Беларусь у “святых” гербах: Мінск

Май традыцыйна ў касцёле прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі. На тэрыторыі сучаснай Беларусі прынамсі некалькі гарадоў маюць выяву Божай Маці ў сваіх гербах. Пачатковая ідэя распавесці пра іх разам у адным апісанні пасля кароткага роздуму падалася мне не самай удалай, бо выявы на гербах адрозніваюцца не толькі сваім зместам, але таксама і паходжаннем. Пачнём са сталіцы.

Большасць крыніц падаюць як дату надання Магдэбургскага права Мінску 1591 год. Але гэта год пацвярджэння названага прывілею, а дадзены ён Вялікім Князем Літоўскім Аляксандрам Ягелончыкам быў амаль што на 100 гадоў раней – у 1499 г. З таго часу мы не маем апісання герба горада, але захавалася прыгожая легенда, якая распавядае, што па Свіслачы да дома мясцовых князёў прыплыла ікона Маці Божай. У ёй пазналі старажытны абраз з Кіева, што менавіта тады быў разгромлены крымскімі татарамі.


Апісанне аднаўлення Магдэбургскага прывілею з 1591 г. паказвае Маці Божую Унебаўзятую праз постаць на гербе. Яе мы можам бачыць на шматлікіх пячатках горада. Іх дакладнае даследаванне дазволіла выявіць фігуры двух анёлаў, якія рукамі падтрымліваюць Маці Божую, а таксама двух херувімаў – знак прысутнасці славы Божай. Увогуле Марыя амаль што ніколі не знікала з гарадскіх пячатак і гербаў, але мянялася кампазіцыя выявы. Так на пячатках часоў Кацярыны ІІ бачым, што Марыя велічна сядзіць на воблаку ў часе каранавання яе на каралеву неба і зямлі Святой Тройцай.

Сённяшняя выява Марыі на гербе спалучае дзве хрысціянскія традыцыі, бо сам сюжэт узяты з заходняга, лацінскага хрысціянства – Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі. Усходняя, візантыйская хрысціянская традыцыя гэта свята называла Успеннем Святой Багародзіцы і на іконах паказвала такую падзею зусім інакш. Сама постаць Марыі і апошні дададзены элемент на гербе – тры зоркі на Яе плячах і галаве – зробленыя ва ўсходняй традыцыі. Яны азначаюць патройнае дзявоцтва Багародзіцы: перад, у часе і пасля нараджэння Хрыста. Гэта старажытнае перакананне хрысціян пра цудоўны, дзівосны характар нараджэння Сына Божага, перададзенае ў іканаграфіі. Можам смела сказаць, што сённяшні герб сталіцы – экуменічны, ён злучае ў адно дзве вялікія хрысціянскія традыцыі: каталіцкую і праваслаўную.

Падрыхтаваў а. Андрэй Сідаровіч, марыянін з Росіцы

для друку для друку