Арцыбіскуп Фізікела дыяканам: нясіце ў свет надзею, якая не расчароўвае

Арцыбіскуп Рына Фізікела

«Калі вы жадаеце прыняць сучасны евангелізацыйны выклік, вы павінны ўмець апранаць мову веры ў вопратку надзеі», — нагадаў прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі італьянскім дыяканам.

Арцыбіскуп Рына Фізікела звярнуўся да ўдзельнікаў XXIX Нацыянальнай канферэнцыі, арганізаванай супольнасцю італьянскіх дыяканаў. У мерапрыемстве, якое прайшло ў Асізі 5-8 жніўня 2024 года, прынялі ўдзел каля 200 чалавек. Іерарх заахвоціў дыяканаў быць «прарокамі» і «сейбітамі надзеі», несучы супольнасцям суцяшэнне і прапаноўваючы шляхі выхаду з крызісаў.

Арцыбіскуп Фізікела падкрэсліў прароцкую ролю дыяканаў, здольных звяртацца да людскіх сэрцаў і паказваць «шлях, па якім трэба ісці, каб цалкам зразумець пачуццё перажытай веры». Ён таксама папярэдзіў пра рызыкі, звязаныя з надзеяй, заснаванай на навуковым і тэхнічным прагрэсе: яна можа лёгка расчараваць, таму што не заўсёды можа быць здзейсненая.

Нарэшце, іерарх заахвоціў дыяканаў “апрануць мову веры ў вопратку надзеі”, як заклікае Юбілейная була 2025 года Spes non confundit. Юбілей стане шчаслівай магчымасцю для таго, каб увасобіць гэта пасланне ў жыццё, — сказаў арцыбіскуп Фізікела, нагадаўшы, што 21-23 лютага 2025 года будзе адзначацца Юбілей дыяканаў.

Марыя Валодзіна — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку