Вёнзуў, Волаў, Уроцлаў – усе васямнаццаць гадоў з моманту атрымання святарскага пасвячэння кс. Антоні Аблам з-пад беларускага мястэчка Нарач нёс служэнне ў Польшчы. Ён ніколі не разважаў пра магчымасць служэння ў Беларусі, але Божы Провід усё адно паставіў яго на чале беларускай каталіцкай супольнасці. Пра цікавы святарскі досвед, а таксама пра асаблівасці нашых і польскіх вернікаў распавядае душпастыр беларусаў ва Уроцлаве.
– Кс. Антоні, распавядзіце, калі ласка, як узрастала Вашае пакліканне?
– Яно нарадзілася ў вёсцы Цюкшы, калі бабуля прывяла мяне ў касцёл. Мне там настолькі спадабалася, што я ўжо ў пятым класе думаў пра тое, каб стаць святаром. У нашай парафіі служылі айцы-кармеліты, таму развіццё паклікання адбывалася ў напрамку іх духоўнасці. Закончыўшы школу, я ўступіў у ордэн Кармелітаў Босых Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармель. Спачатку заставаўся ў Гудагаі, пасля пераехаў у Познань (Польшча).
Там зразумеў, што манаскае жыццё не для мяне. Законная супольнасць – гэта як сям’я. А дыяцэзіяльнае служэнне – гэта больш індывідуальная рэалізацыя сваіх планаў. Мне бліжэй быў апошні варыянт, таму я перайшоў у семінарыю ва Уроцлаве.
– З маіх назіранняў, большасць беларускіх хлопцаў, якія адчуваюць пакліканне да святарства і вырашаюць вучыцца за мяжой, усё ж такі імкнуцца служыць у Беларусі. Чаму ў Вас не ўзнікала жадання вярнуцца?
– Цяжка сказаць. Я родам з польскай сям’і, і ў пэўным сэнсе мне вельмі хацелася жыць у Польшчы. Прыехаўшы, я зразумеў, што вельмі добра сябе тут адчуваю. Гэта мая другая Радзіма. Мне імпанавала ўкаранёная вера палякаў і тое, як яны ўдзельнічаюць у жыцці Касцёла: моцна заангажаваныя ў стварэнне і развіццё парафій. Мне проста захацелася застацца тут працаваць.
– Пры гэтым Вы цудоўна валодаеце беларускай мовай…
– Я вучыўся ў беларускамоўнай школе, усе экзамены здаваў на мове. Атрымалася захаваць веды.
– А што Вы ў першую чаргу ўзгадваеце, калі думаеце пра Беларусь?
– Як служыў міністрантам і а шостай гадзіне раніцы па марозе і снезе бег на рараты. Як пайшоў у пілігрымку Нарач – Будслаў. Гэта было першае паломніцтва ў маім жыцці, і яно стала вельмі моцным духоўным перажываннем. Памятаю, нас тады было няшмат і існавала магчымасць вельмі блізка падысці да Маці Божай, ажно зазірнуць Ёй у вочы. Я адчуў тады неверагодны ўнутраны супакой і цяпло.
– У выніку атрымалася, што Вы ўсё-такі служыце беларусам…
– Шчыра кажучы, калі скончыў семінарыю, ніколі не думаў, што гэта адбудзецца. Але Бог мае свае дарогі…
– Як пачалося Вашае супрацоўніцтва з беларусамі ў эміграцыі?
– Два з паловай гады таму мяне запрасілі прамовіць гамілію для беларусаў у касцёле св. Альжбеты ў цэнтры Уроцлава. Пасля св. Імшы я прапанаваў прысутным прыехаць у нашую парафію, бо маем больш прасторы для нефармальных сустрэчаў. Так і пачалі арганізоўваць спатканні раз на месяц. Затым беларускія вернікі захацелі, каб св. Імшаў на іх мове было больш, і мы пачалі сустракацца часцей. У пэўны момант біскуп Кшыштаф Задарка выступіў з прапановай, каб кожная дыяцэзія ў Польшчы мела душпастыра для беларусаў. І я атрымаў адпаведны дэкрэт ад біскупа Юзафа Купны.
– Распавядзіце, калі ласка, пра душпастырства.
– Часам на сустрэчы збіраецца 120 чалавек, а часам – 20. Людзі цалкам розныя: лекары, будаўнікі, студэнты. За час існавання душпастырства правёў два шлюбы і шэсць хростаў па беларуску, мы развіваемся як супольнасць. Вернікі заўсёды ахвотна дзеляцца радасцямі і праблемамі. Я ў сваю чаргу дапамагаю, чым магу: і з дакументамі, і ў іншых жыццёвых справах.
І я бачу, што вера для беларускіх католікаў з’яўляецца вельмі глыбокім перажываннем, разуменнем Найсвяцейшай Ахвяры. Яны заўсёды моцна ўдзячныя, што маюць магчымасць паспавядацца і памаліцца на роднай мове.
– З Вашага досведу, у чым адрозненні паміж польскай і беларускай касцельнымі супольнасцямі? У чым асаблівасці выклікаў?
– Касцёл у Польшчы больш структурна наладжаны. Кожнае даручэнне дадзенае чалавеку на канкрэтнай пасадзе і накіраванае на выкананне канкрэтнага задання. Ён больш іерархічны і старэйшы. Нельга, канешне, усіх адной мятлой замятаць, але мне падаецца, што і вернікамі часам кіруе выключна традыцыя.
Касцёл у Беларусі развіваецца і толькі набірае адпаведныя формы. Гэта маладая супольнасць, таму і моладзі, зразумела, больш. Яна больш адданая і заангажаваная ў духоўнае развіццё, імкнецца сведчыць і перадаваць свой запал іншым. Вернікі тут прысутнічаюць у Касцёле па прычыне свядомага пераканання.
Памятаю, калі я служыў у Волаве, да нас у парафію прыехаў хор з мінскага Чырвонага Касцёла. Падчас св. Імшы, калі адбывалася эўхарыстычная Ахвяра, харысты стаялі звонку касцёла, рыхтуючыся да выступу. І яны ўкленчылі, не бачыўшы, але толькі пачуўшы звон, які сказаў ім пра прысутнасць Езуса. Беларуская вера вельмі адданая.
Калі я прыязджаў у Беларусь у водпуск, заўсёды імкнуўся наведаць мясцовыя парафіі. І заўважыў, што беларусы маюць вялікую пашану да святарства. Яны з удзячнасцю ставяцца да ксяндза. У Польшчы людзі больш прывыклі да прысутнасці святара, можа, таму і больш крытыкі можна пачуць з іх боку.
– Якім Вы бачыце беларускае душпастырства ў Польшчы ў найбліжэйшай будучыні?
– Яно будзе развівацца. Шмат беларусаў плануе застацца назаўсёды, яны купляюць тут жыллё. Хочуць сістэматычных сустрэчаў, катэхезы і рэкалекцый па-беларуску. Сёлета, дарэчы, у нас атрымалася правесці велікапосныя духоўныя практыкаванні на нашай мове.
– А якой Вы бачыце сваю ролю як душпастыра беларусаў?
– Я імкнуся да таго, каб яны мелі да мяне як мага большы доступ. Хачу стварыць адпаведны сайт. Ну і планую таксама арганізаваць групу свецкіх, якія будуць дапамагаць у развіцці рэлігійнай супольнасці беларусаў.
Эмілія Комар, удзельніца душпастырства для беларусаў ва Уроцлаве:
– Самае галоўнае, што хацелася б сказаць, – гэта што мы ўдзячныя кс. Антонію за магчымасць маліцца па-беларуску, удзельнічаць у св. Імшах на роднай мове, збірацца пасля службаў на каву і гарбату. Гэта ўсё ўзмацняе нашую супольнасць, дазваляе развівацца. Мы глыбей знаёмімся адно з адным, вітаем новых людзей.
Па сутнасці, усё дзякуючы таму, што мы маем душпастыра. Ён вельмі адкрыты на дапамогу і розныя прапановы. Мы яго любім і паважаем!
Ангеліна Марцішэўская
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!

