Ужо традыцыйна ў лістападзе ў Навагрудку праходзіць Малітоўны кангрэс у абарону жыцця і сям’і, адной з мэтаў якога ёсць пакаянне за грахі нашага народа супраць жыцця. Цэнтральным момантам трохдзённага трэцяга Кангрэсу сталася пакутная пілігрымка, якая прайшла 4 лістапада з Навагрудка ва Ўселюб. Увечары гэтага самага дня пасля св. Імшы адбыўся ўрачысты акт пакаяння у касцеле Св. Архнёла Міхала, у якім удзельнічалі таксама арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і біскуп Алег Буткевіч.
Многія удзельнікі найбольш дацэньваюць менавіта малітоўную і пакутную частку кангрэса, разумеючы, што мы ўсе павінны перапрашаць за грахі абортаў, кантрацэпцыі, штучнага апладнення і распусты, якія адбываюцца навокал нас. Але ў гэтым годзе шмат хто, у тым ліку госці з Расіі, засталіся і на навуковую частку, прысвечаную пытанням выхавання дзяцей, у тым ліку палавога выхавання. Аб планах увесці ў школах курс палавога выхавання ў гэтым годзе паведаміла Міністэрства адукацыі і менавіта таму галоўныя арганізатары кангрэса (дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы» і Экспертная рада па пытаннях жыцця і сям’і пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі) вырашылі прысвяціць гэтаму пытанню асаблівую ўвагу. Многія ўдзельнікі кангрэса прыехалі ў Навагрудак разам з дзецьмі, таму зразумела, чаму пытанні выхавання былі вельмі актуальнымі.
Упершыню падчас кангрэсу паўстала пытанне цыфравізацыі, якая ўсё больш актыўна ўваходзіць у нашае жыццё і жыццё нашых дзяцей. Добра, што напрыканцы лістапада ў Мінску адбудзецца адмысловая канферэнцыя на гэтую тэму, бо мы, як католікі не можам застацца абыякавымі да новых выклікаў, якія свет сёння ставіць перад Касцелам.
Уладзіслаў Валаховіч
для друку