Беларусь у “святых” гербах: Браслаў

Адзін з нешматлікіх гербаў “святой” Беларусі, які мае не выяву святога, а адзін з хрысціянскіх сімвалаў – вока Провіду Божага. Сёння ўжо немагчыма даведацца, чым кіраваўся Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, выбіраючы такі, а не іншы знак для герба аднаму з найстарэйшых паселішчаў Віленскага Ваяводства – Браславу.

Магдэбургскае права, якое Браслаў атрымаў у далёкім 1500 годзе, было частковым, няпоўным, можа, менавіта таму не захаваліся ніякія звесткі пра наданне герба. Але ў пацвярджэнні гарадскіх правоў з 1792 года маем нават малюнак – як герб выглядаў, але не захавалася дакладнае апісанне колеравай гамы.

Вока як сімвал боскасці выкарыстоўвалася ў розных рэлігіях. Так, егіпцяне, малюючы адмысловае вока, пазначалі прысутнасць бога Ра ў сваім жыцці. Цікава, што вока сустракаецца і ў габрэяў. Неаднойчы вока выразалі на мацэвах, надмагільных каменных табліцах.

Хрысціянская сімволіка першых стагоддзяў была іншай і практычна не выкарыстоўвала сімвал вока. Хрысціяне малявалі рыбу, авечку, голуба, якар, літары альфа і амега, знак пакс і г. д. Вока Провіду Божага, і то абавязкова ў трохвугольніку, з’яўляецца ў 17 ст. і вельмі хутка становіцца папулярным сімвалам. Мы, хрысціяне, называем гэта Вокам Божага Провіду, вызнаючы таксама, што Бог клапоціцца пра кожнага чалавека і бачыць яго жыццё. Менавіта з такім разуменнем, што вочы Бога скіраваныя на чалавека, каб яму дапамагчы, а не каб пастаянна пільнаваць і караць за грахі.

Трохкутнік – гэта таксама важнае вызнанне веры ў Святую Тройцу. На гербе мы бачым і жоўтыя прамяні, якія нагадваюць сонца. Хутчэй за ўсё ў першапачатковай задуме гэта не было сонца, а прамяні Божай славы.

Цікава, што неаднойчы, малюючы вока прадбачання, мастакі таксама адлюстроўвалі Божае вуха, якое ўсё чуе і скіраванае, каб пачуць малітвы чалавека. Адзін з такіх абразоў можна ўбачыць на Гары Кальварыі (Польшча) у Санктуарыі святога Станіслава Папчынскага, заснавальніка Кангрэгацыі айцоў-марыянаў.

Айцец Андрэй Сідаровіч MIC, Росіца

для друку для друку