19 снежня ў шчучынскай парафіі (Гродзенская дыяцэзія) прайшла аплаткавая сустрэча дзяцей і моладзі з парафіяльнай Літургічнай службы алтара, удзельнікаў моладзевага хору “Calasanz” і іх бацькоў. Ужо трэці год такія аплаткавыя сустрэчы збіраюць каля сотні ўдзельнікаў.
Гэтыя сустрэчы ўяўляюць сабой прыгожую традыцыю супольнай малітвы і супольнага стала бацькоў са сваімі дзецьмі. Сабраных яднае Хрыстус, а таксама мэта – упрыгожванне літургічнага набажэнства ў касцёле спевамі і служба пры алтары, у чым бацькі адчуваюць еднасць з дзецьмі.
Сустрэча пачалася супольнай малітвай Вяночка да Божай Міласэрнасці ў парафіяльнай святыні. У малітве дзеці і бацькі прасілі аб супакоі ў сваіх сем’ях, а таксама маліліся за сем’і, у якіх гэтай згоды няма.
Пасля ўрачыстага благаслаўлення Найсвяцейшым Сакрамантам удзельнікі сабраліся ў катэхетычнай зале на далейшае святкаванне.
Пасля дзялення аплаткай і складання адзін аднаму віншаванняў з нагоды блізкіх святаў Божага Нараджэння пачаліся разнастайныя забавы і конкурсы з мэтай інтэграцыі не толькі дзяцей, але і іх бацькоў.
Сустрэча не абыйшлася без падарункаў і візіту святога Мікалая, прывітаўшы якога, міністранты і ўдзельнікі моладзевага хору атрымалі пачастункі.
а. Віталій Слука SP, тэкст;
Людміла Казлова і Дзмітрый Дзікевіч, фота
