Пасля нядаўняга выказвання Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі, якое датычыла дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаў сваё меркаванне па гэтым і іншых пытаннях у інтэрв’ю “Каталіцкаму Весніку”.
– Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка 2 лютага адзначыў, што Касцёл у Беларусі недастаткова актыўна працуе па падрыхтоўцы святароў. Як Вы можаце пракаментаваць гэтыя словы?
– Я не магу пагадзіцца з такім сцвярджэннем. Святарства – гэта не прафесія, а пакліканне. У гомане сучаснага секулярнага свету малады чалавек не заўсёды можа пачуць голас Бога, Які яго кліча. Таксама пакліканні ідуць з сем’яў. А колькі дзяцей сёння ў сем’ях? Сем’і малыя, а калі няма юнакоў, то хто пойдзе ў семінарыю? У апошнія часы таксама можна заўважыць, што на некаторыя спецыяльнасці і ва ўніверсітэтах існуе недабор. У мінулым годзе ў дыяцэзіяльныя і законныя семінарыі з Беларусі пайшло 19 чалавек. Гэтая лічба зусім не малая ў наш час, напрыклад, у параўнанні з многімі краінамі Еўропы. Таму на паўтара мільёна католікаў 19 семінарыстаў – гэта добры еўрапейскі рэйтынг.
– Ці сапраўды сёння Касцёл у Беларусі патрабуе дапамогі святароў-замежнікаў?
– У краіне 70 гадоў не было ніякай падрыхтоўкі святароў. Уявіце, каб 70 гадоў у Беларусі не рыхтавалі лекараў… Колькі б часу спатрэбілася, каб іх вывучыць? Таксама і ў Касцёле. Адраджэнне Касцёла распачалося 25 гадоў таму, і сваіх святароў было толькі каля шасцідзесяці. Сёння ў Беларусі каля 370-ці святароў. Голым вокам бачны прагрэс. Аднак гэтага яшчэ мала. І святары з-за мяжы патрэбныя. Часта наракаюць, што святары ў нас толькі з Польшчы, а не з Харватыі або Славакіі ці іншай краіны. Кожная краіна ў Еўропе ведае, што нам патрэбныя святары. Мы запрашаем іх не толькі з Польшчы, але і з іншых дзяржаў Еўропы, але там крызіс пакліканняў і біскупы з гэтых краін не могуць іх паслаць да нас. Калі я працаваў у Расіі, там былі святары з 23-ох краін свету і я не адбіраў толькі кандыдатуры з Польшчы. Таксама і тут я магу прыняць кожнага святара, аднак няма ахвотных.
Яшчэ адна прычына ў тым, што дазвол на працу замежным святарам вельмі моцна абмежаваны ў часе і кожны год яго неабходна аднаўляць. Ксёндз з-за мяжы, калі едзе працаваць, то хоча мець запэўненую сталасць свайго прабывання. Пра гэта таксама кажа і Кананічнае права. Рэальна на сённяшні дзень толькі Польшча, дзе вялікая колькасць пакліканняў, прыходзіць з дапамогай многім краінам Еўропы. Дарэчы, польскіх святароў сёння можна спаткаць не толькі ў Еўропе, але і ва ўсім свеце.
– Спадар Гуляка выказаў думку, што святары-замежнікі слаба валодаюць навыкамі зносін на дзяржаўных мовах і рэдка выкарыстоўваюць іх у набажэнствах. Выкажыце сваё меркаванне на гэты конт.
– Трэба быць удзячнымі святарам з-за мяжы. Паглядзіце, колькі касцёлаў яны пабудавалі, колькі людзей прывялі да веры! Безумоўна, трэба ведаць мову, культуру і абавязкова яе паважаць. Таксама трэба захоўваць беларускае заканадаўства. Святары, якія да нас прыехалі, ведаюць дзяржаўныя мовы, на іх абвяшчаюць Евангелле і духоўна дапамагаюць людзям. Напэўна, адзін лепш размаўляе на дзяржаўных мовах, іншы – горш. Аднак усе яны служаць на карысць Богу і людзям.
Я ўспамінаю часы, калі служыў у Расіі. У Саратаве быў адзін святар, які вельмі дрэнна размаўляў на расейскай мове, але за ім табуном хадзілі людзі, асабліва моладзь. Касцёла свайго не было, была маленькая капліца. І калі я прыязджаў, то ён праводзіў набажэнствы ў тэатры. Быў поўны тэатр моладзі! Я меркаваў, што яму цяжка з мовай, таму прасіў дапамагаць ксяндзу. Аднак мне сказалі: “Для нас, рускіх, нашая культура і мова вельмі важныя, але яшчэ важней сэрца”. У гэтага ксяндза было вельмі адкрытае сэрца, ён прыцягваў людзей. Пазней, калі згаданага святара замянілі на іншага, гэтых людзей не стала.
Замежныя ксяндзы сюды прыехалі не для славы і ўзбагачэння. І касцёлаў, якія яны пабудавалі, яны з сабою не забяруць. У сваёй краіне ім было б значна лягчэй і камфортней. Таму трэба ім за гэта дзякаваць.
– Якія суадносіны мясцовых і замежных святароў у Беларусі сёння?
– У нас ёсць каля 370-ці сваіх святароў, а ўсяго ў краіне прыблізна 490 ксяндзоў.
– У сваёй заяве на пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскупы зазначылі, што справа падрыхтоўкі святароў з’яўляецца выключна ўнутранай справай Касцёла. Што гэта значыць?
– Найперш трэба сказаць, што Касцёл аддзелены ад дзяржавы, але ён знаходзіцца ў дзяржаве. А чалавек з’яўляецца цэнтрам увагі дзяржавы і Касцёла. Таму тут можна адно аднаму дапамагаць.
Цяпер адносна пакліканняў. Касцёл не кажа, што дзесьці ў нейкай навучальнай установе малы конкурс ці нават недабор студэнтаў. Ці гэта віна рэктара? Семінарыі і іншыя касцельныя ўстановы – гэта справа Касцёла, які мае сваю праграму і па ёй працуе. Пазітыўным з’яўляецца тое, што дзяржава не ўмешваецца ва ўнутраны працэс падрыхтоўкі. А сама падрыхтоўка святароў – гэта ўсё ж справа Касцёла, і мы клапоцімся пра тое, каб у семінарыях было больш навучэнцаў, якія стануць святарамі. Паўтару яшчэ раз, што святарства – гэта не прафесія, а пакліканне і нікога сілай нельга зацягнуць у семінарыю.
– Ведаю, што вернікі актыўна абмяркоўваюць крытычнае выказванне спадара Гулякі на адрас Каталіцкага Касцёла. Многія нават праводзяць паралелі з савецкім часам, калі ўлады актыўна перашкаджалі ў дзейнасці Касцёла. Што Вы пра гэта думаеце?
– У савецкія часы было не так лёгка патрапіць у семінарыю, бо яны знаходзіліся толькі ў Каўнасе і ў Рызе. Была абмежаваная колькасць тых, хто мог туды паступіць. Была таксама абмежаваная колькасць прафесараў. Сёння нам кажуць прымаць больш, а тады было наадварот. Усё змянілася, і таму ў гэтым сэнсе адносіны ўлады пазітыўныя. Сёння мы таксама накіроўваем семінарыстаў і святароў вучыцца за мяжу, тады гэта было немагчыма. У працэсе фармацыі новых святароў неабходна звяртаць вялікую ўвагу на тое, што кандытады, якія прыходзяць у семінарыю, сёння зусім іншыя чым гэта было раней. Яны па-іншаму выхаваныя, у іх іншы менталітэт, на іх у большай ступені ўплывае секулярны свет. Іх неабходна так фармаваць, каб былі здольнымі адказаць на вельмі небяспечныя выклікі нашага часу. Калі я вучыўся ў семінарыі, то працэс фармацыі працягваўся пяць гадоў, а цяпер з увядзеннем прапедэўтычнага году будзе сем.
– Ці сапраўды з восені пачнуцца перамены ў адукацыйным працэсе семінарыстаў Беларусі, як тое анансаваў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB?
– Мы рыхтуемся да зменаў. З восені плануецца ўвесці прапедэўтычны год навучання. Так ёсць ва ўсім свеце. У мінулым годзе ў Літве таксама ўвялі прапедэўтычны курс. Для кандыдатаў па ўсёй краіне існуе адзін прапедэўтычны курс у Віленскай духоўнай семінарыі, хаця ў Літве ёсць тры семінарыі. Таксама плануецца, што навучэнцы будуць вывучаць філасофію ў семінарыі ў Пінску, а тэалогію – у Гродне. Але да ўсяго гэтага неабходна адпаведным чынам падрыхтавацца. Неабходна падрыхтаваць праграму і знайсці адпаведных выкладчыкаў. У Беларусі ўсё яшчэ існуе праблема высокакваліфікаваных прафесараў і выхавальнікаў, а з замежнымі святарамі ёсць, пра што мы ўжо нагадвалі.
Сёння працэсы глабалізацыі адбываюцца таксама і ў Касцёле. Прысутнасць замежных святароў ва ўсім свеце лічыцца ўзбагачэннем Касцёла. Так як і ў эканоміцы, у Касцёле павінны быць розныя сувязі. На Божае Нараджэнне фігурку Езуса нясуць у яслі ўжо ў многіх парафіях. А я гэту традыцыю, будучы ў Маскве, пераняў ад в’етнамцаў. І гэта падабаецца людзям.
– Біскупы на пасяджэнні 4 лютага закранулі тэму харызматычных рухаў у Беларусі. Дзе канкрэтна Вам бачыцца недастатковая дастасаванасць іх да Кананічнага права, што належыць выправіць? Што мелі біскупы на ўвазе?
– Кожная супольнасць, якая існуе ў Касцёле, павінна мець свой статут і павінна быць зацверджана біскупам згодна з патрабаваннямі Кананічнага права. Тут размова ідзе не пра нейкую цэнзуру ці нагляд, але пра тое, што кожная касцельная супольнасць павінна адпавядаць кананічным нормам.
Гутарыла Ірына Грэйць
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!



