Святары дзеляцца з чытачамі “Каталіцкага Весніка” сваімі ўспамінамі і думкамі пра Адвэнт.
Ксёндз Алег Хмылко, служыць у парафіі Св. Андрэя Баболі ў Полацку:
– Снежань, на які прыпадае Адвэнт, выклікае прыемныя і радасныя пачуцці, што адсылаюць мяне ў дзяцінства. Бо ў дзяцінстве падзеі, звязаныя з гэтым часам, перажываюцца па-іншаму, не так, як сёння, у дарослым жыцці. Прыгадваюцца дзве “акцыі”, каторыя паўтараліся з году ў год, але заўсёды былі радасныя, прыемныя і чаканыя. Адна звязаная з часам падрыхтоўкі, а другая – з тым, што адбывалася ўжо непасрэдна перад святамі.
На самым пачатку Адвэнту ў нашай парафіі пачынаўся “кастынг” актораў на “Батлейку”. Хто кім будзе, у каго колькі тэксту вучыць, якую адзежу трэба прыдумаць на пастаноўку… Апошняе заўсёды рабіла дадатковую праблему для бацькоў. І калі ролі былі размеркаваныя, то пачыналася падрыхтоўка, якая працягвалася ўвесь Адвэнт. Некалькі такіх вечаровых рэпетыцый у касцёле памятаю і цяпер. Гэта вельмі прыемныя ўспаміны.
Ад другой “акцыі” цякуць слінкі, бо яна звязаная з печывам, якое рабіла бабуля. За некалькі дзён да Божага Нараджэння замешвалася цеста і ставілася на печцы, каб лепей падымалася. І мы з братам заўсёды туды лазілі і глядзелі, як падымаецца ручнік, каторым было прыкрытае цеста. Для нас гэта заўсёды было нейкім цудам. А пазней, ужо за дзень да свята, распачынаўся працэс выпечкі святочных булак і караваяў у печы. І мы дзяжурылі каля яе, каб хутчэй ухапіць гатовую булачку. І першае, і другое яднала нас вакол Божага Нараджэння і рабіла свята яшчэ больш яскравым. Дзякуючы “Батлейцы” дзеці і моладзь злучаліся вакол Хрыста ў адну вялікую сям’ю. А выпяканне булак збірала ўсю сям’ю вакол святочнага стала.
Жадаю ўсім чытачам “Каталіцкага Весніка” больш такіх сямейных момантаў, якія будуць дапамагаць радасна сустракаць Нараджэнне нашага Збаўцы!
Айцец Павел Федаровіч MIC, служыць у Барысаўскай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі:
– У маёй роднай Лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа раратняя Імша распачыналася а 6:30 раніцы. Паколькі я жыў вельмі блізка ад школы, у каторай вучыўся, то звычайна прачынаўся далёка пасля сёмай гадзіны. Адпаведна ў Адвэнце мне трэба было рана ўставаць. Таму першае, што згадваецца ў памяці пра Адвэнт, – вельмі ранні пад’ём а 5:30. Рараты адбываліся кожны дзень, я вельмі рэдка прапускаў. А пачаў хадзіць на іх дзесьці з трэцяга ці чацвёртага класа.
Добрым успамінам з’яўляецца момант падыходу да пад’езда сяброўкі дзяцінства а 6-ай гадзіне раніцы. Яна выглядвала ў акно, усміхалася, махала рукою і праз некалькі хвілін выходзіла. Мы разам ішлі на Рараты. Падчас дарогі размаўлялі паміж сабою, дзяліліся падзеямі мінулага дня, жартавалі. Гэтая традыцыя супольнай дарогі трывала на працягу некалькі гадоў, пакуль я не скончыў школу.
Вельмі добра памятаю працэсію на пачатку Імшы. Цемень у касцёле, спеў “Да Марыі быў пасланы Габрыэль, Арханёл слаўны” і асветленыя твары дзяцей і дарослых ад ліхтарыкаў, што яны неслі ў сваіх руках. Я любіў і зараз люблю гэты момант чакання, калі запальваюць святло. Гэта своеасаблівы час спадзявання на прыйсце Святла.
Хацелася б пажадаць Вам, дарагія браты і сёстры, каб Адвэнт сапраўды быў часам духоўнай падрыхтоўкі да прыйсця Збаўцы. Паколькі ўдваіх крыху лягчэй ісці разам па дарозе, жадаю знайсці кожнаму з вас такога чалавека ці супольнасць, з якімі б вы крочылі разам на шляху да Бога. І гэта, канешне ж, адносіцца не толькі да Адвэнта, але і да ўсяго хрысціянскага жыцця. Няхай Марыя, Беззаганна Зачатая, дапамагае кожнаму плённа перажыць Адвэнт 2021 года!
Айцец Аркадзь Куляха OCD, служыць у Гудагайскай парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі:
– Пах посных адвэнтавых страў, раратнія Імшы і падрыхтоўка да святаў Божага Нараджэння – гэта галоўныя элементы Адвэнту майго дзяцінства. Засталіся мне ў памяці Андрэйкі. Ды не толькі таму, што суседа звалі Андрэй і нас, дзяцей, запрашалі на імяніны ды частавалі смачнымі ласункамі. У гэты дзень, мне здавалася, усе бавіліся. Быў нейкі радасны шум, іграла музыка, танчылі. Трэба было весяліцца, каб пазней з павагай і ў роздуме перажыць Адвэнт. З бацькамі ў кожную нядзелю мы хадзілі ў касцёл, пехатою чатыры кіламетры!
Маю цёцю звалі Барбара. 4 снежня хадзілі да яе на імяніны. Адвэнт – гэта таксама Дзень Святога Мікалая. Колькі клопату было ў малога дзіцяці, каб спадабацца святому Мікалаю… Я яго ніколі не бачыў, аднак кожны год 6 снежня ўначы ён прыносіў мне падарункі… Раніцаю бацькі тлумачылі, што Святы Мікалай не хацеў мяне будзіць, а я моцна верыў, што гэта праўда. J
Са святаў, якія адзначаліся ў Адвэнце ў нашай сям’і, памятаю Беззаганнае Зачацце. У касцёл у гэты дзень хадзіў з мамай да сёмай гадзіны раніцы, каб пазней паспець у школу. У маёй парафіі Рараты не ладзіліся для дзяцей, але трэба было прынамсі некалькі разоў быць на іх.
Вечарамі жанчыны хадзілі ад хаты да хаты і скубалі пер’е. Пры тым весела спявалі і распавядалі розныя цікавыя гісторыі. Я любіў хадзіць з мамай і слухаць… У Адвэнце пасцілі ў сераду, пятніцу і ў суботу. Ежа была смачная, але без мяса. Якімі ж тады былі смачнымі бульба з кіслым малаком або смажаная рыба!..
Бліжэй да святаў Божага Нараджэння рыхтавалі цацкі на елку. Ад пачатку Адвэнту дзеці збіралі добрыя ўчынкі. Іх сімвалам былі саломінкі сена. У хаце стваралі спецыяльны дамашні алтарык. Туды і складалі сена для Езуса, Які народзіцца ў стаенцы. Памятаю, як з сястрой і стрыечнымі братамі трохі хлусілі, каб як найхутчэй падрыхтаваць яселькі. Бацькі амаль заўсёды выяўлялі нашу дзіцячую хітрасць, тлумачачы, што Бог усё бачыць. На занятках рэлігіі ў Адвэнце рыхтавалі сцэнку на Божае Нараджэнне.
Адвэнт майго дзяцінства – гэта прыгожая школа жыцця і веры, у якой я даведаўся, што Хрыстос, Сын Божы, так палюбіў кожнага чалавека, што захацеў сысці з неба, каб мы маглі туды трапіць. Чытачам “Каталіцкага Весніка” жадаю перажыць час Адвэнту ў атмасферы малітвы, разважанняў і еднасці з Богам!
Ксёндз Антоні Грэмза – рэктар гродзенскага касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, душпастыр моладзі:
– Мой Адвэнт з дзяцінства – гэта час чакання чагосьці цёплага і таямнічага. Для мяне, як для дзіцяці, было вельмі важным прадчуванне вігілійнай вячэры. Я моцна чакаў, калі будзем у сям’і за адным сталом дзяліцца аплаткам. З цягам часу пачаў разумець, што Адвэнт для мяне – гэта магчымасць зноў аднавіць сваё адзінства з Езусам і іншымі людзьмі. А сімволіка Адвэнту дапамагае лепш зразумець, што без Бога нічога добрага не магчыма зрабіць. Мы таксама патрэбныя адно аднаму, бо ўсе з’яўляемся адзінай сям’ёй Божых дзяцей.
Жадаю ўсім чытачам “Каталіцкага Весніка” духоўна аднавіцца падчас сёлетняга Адвэнту, а таксама аднавіць нанова свае сувязі любові з іншымі людзьмі, каб адчуваць, што мы адзіная сям’я Божых дзяцей, што ўсе мы браты і сёстры ў Хрысце!
Ксёндз Аляксей Асон – пробашч парафіі ў Новым Пагосце і Барадзінічах:
– У дзяцінстве для мяне Адвэнт заўсёды быў прадвеснікам Свята. Можа, я не вельмі разумеў і перажываў сэнс гэтага перыяду. Аднак адчуванне таго, што на Каляды здарыцца нешта добрае, было вельмі моцным, хоць нават часам і не сфармуляваным. Лістапад і снежань – месяцы не вельмі ўтульныя. Таму ўжо само па сабе чаканне з рознымі штодзённымі жэстамі і малітвай перамяняла гэты час. А калі гэта чаканне заканчвалася Божым Нараджэннем і я бачыў Дзіцятка Езуса ў яслях і ксяндза Вітальда Малея, які Яго адараваў, з’яўлялася ўпэўненасць, што Пан Бог прыйшоў на свет і кіруе гэтым светам. Ён робіць гэта менавіта для нас, людзей.
Вядома, што калі б мяне спыталіся пра Адвэнт у дзяцінстве, то я б не змог больш-менш дакладна выказаць усё гэта. З гадамі падчас фармацыі ў семінарыі і ў душпастырскай працы я зразумеў, што гэтыя адчуванні і думкі сталі аднымі з многіх цаглінак, на якіх Бог узрасціў маё пакліканне да службы Яму.
Падрыхтавала Ірына Радзевіч
для друку