Першае месца ў Еўропе ў катэгорыі “Педыятрыя” – ватыканскі шпіталь “Bambino Gesù” ізноў у топе лепшых спецыялізаваных бальніц свету.
Згодна з глабальным рэйтынгам, ватыканская клініка паднялася на дзве пазіцыі і захавала за сабой першае месца ў Еўропе ў катэгорыі “Педыятрыя”, а таксама заняла чацвёртае месца ў свеце сярод педыятрычных бальніц. У катэгорыі “Педыятрыя” ацэньвалася каля 800 устаноў у 35 краінах, з якіх 250 былі адабраны для канчатковага рэйтынгу.
З 2024 года “Bambino Gesù” ўваходзіць у дзясятку лепшых. Тры першыя месцы занялі бальніцы з Паўночнай Амерыкі: бальніца для хворых дзяцей у Таронта, дзіцячая бальніца Бостана і дзіцячая бальніца Філадэльфіі.
Агульная адзнака ўключае, між іншым, прызнанне дзвюх так званых “выдатных спецыяльнасцяў” у педыятрыі. У выданні 2027 года, акрамя анкалогіі, якая захавала сваю пазіцыю з мінулага года, была адзначана і неанаталогія.
Ватыканская педыятрычная бальніца захавала таксама найвышэйшую пазіцыю ў рэйтынгу за выкарыстанне PROM – паказчыкаў, якія адлюстроўваюць стан здароўя, выздараўленне і якасць жыцця пацыентаў пасля лячэння.
Па словах кіраўніка дзіцячай бальніцы “Bambino Gesù” Тыцыяна Анэсці, прызнанне, якое адлюстроўвае міжнародны рэйтынг, “належыць усім тым, хто штодня кампетэнтна і аддана клапоціцца пра дзяцей і ўносіць свой уклад у функцыянаванне нашай бальніцы”. Анэсці назваў вынік рэйтынгу асабліва значным, таму што “ён з’яўляецца вынікам ацэнкі ўрачоў і медыцынскіх работнікаў з усяго свету”.
“Мае думкі, – дадаў кіраўнік “Bambino Gesù”, – скіраваныя да Святога Пасада, які кіруе нашай місіяй, да Нацыянальнай службы аховы здароўя, неад’емнай часткай якой з’яўляецца бальніца, а таксама да ўстаноў, асацыяцый, ахвярадаўцаў і розных партнёраў. Сем’і давяраюць нам сваіх дзяцей у іх самыя цяжкія хвіліны. Мы павінны адказаць на гэты давер, спалучаючы якаснае лячэнне, навуковыя даследаванні і клопат пра чалавека”.
Рэйтынг “Лепшыя спецыялізаваныя бальніцы свету” – гэта міжнародны рэйтынг, падрыхтаваны амерыканскім штотыднёвікам “Newsweek” у супрацоўніцтве з анлайн-платформай даных “Statista”. Ён вызначае лепшыя бальніцы ў пэўных спецыялізаваных галінах.
Ян Глінскі, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!