Біблійны лексікон: Юбілей

Год, у якім мы жывём, – асаблівы. Кожныя 25 гадоў у касцельным календары адзначаецца юбілей, які на гэты раз па ініцыятыве Папы Францішка быў абвешчаны “Юбілеем Надзеі”. Традыцыя святкаваць кожныя 50 гадоў (а потым і кожную чвэрць стагоддзя) як час асаблівай Божай ласкі пачалася ў Каталіцкім Касцёле ў 1300 годзе. Аднак гэты звычай мае нашмат больш старажытныя карані ў Святым Пісанні.

У нашым сённяшнім разуменні юбілей – гэта “круглая дата”, якая дае нагоду для ўрачыстага святкавання нейкай падзеі: напрыклад, дня нараджэння, гадавіны шлюбу і г.д. Варта ведаць, што ў “свецкае” жыццё гэты звычай прыйшоў з касцельнай традыцыі. Акрамя “круглых датаў” нараджэння Езуса, ад Якога лічацца гады сучаснай эпохі, біскупы Рыма абвяшчалі таксама “юбілеі збаўлення” – г.зн. смерці і ўваскрасення Збаўцы (напрыклад, у 1933 г.), а таксама “надзвычайныя юбілеі” (як, напрыклад, гэта нядаўна зрабіў Папа Францішак у 2015 г., аб’яўляючы Юбілей Міласэрнасці). Гэта традыцыя бярэ свой пачатак у 25-м раздзеле кнігі Левіта, дзе апісваецца асаблівая практыка, названая “ёвэл” (адкуль слова “юбілей” у сучасных мовах). Даслоўна гэта габрэйскае слова азначае трубу з рога барана, гук якой абвяшчаў пачатак юбілейнага года. Цікава ўсвядоміць “логіку лічбаў”, якая стаіць за ўказаннем, што менавіта кожны пяцідзясяты год становіцца годам надзвычайным: ён павінен быў адбывацца пасля кожнага цыклу “сем разоў сем” – адсюль 50 (=49+1). Такім чынам, сувязь з “круглымі датамі” ў нашай дзесяцярычнай сістэме, можна сказаць, выпадковая. І тут варта таксама ўспомніць, што адзін з базавых спосабаў нашага ўзаемадзеяння з часам (поруч з 24-гадзінным цыклам сутак) – г.зн. тыднёвы рытм – мае свае карані менавіта ў біблійнай “лічбавай сістэме”, дзе лічба 7 займае асаблівае месца. Яе абгрунтаванне знаходзім на самых першых старонках Святога Пісання, дзе справа стварэння адбываецца за сем дзён. Дарэчы, мала хто ведае, што акрамя запаведзі адпачынку для людзей кожны сёмы дзень існаваў таксама наказ “суботняга года” для зямлі: яна павінна была “адпачываць” пасля шасці гадоў працы на ёй (гл. Лев 25, 1-7), яе нельга было араць і засейваць. Гэты цыкл існаваў паралельна з падлікам юбілейных гадоў.

Юбілей – час вызвалення

Што ж дакладна павінна было адбыцца ў юбілейны год? Як распавядае ўзгаданы вышэй урывак (Лев 25, 8-23), юбілей быў часам вызвалення: гэта датычылася як зямлі, каторую хтосьці быў змушаны прадаць ці аддаць пад заклад (перш за ўсё праз даўгі), так і людзей, якія былі вымушаныя стаць наймітамі ў чужым гаспадарстве (праз тыя ж даўгі). Узгадаем, што калі Ізраэль увайшоў у Зямлю Абяцаную пасля Зыходу з Егіпта, яна была падзелена паміж плямёнамі выбранага народу. Кожны род у сваю чаргу атрымаў свой надзел тэрыторыі адпаведнага калена, дзе мог гаспадарыць, апрацоўваць зямлю і г.д. Пры гэтым, як неаднаразова падкрэсліваецца ў Святым Пісанні (напр., Лев 25, 23), уся зямля належыць Пану і людзі не могуць сябе лічыць яе пастаяннымі ўласнікамі. Ізраэліты, якія імкнуліся захоўваць вернасць Закону, трымаліся таго надзелу зямлі, які атрымалі ў спадчыну (добрай ілюстрацыяй гэтага правіла з’яўляецца гісторыя Набата, які адмаўляецца абмяняцца зямлёй сваіх продкаў з каралём Ахабам, гл. 1 Вал 21). Аднак у розных гаспадарчых аперацыях зямля магла пераходзіць у чужую ўласнасць, і найчасцей гэта адбывалася, калі хтосьці знаходзіўся ў цяжкім фінансавым становішчы. Такі эканамічны ўклад, як, зрэшты, і сённяшняя рыначная фінансава-крэдытная сістэма, спрыяе таму, што бедныя становяцца ўсё больш бяднейшымі, а багатыя – усё больш багацейшымі. Падобным чынам сам галава сям’і або чалец роду змушаныя былі наймацца да багацейшых людзей, каб аддаць даўгі (і такім чынам хутчэй памнажаць чужое багацце, чым сваё). Дык вось, у юбілейны год і адчужаная зямля, і найміты павінны былі вярнуцца ў першапачатковы стан: даўгі “абнуляліся”. Падобную аперацыю можна было б параўнаць сёння з тым, што банкі ў пэўны момант павінны былі б спісаць усе крэдыты. Канешне, такая сістэма патрабуе шматлікіх удакладненняў дзеля справядлівасці (і пэўная спроба ўлічваць нюансы знаходзіцца ў вершах Лев 25, 14-16, дзе гаворыцца, што цана зямлі змяншаецца адпаведна з колькасцю гадоў, якія застаюцца да юбілею). Аднак важным ёсць прынцып, які тут прысутнічае: няроўнае эканамічнае становішча не можа станавіцца прычынай усё большай беднасці ўбогіх, а заможныя павінны памятаць, што валоданне і назапашванне не з’яўляецца галоўным прыярытэтам у жыцці. Тое, што чалавек мае, – гэта дар ад Бога, якім трэба ўмець дзяліцца з іншымі, асабліва ўбогімі, успрымаючы іх як чальцоў адной супольнасці – Божай сям’і.

 “Год ласкі Пана”

Апісаная сацыяльна-эканамічная сістэма (Лев 25) шмат кім з каментатараў успрымаецца як утапічная, нерэалістычная ў чалавечым грамадстве. Зрэшты, на іншых старонках Святога Пісання мы не знаходзім пацвярджэння, што ўказанні адносна юбілейнага года прымяняліся на практыцы. Адгалоскі Божага жадання, якое заключанае ў апісанні юбілею, мы знаходзім у прарокаў: напрыклад, Ісая кажа пра Божага Памазанніка: “Дух Пана Бога на мне, бо Пан намасціў мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім. Паслаў мяне перавязваць раны змучаных сэрцаў, прапаведаваць вызваленне палонным і вязням – свабоду; абвяшчаць год ласкі Пана” (Іс 61,1-2а).

Менавіта гэтыя словы чытае Пан Езус у сінагозе ў Назарэце на пачатку свайго служэння (Лк 4, 18-19): Яго місію можна назваць “годам ласкі Пана”, якая прыносіць вызваленне тым, хто яго сапраўды патрабуе. Хоць тут не ўжываецца слова “юбілей”, але “праграма” дзейнасці Хрыста раскрывае найглыбейшы сэнс таго, чаму гэтая старазапаветная практыка павінна была служыць. Сёння кожны вернік Хрыстовы можа сказаць, што гэтыя словы Пісання здзейсніліся ў Езусе і сталіся рэчаіснасцю для яго ці яе асабіста. Юбілейны год дапамагае нам яшчэ глыбей пранікнуцца гэтай праўдай і яшчэ мацней дазволіць Божай ласцы дзейнічаць у нашым жыцці, вызваляючы з “даўгавой ямы” віны і ад усяго, што перашкаджае жыць у свабодзе дзяцей Божых – у тым ліку ад розных нашых залежнасцяў. Адначасова мы пакліканыя аднавіць у сабе ўсведамленне тых дароў, якія нам дадзеныя не для эгаістычнага валодання і назапашвання, але дзеля таго, каб ствараць супольнасць (communio) з нашымі братамі і сёстрамі, дапамагаючы вярнуць годнасць найбольш убогім. Калі ў такім духу ўспрымаем тое, што трапляе ў нашыя рукі – не толькі матэрыяльныя даброты, але ўсе нашыя таленты і цноты, – юбілей станецца прычынай надзвычайнай радасці, якую Пан абяцае сваім вучням (пар. Ян 15, 11), і крыніцай надзеі на Яго няспыннае бласлаўленне ў нашых справах. А пра надзею – тэму сёлетняга юбілею – паразважаем у наступны раз.

Айцец Віктар Жук SJ

для друку для друку