Білет тут не патрэбны. У Польшчы запрацаваў «аўтобус цяпла» для дапамогі патрабуючым

У рамках штогадовай ініцыятывы па дапамозе патрабуючым у польскім горадзе Жэшув ужо запрацаваў «аўтобус цяпла» — перасоўная кухня для бяздомных і ўсіх, хто хоча падсілкавацца гарачай ежай. Гэты важны праект з’яўляецца сумеснай ініцыятывай гарадскога цэнтра сацыяльнай дапамогі ў Жэшуве, гарадскога камунікацыйнага прадпрыемства і таварыства дапамогі святога Брат Альберта.

«Аўтобус цяпла» ходзіць з панядзелка па пятніцу, спыняючыся ў некалькіх стратэгічных кропках горада. Аўтобус будзе курсіраваць па горадзе да сакавіка.

Падтрымка тых, хто мае патрэбу

«Аўтобус цяпла» асабліва важны восенню і зімой, калі бяздомным і малазабяспечаным людзям цяжка атрымаць гарачае харчаванне і абагрэцца. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у Жэшуве налічваецца каля 100 бяздомных, якія часта сутыкаюцца не толькі з пошукам зручнага месца для сну ці адзення, але і з рэгулярным доступам да ежы.

«Мы хочам працягнуць руку да людзей, якія маюць патрэбу. Не толькі тых, хто пацярпеў ад крызісу бяздомнасці, але і ўсіх тых, каму трэба што-небудзь паесці цёплае», — кажуць у мэрыі Жэшува.

Дапамога без умоў

Арганізатары падкрэсліваюць, што дапамогу яны аказваюць незалежна ад стану чалавека. «Нават калі бяздомны знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення, але не скандаліць, мы не адмаўляем у хуткай дапамозе і харчаванні», — адзначаюць яны. Бяздомныя, якія прыходзяць у «аўтобус цяпла», атрымаюць не толькі цёплую ежу, але і вопратку, і магчымасць памыцца.

Аўтобусамі кіруюць кіроўцы, якія аплачваюцца горадам. Стравы гатуюць кухары Таварыства дапамогі св. Брат Альберта. Дапамогу аказваюць і жыхары прытулку.

Штодня кухары вараць літры супу, таму кожная пара рук па чыстцы цыбулі або бульбы на вагу золата.

Паводле pl.aleteia.org
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку