12 чэрвеня 2016 г парафія св. Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах сардэчна вітала госця – а. Аляксандра Стоку OCD з ордэна кармэлітаў босых, які па запрашэнні ксяндза-пробашча Анджэя Бурака цэлебраваў сваю прыміцыйную Імшу ў інтэнцыіі ўсіх парафіян.
Кс. Анджэй падчас святочнай імшы маліўся за выпускнікоў мясцовай школы, якія дзякавалі Пану Богу за гады вучобы, за паспяховую здачу выпускных экзаменаў, а таксама прасілі благаслаўлення і дароў Духа Святога на нялёгкі час уступных іспытаў і выбару будучай прафесіі.
На Імшы прысутнічалі таксама бацькі, родныя і сябры выпускнікоў. Айцец Аляксандр скіраваў да ўсіх слова Божае, у якім узгадаў пра нялёгкае заданне кожнага хрысціяніна – няспынна прабачаць адзін аднаму. Дэвізам кожнага павінны быць словы Езуса Хрыста, што трэба прабачаць не 7 разоў, але ажно 77.
На заканчэнне ўрачыстай святой Імшы ксёндз-пробашч у сваёй прамове звярнуўся да выпускнікоў. Узгадаў апошнія 5 год, якія ён працуе ў Лаздунах. У той час у парафіі быў усяго адзін міністрант, дарэчы, сённяшні выпускнік.
Як і апостал Андрэй, які прывёў да Езуса свайго брата Пятра, так і гэты адзін міністрант прывёў свайго брата, а той, у сваю чаргу, свайго сябра, і г.д., і, як вынік, сёння ля алтара Пана прыслугоўвае каля 20 міністрантаў і кандыдатаў, малодшаму з якіх 5 год. Цяперашнія выпускнікі заўсёды былі шчырыя, адданыя, дапамагалі ў прыбіранні і ўпрыгожванні святыні, радавалі сваімі ўчынкамі і разам з ксяндзом-пробашчам пазнавалі Бога і жыццё.
«Дарагія мае, сёння вы пачынаеце новы этап у сваім жыцці. І, як у святым пісанні, вы выплываеце на глыбіню. Я з вялікай радасцю і гонарам адпраўляю Вас на вялікую ваду. Няхай гэты свет, у якім мы жывём, будзе для кожнага з вас караблём, а вы будзеце на ім капітанам».- сказаў кс.Анджэй.
Кожны выпускнік, атрымаў ад пробашча Лаздунскай парафіі крыж. Няхай гэты маленькі крыжык, які не займае шмат месца, будзе заўсёды на першым месцы ў жыцці маладых людзей. Каб такім чынам паказаць, што Езус – гаспадар нашага жыцця. Такі самы крыж атрымаў і айцец Аляксандр, які ўдзяліў усім вернікам сваё прыміцыйнае благаслаўленне і раздаў памяткі.
Парафіяне, у сваю чаргу, скіравалі цёплыя словы падзякі да маладога святара, пажадалі яму плённай працы на ніве Божай. Бацькі выпускнікоў падзякавалі кс. Анджэю за яго руплівую працу ў парафіі, за клопат пра іх дзяцей, за выхаванне ў духу веры, катэхізацыю, а таксама за прыклад служэння Богу і бліжняму і за шчырыя словы, якія ён скіроўвае да парафіян у сваіх гаміліях, і якія не аднойчы выклікаюць слёзы.
Ксёндз-пробашч падзякаваў усім за супольную малітву і пажадаў прыемнага адпачынку: «Няхай Бог благаславіць нам на кожны дзень!»
Кс. Анджэй Бурак, тэкст;
Людміла Чыпірук, фота
