Біблійны лексікон: Вера

У папярэднім матэрыяле нашай рубрыкі ў цэнтры ўвагі была надзея – цнота, якой у Каталіцкім Касцёле прысвяцілі юбілейны 2025-ы год. Сёння мы працягнем нашыя біблійныя разважанні над іншымі тэалагічнымі цнотамі, на гэты раз засяроджваючыся на веры.

Бачыць нябачнае

“Вера – гэта зарука таго, на што мы спадзяёмся, і доказ таго, чаго мы не бачым” – так гучыць класічнае апісанне гэтай цноты ў Пасланні да Габрэяў (Гбр 11,1), дзе мы бачым таксама сувязь паміж цнотамі веры і надзеі. Інакш кажучы, вера – гэта асаблівая здольнасць (“суперздольнасць”, як я люблю казаць дзецям), каторая дазваляе “бачыць нябачнае”. Гэтае “шостае пачуццё” дае магчымасць успрымаць бок рэчаіснасці, недаступны нашым звычайным органам пачуццяў, а ён тым часам з’яўляецца самым важным: бо духоўнае ёсць вечным, у той час як матэрыяльнае мінае. Людзі, якія ігнаруюць духоўную рэчаіснасць, нібы не бачаць у будынку падмурка (нябачнага, бо схаванага пад зямлёй) і мяркуюць, што могуць пабудаваць свой дом без падмурка. Прыняць існаванне нябачнага дапамагае нам той просты факт, што, як усё больш адкрывае навука, велізарная частка матэрыяльнага свету недаступная нашым органам пачуццяў, хоць яе можна ўспрымаць пры дапамозе розных прыбораў.

Папа Бэнэдыкт XVI казаў, што ў кантрасце з абмежаваным матэрыялістычным поглядам на жыццё быць рэалістамі – азначае бачыць рэчаіснасць цэласна, г. зн. і яе духоўны складнік. У гэтай сувязі цікава будзе паглядзець на этымалогію габрэйскага дзеяслова, які знаходзім у Старым Запавеце і перакладаем словам “верыць”. Корань ʾmn, знаёмы нам па слове “амэн” (=“сапраўды, няхай так будзе”), у асноўнай сваёй форме (каль) азначае “быць трывалым, надзейным, устойлівым”, а ў форме, што нас цікавіць (хіфіль), мае значэнне “абаперціся на нешта цвёрдае, трывалае”. Такім чынам, верыць значыць “мець цвёрдую апору пад нагамі”.

Сіла прыцягнення

Што ж з’яўляецца прадметам нашай веры? Больш правільна, канешне, тут спытацца не “што”, а “хто”. Духоўная рэчаіснасць – гэта перш за ўсё сам Бог. Ён і ёсць Той адзіны падмурак, на якім варта будаваць сваё жыццё: не нейкі абстрактны прынцып, але Асоба – крыніца існавання ўсяго, што ёсць. Развіваючы вобраз апоры, можам сказаць, што вера – гэта “сіла прыцягнення” да Бога: падобна да гравітацыі, яна дазваляе нам цвёрда стаяць і ўпэўнена рухацца ў свеце. Дарэчы, сам Пан Езус, апісваючы дзеянне Айца, выкарыстоўвае метафару прыцягнення ў Ян 6, 44. Бог адкрываецца людзям як Той, Хто сам ёсць любоў, дзейнічае, кіруючыся толькі любоўю, і шукае адносінаў любові (і таму сіла Яго прыцягнення – гэта не што іншае, як сіла любові; згадаем тут яшчэ раз сувязь паміж тэалагічнымі цнотамі, якія разам акрэсліваюць адносіны чалавека з Богам).

“Мы пазналі і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог”, – сцвярджае Ян (1 Ян 4, 16), а “любоў Бога да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага … як уміласціўленне за нашыя грахі” (1 Ян 4, 9-10). Новая эра, якая пачалася з прыйсцем у наш свет Божага Сына, – эра “Новага Запавету”, – дадае новы аспект у адносіны з Богам: верыць – цяпер азначае прыняць Ягонага Сына як Таго, Хто адкрывае паўнату праўды. І не проста словамі, але ахвярай свайго жыцця на крыжы. Пасля свайго ўваскрасення Езус называе шчаслівымі тых, хто “не бачыў, а паверыў” (Ян 20, 29). З аднаго боку, тут нібыта паўтараецца тое, што сказана ў Гбр 11, 1, аднак Езус мае на ўвазе пад “нябачным” канкрэтны факт, звязаны з Яго асобай: Ён, Уваскрослы Пан, хоць недаступны нашаму фізічнаму зроку, як іншыя людзі, жыве вечна і прысутны для кожнага, хто верыць, праз Духа Святога. Верыць у Бога, які ёсць любоў, – значыць прыняць дар смерці і ўваскрасення Сына Божага як ахвяру любові, што вызваліла нас з-пад улады граху і смерці. “Апраўданыя паводле веры, мы маем мір з Богам праз Пана нашага Езуса Хрыста, праз Якога дзякуючы веры мы атрымалі доступ да той ласкі, у каторай трываем, і мы ганарымся надзеяй на славу Божую”, падсумоўвае апостал Павел справу Божага збаўлення ў Езусе і ролю веры ў тым, каб атрымаць гэты Божы дар (Рым 5, 1-2).

Узаемны давер, узаемная вернасць

Менавіта вера адкрывае нас на Божае дзеянне, якое кожны раз мы можам назваць сапраўдным цудам. Раней за Паўла сам Пан Езус заўсёды падкрэсліваў важнасць веры, бо яна дазваляе Богу здзейсніць вялікае для чалавека: “Усё магчыма для таго, хто верыць” (Мк 9, 23).

Вера – гэта праяўленне чалавечай свабоды (а Бог шануе нашу свабоду, бо ў ёй ёсць наша годнасць істотаў, створаных паводле Яго вобразу), аднак парадаксальна ў той жа час вера ёсць дарам (пар. Эф 2,8–9), за які трэба безупынна дзякаваць Богу і прасіць пра яе ўзмацненне і памнажэнне. Са свайго боку, кожны вернік пакліканы рабіць усё магчымае, каб паглыбляць веру, г.зн. знаёмства і блізкасць з Богам: у першую чаргу, праз малітву – прабыванне перад Ім у размове і проста маўчанні, а таксама праз кантакт з Ягоным словам у Святым Пісанні і праз удзел у жыцці супольнасці вернікаў, паколькі Божая задума не ў тым, каб мы самастойна шукалі шлях да Яго, а разам з братамі і сёстрамі як чальцы адной Божай сям’і. Тут варта згадаць цікавы факт: у Евангеллі паводле св. Яна слова “вера” ў форме назоўніка не сустракаецца ані разу, у той час як дзеяслоў “верыць” – амаль сто разоў. Такім чынам евангеліст хоча паказаць, што вера не з’яўляецца нейкай пасіўнай якасцю, а нечым дынамічным, што імкнецца развівацца, паглыбляцца, узрастаць.

Слова “верыць” у Бібліі ў большасці выпадкаў можна было б перакладаць таксама як “давяраць”: сапраўды, верыць – значыць даверыцца іншай асобе, а Бог – першы, Хто варты даверу, нават калі часам Ягоныя шляхі нам здаюцца незразумелымі. Ён заўсёды верны свайму слову (вернасць – яшчэ адно вымярэнне адносінаў веры, выражанае ў нашай мове аднакарэнным словам). Аднак варта нам усвядоміць, што паняцці даверу і вернасці “дзейнічаюць” і ў адваротным кірунку: то бок і Пан давярае нам, калі кліча нас ісці за сабой і даручае нам місію ў гэтым свеце, адорваючы талентамі. Ён разлічвае на нашу вернасць “у малым і вялікім” (пар. Лк 16,10), каб мы былі Яго партнёрамі ў будаванні Божага Валадарства. Падобна да евангельскіх вучняў, будзем прасіць Пана, каб памножыў нашу веру (пар. Лк 17,5), заўсёды дзякуючы Яму за гэты бясцэнны дар жывой сувязі з Ім. І будзем імкнуцца ўзрастаць у вернасці, каб быць вартымі Ягонага даверу да нас.

Айцец Віктар Жук SJ

для друку для друку