Беларускі святар атрымае стыпендыю папскага фонду

24 кастрычніка 2025 года адбудзецца цырымонія ўручэння міжнароднай прэміі “Эканоміка і грамадства” Фонду “Centesimus Annus – Pro Pontifice”. Сёлетні лаўрэат – айцец Паола Бэнанці, даследчык штучнага інтэлекту. Ксёндз Раман Суша з Беларусі атрымае даследчую стыпендыю.

Мерапрыемства, якое пройдзе ў Istituto Maria Bambina ў Рыме, дасць магчымасць паразважаць над хрысціянскай сацыяльнай думкай і яе ўкладам у пабудову больш справядлівага і спагадлівага грамадства. Прэмія, заснаваная дванаццаць гадоў таму, прысуджаецца раз на два гады за даследаванні, якія вылучаюцца арыгінальным укладам у вывучэнне і практычнае прымяненне сацыяльнага вучэння Касцёла.

У 2025 годзе галоўным лаўрэатам прэміі стаў айцец Паола Бэнанці за кнігу-эсэ «Чалавек у пятлі. Чалавечыя рашэнні і штучныя інтэлекты» (“Human in the Loop. Decisioni umane e intelligenze artificiali”). Аўтар даследуе ролю штучнага інтэлекту, які сёння пранізвае кожны аспект паўсядзённага жыцця. «Я імкнуся растлумачыць этычнае і антрапалагічнае значэнне тэхналогій для homo sapiens. Мы – біялагічны від, які засяляў і ператвараў свет на працягу 70 тысяч гадоў. Чалавечае існаванне нельга аддзяліць ад тэхналогій”, — напісаў тэолаг на сваім сайце.

Акрамя асноўнай узнагароды, будуць уручаны дзве даследчыя стыпендыі. Адну з іх атрымае ксёндз Раман Суша, доктар філасофіі Папскага ўніверсітэта святога Тамаша Аквінскага ў Рыме, за працу пра стварэнне сэнсу ў лічбавую эпоху і міфадызайн як выклік сучаснай місіялогіі. Другую стыпендыю атрымае Энрыка Фрозіа, доктар філасофіі Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца ў Мілане, за даследаванне бэнэдыктынскай спадчыны ў святле сучаснасці.

Гэта ўжо не першая ўзнагарода ксяндза Сушы. Фонд «Centesimus Annus – Pro Pontifice» прысудзіў яму гэтую прэстыжную прэмію ў 2024 годзе – за даследаванне, якое ён праводзіць у рамках доктарскай праграмы ў Папскім універсітэце святога Тамаша Аквінскага пад кіраўніцтвам прафесара Джыралама Росі.

Плануецца, што на цырымоніі ўручэння прэміі выступяць Дзяржсакратар, кардынал П’етра Паралін, арцыбіскуп Мюнхена і Фрайзінга, кардынал Рэйнхард Маркс, старшыня Фонду “Centesimus Annus Pro Pontifice”, прафесар Паола Гарона, а таксама міжнародныя эксперты: Лоўрэнс Чонг, айцец П’ер Жануар і Сільке Шміт.

Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку