Апостальскае падарожжа Святога Айца ў Венгрыю праходзіла з 28 па 30 красавіка 2023 года. Гэта было 41-е Апостальскае падарожжа Папы Францішка. Яно адбылося пад дэвізам: Хрыстус – наша будучыня. Напружаны графік уключаў сустрэчы з палітычнымі ўладамі, прадстаўнікамі Касцёла, дзеячамі навукі і культуры, моладдзю. Акрамя таго, Пантыфік прывітаў і выслухаў найбольш уразлівых членаў грамадства: сляпых і хворых дзяцей, бедных і бежанцаў. Падчас візіту Папа Францішак падкрэсліў неабходнасць братэрства, адкрытасці і інклюзіўнасці.
28 красавіка. Дзень 1
Папскі самалёт прызямліўся ў Міжнародным аэрапорце імя Ферэнца Ліста ў Будапешце каля 10.00 гадзін раніцы 28 красавіка 2023 года.
Ля трапу Папу сустрэў віцэ-прэм’ер венгерскага ўрада Жолт Шэм’ен. Дзяўчынка і хлопчык у традыцыйных строях прывіталі высокага госця хлебам-соллю. Пасля кароткай размовы, Францішак накіраваўся ў Палац Шандор, афіцыйную рэзідэнцыю прэзідэнта Венгерскай Рэспублікі.
Тут адбылася цырымонія прывітання Папы і яго кароткая прыватная сустрэча з кіраўніцай краіны Каталін Новак. Падчас сустрэчы Пантыфік падпісаў ганаровую кнігу, пакінуўшы ў ёй наступны запіс: “Як пілігрым і сябар прыбыў я ў Венгрыю, краіну, багатую гісторыяй і культурай. У Будапешце, горадзе мастоў і святых, я думаю аб усёй Еўропе і малюся, каб яна была адзінай і салідарнай, і ў нашы дні заставалася домам міру і прароцтва гасціннасці”. Падчас традыцыйнага абмена падарункамі Папа ўручыў прэзідэнту Новак памятны медаль, адчаканены спецыяльна да апостальскага падарожжа ў Венгрыю, а таксама залаты медаль яго пантыфікату.
Пасля Папа Францішак накіраваўся ў былы кармеліцкі кляштар у Будапешце, дзе сустрэўся з прадстаўнікамі венгерскіх уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў гэтай краіне. Зварот да іх стаў першай публічнай прамовай Папы падчас яго Апостальскага падарожжа ў Венгрыю.
Гаворачы пра Будапешт як пра горад мастоў, якія злучаюць паміж сабой розныя і вельмі адметныя часткі сталіцы, Папа Францішак адзначыў, што масты запрашаюць паразважаць пра важнасць адзінства, якое не азначае аднастайнасці. Пантыфік нагадаў словы святога Стэфана, які лічыў сапраўдным упрыгожваннем краіны людзей розных моваў і культур, а таксама пажадаў плённага супрацоўніцтва паміж дзяржавай і Касцёлам у Венгрыі.
У гэты дзень ў Саборы святога Стэфана ў Будапешце Папа Францішак сустрэўся з біскупамі, святарамі, дыяканамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і душпастырамі. Пантыфік перасцярог духавенства ад катастрафічнага паражэнства і свецкага канфармізму. Першая небяспека заключаецца ў катастрафічным чытанні сучаснай гісторыі, якая грунтуецца на паражэнстве тых, хто паўтарае, што ўсё страчана, больш няма мінулых каштоўнасцяў, і мір рушыць невядома куды. Іншая рызыка заключаецца ў наіўнай інтэрпрэтацыі нашага часу, заснаванай на зручнасці канфармізму, які прымушае нас паверыць, што ўсё ідзе добра, як трэба, свет змяніўся і мы павінны адаптавацца. Евангельскі адказ на гэтыя небяспекі заключаецца, на думку Папы, у ветлівых гасцінных адносінах і прароцкім духу, альбо ў прароцкім успрыманні.
Папа заклікаў духавенства пераадольваць чалавечыя рознагалоссі, таму што падзел не прыносіць пладоў. “Сумна, калі замест каманднай гульні мы падзеленыя, гэта ідзе на руку ворагу”, — адзначыў Святы Айцец, заклікаўшы да братэрства, блізкасці і ўвагі да іншых.
29 красавіка. Дзень 2
На другі дзень апостальскага падарожжа ў Венгрыю, Папа здзейсніў прыватны візіт у Цэнтр імя благаслаўлёнага Ласла Бацьяні-Штратмана, дзе сустрэўся са сляпымі дзецьмі і падлеткамі, якія атрымліваюць дапамогу гэтай касцёльнай арганізацыі.
Першая палова другога дня Апостальскага падарожжа Папы ў Венгрыю завяршылася наведваннем грэка-каталіцкай царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Будапешце і кароткай сустрэчай з супольнасцю Венгерскай Грэка-Каталіцкай Царквы.
Зала Друку Апостальскай Сталіцы паінфармавала, што Святы Айцец сустрэўся з Мітрапалітам Іларыёнам, які на працягу 13 гадоў быў старшынёй Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату. Іх сустрэча, якая адбылася ў сардэчнай атмасферы, працягвалася каля дваццаці хвілін. Яна прайшла ў нунцыятуры ў Будапешце, дзе Пантыфік спыніўся на час свайго візіту ў сталіцу Венгрыі.
У другі дзень свайго падарожжа Святы Айцец сустрэўся з венгерскай моладдзю. Папа Францішак зазначыў, што для перамогі ў жыцці, як і ў спорце, трэба імкнуцца да вышыняў, без страху рэалізоўваючы свае таленты, здольнасці, мары, а таксама “трэніравацца” праз дыялог з Езусам, які з’яўляецца “найлепшым трэнерам”. “Ён слухае цябе, матывуе, верыць у цябе, здольны выцягнуць найлепшае з цябе” і заўсёды запрашае быць у камандзе: ніколі не ў адзіночку, але з іншымі, у Касцёле, супольнасці, разам перажываючы супольныя падзеі”, — падкрэсліў Папа Францішак, запрашаючы юнакоў і дзяўчат прыняць удзел у Сусветных днях моладзі ў Лісабоне. Пантыфік заклікаў моладзь не баяцца момантаў цішыні, неабходных для таго, каб “зарадзіць батарэі”: даверыць Езусу ў малітве, тое, што перажываем, і людзей.
30 красавіка. Дзень 3
30 красавіка Папа Францішак правёў апошнюю сустрэчу ў рамках свайго Апостальскага візіту ў Венгрыю. У Каталіцкім універсітэце імя Пэтэра Пазманя ён сустрэўся з прадстаўнікамі навукі і культуры. У сваёй прамове Францішак адзначыў, што яму падабаецца думаць пра тое, як плынь Дуная звязвае Венгрыю з многімі іншымі краінамі, як геаграфічна, так і гістарычна. Культура, у пэўным сэнсе, падобная на вялікую раку: яна перасякае розныя рэгіёны жыцця і гісторыі, звязваючы іх, дазваляе арыентавацца ў свеце, наталяе смагу ведаў, прымушае грамадства расці. Слова культура паходзіць ад дзеяслова культываваць — штодня апрацоўваць пасевы, які прыносяць плён, — падкрэсліў Пантыфік.
У апошні дзень Апостальскага падарожжа ў Венгрыю Святы Айцец цэлебраваў Эўхарыстыю на плошчы Лаяша Кошута ў Будапешце. Падчас малітвы Уладарка Неба Папа Францішак падзякаваў уладам і народу Венгрыі за гасціннасць і памаліўся за мір на еўрапейскім кантыненце, асабліва ў суседняй Украіне. Завяршаючы свой візіт у Венгрыю, Папа падзякаваў усім “за прыём і любоў, якую ён адчуў у гэтыя дні”.
Затым Пантыфік звярнуўся да Маці Божай, Magna Domina Hungarorum, каралевы венграў, заступніцтву якой ён даверыў гэты народ, а таксама “будучыню ўсяго еўрапейскага кантынента, асабліва справу міру”. «Святая Дзева, звярні свой позірк на народы, якія пакутуюць больш за ўсё. Звярні свой позірк перш за ўсё на суседні змучаны ўкраінскі народ і на рускі народ, прысвечаны табе. Ты — каралева міру, ты ўсяляеш ў сэрцы людзей і кіраўнікоў народаў жаданне будаваць мір, даць маладому пакаленню будучыню надзеі, а не вайны, будучыню, у якой будзе шмат калысак, а не магіл, свет братоў, а не муроў». Папа памаліўся Багародзіцы, каб Касцёл у Еўропе “зноў здабыў моц малітвы, каб ён зноў адкрыў пакору паслушэнства, запал сведчання і прыгажосць абвяшчэння”.
30 красавіка 2023 года ў 18 гадзін 8 хвілін самалёт італьянскай авіякампаніі ITA Airways з Папам на борце пакінуў аэрапорт Будапешта і накіраваўся ў Рым.
Вярнуўшыся з Будапешта ў Рым, Святы Айцец здзейсніў традыцыйны візіт у базыліку Санта-Марыя-Маджорэ, каб падзякаваць Багародзіцы за сваё Апостальскае падарожжа ў Венгрыю.
Падрыхтавала Марына Сінкевіч па матэрыялах беларускай рэдакцыі Vatican News
