“Ахоўваць чалавечыя галасы і абліччы” – такую тэму Папа Леў XIV выбраў для 60-га Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі, які будзе адзначацца 24 студзеня 2026 года.
“У сучасных камунікацыйных экасістэмах тэхналогія ўплывае на ўзаемадзеянне так, як ніколі раней: ад алгарытмаў, што адбіраюць кантэнт у стужках навін, да штучнага інтэлекту, які стварае цэлыя тэксты і размовы. Чалавецтва сёння мае магчымасці, пра якія яшчэ некалькі гадоў таму цяжка было і падумаць. Аднак, хоць гэтыя інструменты і прапануюць эфектыўнасць і шырокі ахоп, яны не здольныя замяніць уласцівыя толькі чалавеку здольнасці да эмпатыі, этыкі і маральнай адказнасці. Публічная камунікацыя патрабуе чалавечага разважання, а не толькі набору даных. Перад намі стаіць выклік: забяспечыць, каб менавіта чалавек заставаўся кіруючым суб’ектам. Будучыня камунікацыі павінна гарантаваць, што машыны будуць інструментамі, якія служаць чалавеку і падтрымліваюць сувязі паміж людзьмі, а не сіламі, што размываюць чалавечыя галасы”, — гаворыцца ў паведамленні Дыкастэрыі па камунікацыі, якая 29 верасня 2025 года абвясціла тэму бліжэйшага Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі.
“Мы маем вялікія магчымасці. Але адначасова і рызыкі рэальныя. Штучны інтэлект можа ствараць прывабны, але ўводзячы ў зман, маніпулятыўны і шкодны кантэнт, паўтараць перадузятасці і стэрэатыпы, прысутныя ў навучальных даных, а таксама ўзмацняць дэзінфармацыю, імітуючы чалавечыя галасы і абліччы. Ён можа ўрывацца ў канфідэнцыяльнасць і прыватнае жыццё людзей без іх згоды. Празмерная залежнасць ад штучнага інтэлекту аслабляе крытычнае мысленне і творчыя здольнасці, а манапалістычны кантроль над гэтымі сістэмамі выклікае заклапочанасць адносна цэнтралізацыі ўлады і паглыблення няроўнасці”, — адзначаецца ў камюніке.
У гэтым кантэксце ватыканскае ведамства падкрэслівае ўсё большую актуальнасць “укаранення ў адукацыйныя сістэмы медыяпісьменнасці, да якой цяпер дадаецца і пісьменнасць у галіне штучнага інтэлекту”. “Як католікі, мы можам і павінны ўнесці свой уклад, каб людзі – асабліва моладзь – набывалі здольнасць да крытычнага мыслення і ўзрасталі ў свабодзе духа”, — гаворыцца ў заяве Святога Пасада.
Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!