Беларускі святар Раман Суша атрымаў у Рыме прэстыжную стыпендыю. У прамове ён прадставіў канцэпцыю міфадызайну як “тэхналогіі надзеі” для сучаснага свету.
24 кастрычніка 2025 года падчас цырымоніі ўручэння стыпендыі Фонду «Centesimus Annus Pro Pontifice» беларускі святар Раман Суша звярнуўся да прысутных з дакладам, у якім назваў наратывы, вобразы і сімвалы «новай валютай улады». Ён адзначыў, што менавіта яны сёння скіроўваюць сэрцы людзей, ствараючы еднасць або падзелы.
Хрысціянскі міфадызайн – гэта тэхналогія надзеі
У сваім выступе ксёндз Суша засяродзіўся на канцэпцыі міфадызайну, якую ён вызначыў як «мастацтва праектаваць сэнсы» і надаваць форму гісторыям, што арыентуюць сумесныя дзеянні людзей.
На думку святара, гэта не проста «мяккая сіла», а энергія, здольная нараджаць ідэнтычнасць, памяць і надзею. Ён падкрэсліў, што міф у грамадскім жыцці – гэта не хлусня, а бачанне будучыні, праект, які можа стаць рэальнасцю, прыводзячы ў прыклад разважанні Платона.
Ксёндз Суша адзначыў, што для хрысціяніна міфадызайн з’яўляецца «тэхналогіяй надзеі», якая не падмяняе праўду, а надае ёй жывую форму, здольную крануць розум і сэрца. Аднак, як заўважыў дакладчык, кожная тэхналогія мае два абліччы: тая ж сіла, што аздараўляе грамадства, можа і параніць яго.
Місіянер – гэта будаўнік імунітэту, тэрапеўт сэнсаў
Міф можа аб’ядноўваць, а можа і маніпуляваць. Таму этыка знаходзіцца ў цэнтры яго даследавання – неабходнасць адрозніваць натхненне ад маніпуляцыі, а місію ад маркетынгу.
Паводле святара, міфадызайн – гэта не толькі тэорыя, але і практыка, штодзённы «культурны абрад», які праяўляецца ў мастацтве, медыя, адукацыі і дыпламатыі. Ён падкрэсліў, што разбурэнне сімвалічнай прасторы, калі слова губляе вагу, наносіць духоўную, грамадскую і антрапалагічную шкоду.
Урачыстая цырымонія ўручэння міжнароднай прэміі «Эканоміка і грамадства» адбылася 24 кастрычніка 2025 года ў Інстытуце “Maria Bambina” у Рыме.
Ксёндз Раман Суша, дактарант Папскага ўніверсітэта святого Тамаша Аквінскага (Angelicum), атрымаў навуковую стыпендыю разам з Энрыка Фрозіа, дактарантам Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца ў Мілане.
Прамовы лаўрэатаў стыпендый праслухалі Дзяржсакратар Яго Святасці кардынал П’етра Паралін, кардынал Рэйнхард Маркс, арцыбіскуп Мюнхенска-Фрайзінгскі, а таксама прадстаўнікі Фонда на чале з Паўла Гарона.
У сваёй прамове беларускі святар падкрэсліў, што сучасны місіянер – гэта «міфадызайнер», архітэктар даверу, які творча фарміруе сэнсы і культурную ідэнтычнасць у інфармацыйнай прасторы.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!