Апошні акт Юбілею: у Ватыкане замуравалі Святую Браму

У Базіліцы Святога Пятра прайшоў абрад закрыцця Святой Брамы, які стаў сімвалічным завяршэннем Юбілейнага 2025 года і захаваў памяць пра паломніцтва мільёнаў вернікаў.

Вечарам 16 студзеня 2026 года ў Базіліцы Святога Пятра адбылася непублічная цырымонія муравання Святой Брамы, якую ўзначаліў кардынал Маўра Гамбэці, архіпрэсбітэр святыні.

У пачатку сустрэчы іерарх узнёс словы ўдзячнасці за шматлікіх пілігрымаў, якія прайшлі праз Браму падчас Святога года, просячы для іх трываласці ў веры і адзінства з Наступнікам Пятра.

Урачыстасць праходзіла ў прысутнасці майстра папскіх літургічных цэлебрацый арцыбіскупа Дыега Джавані Равэлі і была напоўнена малітоўнай засяроджанасцю.

Працэс муравання выканалі работнікі Фабрыкі Святога Пятра – сампетрыні. Для стварэння ўнутранай сцяны спатрэбілася каля 3200 цаглін. Унутр мура была змешчана спецыяльная бронзавая капсула – куфэрак з выявай гербаў Папы Францішка, які адкрываў Юбілей, і Папы Льва XIV, які яго закрываў.

Гэта своеасаблівая капсула часу, якая захоўвае сведчанні аб падзеі для будучых пакаленняў. Унутр паклалі металічны футарал з пергаментам, які сведчыць аб пачатку і заканчэнні Святога года, а таксама ключы ад саміх дзвярэй. Сярод памятных рэчаў – медалі першага года пантыфікату Папы Льва XIV і апошняга года служэння Папы Францішка. Таксама там знайшлі сваё месца медалі, адчаканеныя ў памяць аб дзесяцігоддзі паміж Юбілеем Міласэрнасці і 2025 годам, і рэдкі медаль перыяду «Sede Vacante» 2025 года. Перад закладкай капсула была змешчана ў свінцовы кантэйнер, герметычна залітая і апячатаная.

Мансіньёр Арацыа Пэпэ, сакратар Фабрыкі Святога Пятра, заўважыў у размове з ватыканскімі журналістамі, што гэты акт – не проста заканчэнне тэхнічных работ, а сапраўдная духоўная падзея.

Паводле яго слоў, Святая Брама з’яўляецца духоўнай рэчаіснасцю, дзе кожны вернік праз просты жэст праходу адкрывае для сябе Бога. Ён адзначыў, што Юбілей 2025 года пакінуў пасля сябе асаблівую «спадчыну» – вялікую колькасць людзей, якія прыйшлі да магілы святога Пятра пешшу, што сведчыць аб няспынным пошуку Бога сучасным чалавекам.

Абрад завяршыўся супольнай малітвай «Ойча наш», пасля чаго кардынал Гамбэці і майстар літургічных цэлебрацый сімвалічна паклалі першыя дзве цэглы.

Кс. Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку