Біскуп Атаназій Шнайдар прадставіў сваю кнігу ў касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску (+відэа)

4 лістапада ў канферэнцыйнай зале катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага ў Віцебску адбылася сустрэча з біскупам Атаназіем Шнайдарам, падчас якой ён прадставіў сваю кнігу “Christus Vincit” (Хрыстос перамагае).

Кніга пачынаецца з аповеду пра гісторыю сям’і біскупа. У гэтай частцы шмат гаворыцца пра захаванне веры падчас нападкаў на Каталіцкі Касцёл з боку савецкай улады і падкрэсліваецца роля прыклада сям’і ў выхаванні добрага хрысціяніна. Таксама распавядаецца пра яго жыццё ад падлеткавага ўзросту і аж да служэння ў Казахстане. Фактычна, кніга з’яўляецца біяграфіяй.

У кнізе прадстаўлены і думкі аўтара аб касцельным і культурным жыцці Казахстана, Расіі і Еўропы. Паказваецца вялікая роля захавання духоўных традыцый. Адной з мэтаў напісання гэтай кнігі аўтар называе вяртанне католікам, якія будуць яе чытаць, веры і надзеі на перамогу Хрыста над цемрай граху і смерці.

Біскуп Атаназій таксама нагадвае ў сваёй кнізе пра пакліканне кожнага хрысціяніна бараніць і распаўсюджваць сваю веру як сярод няверуючых, так і сярод веруючых. Каб адны навярталіся, а другія ўзмацняліся.

Пасля прэзентацыі шаноўны іерарх адказаў на шматлікія пытанні зацікаўленых слухачоў.

Атаназій Шнайдар з’яўляецца дапаможным біскупам архідыяцэзіі святой Марыі (Астана). Ён прыбыў у Беларусь з Казахстана, каб прыняць удзел у міжнародным малітоўным кангрэсе ў абарону жыцця, які ў гэтым годзе адбываецца ў Навагрудку з 4 па 7 лістапада.

Лаліта Арлоўская, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку