да першых манахаў, каторых сустрэў. Гэта былі кармеліты. Яны вучыліся з намі ў семінарыі. Я прыйшоў да духоўнага айца, каторы быў кармелітам, і сказаў: “Вось я, прымайце мяне”.

Але айцец быў мудры і прапанаваў спачатку падумаць і запэўніў: калі ёсць манаскае пакліканне, то з часам яно нікуды не дзенецца.

Крыху пазней я паехаў у Рым, там сустрэўся з манахам-бэнэдэктынцам. Ён распавёў мне, што спачатку 33 гады быў дыяцэзіяльным святаром, а толькі потым пайшоў у манастыр. Тады падумаў: “Значыць, і я маю час, няма куды спяшацца”.

Трэба сказаць, я часта разважаў над пакліканнем да манаскага жыцця. Разважаў і над кантэпляцыйнымі кляштарамі, там, дзе браты праводзяць усё жыццё ў маўчанні, і над законамі, дзе ўвогуле няма кляштараў, а браты жывуць у беднасці, прапаведуючы Евангелле. Між тым працягваў вучобу ў дыяцэзіяльнай семінарыі.

— А што было пасля таго, як вучоба ў семінарыі скончылася?

Пасля заканчэння семінарыі было размеркаванне. Я чакаў, у якую парафію мяне прызначыць біскуп, але быў яшчэ замалады, каб прыняць сакрамант святарства – не меў 24 гадоў.

Тады я вельмі хацеў у Гомель. На той момант мне гэта здавалася немагчымым. Але я маліўся, і нечаканай ласкай для мяне стала, што біскуп прызначыў мяне ў Гомель. Паўгода я служыў там дыяканам: вёў катэхезу, праводзіў набажэнствы, знаёміўся з пачаткам сапраўднага душпастырскага служэння.

Святарскае пасвячэнне я атрымаў 21 лістапада 2017 года і застаўся вікарыем у Гомелі. Гэта быў цікавы, цудоўны досвед служэння. Я сустрэў людзей, якія самі ў дарослым узросце адкрывалі Бога і свядома шукалі з Ім адносінаў.

Я вельмі ўдзячны майму першаму пробашчу. У Гомельскай парафіі мы служылі ўдваіх, бліжэйшы святар жыў недзе за 70 кіламетраў ад нас. Ксёндз-пробашч арганізаваў наш побыт так, што была і малітва, і разважанне над Божым словам, і насычанае духоўнае жыццё. І ўсё гэта ў сапраўдным братэрскім духу. Мне вельмі падабалася там служыць, але біскуп прыняў рашэнне накіраваць мяне на вучобу, што стала пачаткам пераменаў.

— Што гэта была за вучоба?

Я распачаў вучобу ў Люблінскім каталіцкім універсітэце і меў святарскае служэнне ў Брэсце, у парафіі Узвышэння Святога Крыжа. Так атрымалася, што тры дні на тыдзень я быў студэнтам, чатыры дні – вікарыем у парафіі. Гэта было цяжка фізічна і псіхалагічна. Я стараўся па магчымасці спалучаць служэнне ў парафіі і вучобу. Мне здаецца, што напружанне з гэтага часу і стала адной з прычынаў духоўнага крызісу. Менавіта тады Бог пачаў дзейнічаць у маім жыцці вельмі цікавым чынам. Я зразумеў, што калі не ратаваць сваё святарства, паглыбляючы духоўнасць, то ўнутры з’яўляецца пустка. Гэтую пустку я адчуваў, хоць знешне спраўляўся са сваімі абавязкамі, многія рэчы ў мяне атрымліваліся, людзі былі ўдзячнымі за служэнне. Але я адчуваў, што не магу ўжо даваць іншым, бо сам нічога ўнутры сябе не маю.

— Ці адчувалі Вы Божае дзеянне падчас гэтага крызісу?

Так, дзеянне гэтае было вельмі моцным. Я ўспомніў пра пакліканне да манаскага жыцця. І на той момант мне здалося, што гэта адзінае выйсце.

— І вы з лёгкасцю пакінулі ўсё і пайшлі ў манастыр?

Не, гэта быў сапраўды цяжкі крок. Я ўжо скончыў семінарыю, меў святарскае служэнне, а зараз патрэбна было наноў распачынаць фармацыю ў манастыры. Гэта як быццам дарослы чалавек вяртаецца ў дзіцячы садок. Не адзін месяц я разважаў над гэтым.

— Чаму Вы вырашылі пайсці менавіта да капуцынаў?

Акурат у той час у нашую парафію прыехаў святар, які некалькі месяцаў жыў у гэтай супольнасці. Яму падабаліся капуцыны, ён часта іх хваліў і захапляўся. Тады я пачаў цікавіцца гэтым ордэнам, чытаць пра іх жыццё, фармацыю і харызмат. Тое, што я даведаўся, мне вельмі спадабалася. Тым больш, што я і раней захапляўся духоўнасцю святога Францішка. Тады я задумаўся: “А чаму не”? І вырашыў паразмаўляць і з біскупам, і з настаяцелем капуцынаў пра тое, чаго я хачу і чаго шукаю.

— Як адбыўся ваш пераход да капуцынаў?

Я сустрэўся з тагачасным кусташам капуцынаў у Беларусі, і пасля гэтай сустрэчы ведаў, што браты гатовыя прыняць мяне на фармацыю. Справа заставалася за адным: размаўляць з біскупам. Паводле кананічнага права, я мог разлічываць, што біскуп дазволіць мне пайсці з дыяцэзіі і распачаць манаскую фармацыю. Для мяне важнай была гэтая паслухмянасць. Гэтая справа расцягнулася прыкладна на дзевяць месяцаў. У гэты час я з дазволу біскупа мог прыбываць у розных парафіях, дзе служылі капуцыны: у Маладзечне і Докшыцах. Там я знаёміўся з бытам і жыццём братоў.

Што цікава, доўгачаканы дазвол я атрымаў акурат за некалькі дзён да распачацця навіцыяту. Мне давялося вельмі хутка збіраць рэчы, вырашаць справы і ехаць у Польшчу, каб распачынаць там манаскую фармацыю.

— Якімі сталі для Вас першыя крокі ў манастве?

Навіцыят – гэта год пачатковай фармацыі з даволі вялікімі абмежаваннямі ў кантактах са знешнім светам. У гэты час я прыняў манаскае адзенне і паглыбляў свае веды пра харызмат і духоўнасць святога Францішка. Для мяне гэта быў шанец, каб перажыць нанова многія моманты, якія праз маладосць прапусціў у пачатковай фармацыі ў семінарыі.

Як удавалася знайсці агульную мову з хлопцамі, якія толькі распачыналі свой шлях да святарства? Я вельмі лёгка прымаю іншых людзей, таму не было асаблівых цяжкасцяў у стасунках з братамі. Праўда, здараліся цікавыя сітуацыі. Маладыя хлопцы маюць вельмі высокія ідэалы. Не ў значэнні “высокія духоўна”, а свае асабістыя ідэальныя схемы духоўнага жыцця. Я сутыкаўся з прэтэнзіямі, што не так малюся, ці нешта раблю не так. З досведу майго служэння гэта выглядала крыху смешна.

— А ці неслі Вы падчас навіцыяту святарскую паслугу?

Цікава, але падчас навіцыяту я меў пэўныя абмежаванні: не мог самастойна адпраўляць святую Імшу (толькі канцэлебраваць), казаць гаміліі і спавядаць. Напачатку гэта стала для мяне выпрабаваннем, але потым я зразумеў, што ўся святарская ўлада і магчымасць служэння, якія я маю, не з’яўляюцца маёй уласнасцю. Маё святарства – гэта ўласнасць Бога, дадзеная праз Касцёл. І калі Касцёл кажа: “Пачакай”, то я не магу мець ні бунту, ні прэтэнзіі. Я магу толькі прыняць такое рашэнне. Тут я вучыўся пакоры і адказам на пытанні: “Кім я ёсць і чаго я хачу”.

— Як склалася Ваша жыццё пасля заканчэння навіцыяту?

Пасля складання першых часовых шлюбаў было прынята рашэнне скіраваць мяне на вучобу. Дакладней, я павінен быў скончыць навучанне ў Люблінскім універсітэце. Я зноў стаў студэнтам і скончыў вучобу. Засталося толькі напісанне і абарона доктарскай працы.

Але пры гэтым я жыў у супольнасці капуцынаў, меў чарговы год пачатковай фармацыі. У гэты час прызвычайваўся да жыцця ў кляштары і супольнасці. Там было вельмі шмат паслугі бедным, убогім, галодным, хворым. Увогуле гэта вельмі тыпова для капуцынаў – ісці туды, куды ніхто не хоча ісці.

— Ці мелі Вы нейкае паслабленне ў сувязі з тым, што прыйшлі ў закон ужо будучы святаром?

Увогуле фармацыя ў капуцынаў выглядае наступным чынам: год пастулату – калі чалавек з’яўляецца кандыдатам на паступленне ў ордэн; пасля ідзе навіцыят, калі манах атрымлівае адпаведнае адзенне і перажывае больш інтэнсіўны час харызматычнай фармацыі, а пасля складае першыя абяцанні жыць паводле Евангелля ў чысціні, паслухмянасці і беднасці; наступныя два гады – гэта больш поўнае вывучэнне гісторыі ордэна, паглыбленне ў харызматычнае жыццё. Звычайна на другі год гэтага перыяду тыя, хто хоча ісці ў семінарыю, ідуць туды. У маім выпадку ў семінарыю ісці было не трэба, але я разам з братамі перажываў гэты час, каб не толькі знешне стаць капуцынам, але і змяніць свой падыход да жыцця.

Зараз я якраз распачынаю другі год пасля навіцыяту. Гэта чацвёрты год пачатковай капуцынскай фармацыі.

— Што б сёння Вы сказалі маладому чалавеку, які адчувае голас паклікання, але па нейкіх прычынах не можа вырашыцца на гэты крок?

Я перакананы, што праўдзівае пакліканне можна выбраць тады, калі ведаеш і адну, і другую дарогі. І калі не паспрабаваць дарогу духоўнага жыцця, то ніколі не даведаешся, ці твая гэта дарога. Таму, калі маеш у сэрцы хоць намёк на пакліканне, варта паспрабаваць вырушыць гэтым шляхам, каб адкрыць яго для сябе.

Размаўляла Вікторыя Філіпенка

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі