Беларускія біскупы сустрэліся з новапрызначаным Нунцыем Іньяцыё Чэффаліа

26 чэрвеня ў сядзібе Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі адбылася сустрэча прадстаўнікоў беларускага епіскапату з новапрызначаным Апостальскім Нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Іньяцыё Чэффаліа, які нядаўна прыбыў у Беларусь.

Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ад імя беларускіх біскупаў прывітаў прадстаўніка Папы Льва XIV. Арцыпастыр расказаў пра Касцёл у Беларусі «з яго радасцямі і турботамі, аднак заўсёды верны Евангеллю і Традыцыі Касцёла ў лучнасці з Рымам і Пантыфікам».

«Маем надзею, што разам з нунцыем мы будзем адважнымі “пілігрымамі надзеі” і, згодна з заклікам папы Льва XIV, хоць і такія розныя, усе мы ў Хрысце будзем будаваць адзінства»,— сказаў іерарх.

Арцыбіскуп Чэффаліа прадставіў ліст аб прызначэнні яго Нунцыем у Беларусі ад Дзяржаўнага Сакратара Апостальскага Пасаду кардынала П’етра Параліна, адрасаваны Старшыні ККББ.

У гэтым лісце, між іншым, выражалася вялікая павага Апостальскага Пасаду да беларускага народа і выражалася надзея, што арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа як прадстаўнік Папы яшчэ больш паспрыяе наладжванню братэрскіх сувязей з Беларуссю, яе народам і Касцёлам.

Падчас размовы прысутныя біскупы расказалі аб сваіх дыяцэзіях і мерапрыемствах, якія ў іх будуць праводзіцца.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, тэкст;
Кс. канонік Юрый Ясевіч, фота

Catholic.by

для друку для друку