Адпустовую ўрачыстасць Адшукання Крыжа Пана адзначылі ў Астраўцы

14 верасня адбылася адпустовая ўрачыстасць Адшукання Крыжа Пана. У святкаванні прынялі ўдзел шматлікія святары: пробашч парафіі Юрый Кузьміч, ксёндз-дэкан Антоній Казлоўскі са Смаргоні, ксёндз-дэкан Анатоль Захарэўскі з Міхалішак, кс. Андрэй Яркавец з Багданава, кс. Андрэй Кеўлюк са Слоніма, кс. Павел Ствол з Гервят, а. Аркадзь Куляха і а. Ігнат Падарэцкі з м. Гудагай, кс. Аляксандр Сямінскі з Кямелішак, кс. Леанард Станкоўскі з Солаў, кс. Віталій Валюк і Юзаф Багдзевіч з Астраўца, кс. Алег Шпень з Дайлідак, а таксама кс. Віктар Захарэўскі з Варнян.

Пробашч парафіі кс. Юрый Кузьміч шчыра прывітаў усіх святароў,  сясцёр законных, хор парафіяльны, якія прыбылі на ўрачыстасць, каб разам праслаўляць Бога.

Святую Імшу ўзначаліў ксёндз-канонік Антоній Казлоўскі. Казанне прамовіў кс. Андрэй Кеўлюк. У сваім слове ён разважаў пра значэнне Крыжа ў жыцці хрысціяніна, яго гісторыю. Праз жыццёвыя прыклады і сведчанні людзей ён паказаў, як вера дапамагае несці свой жыццёвы крыж, і падкрэсліў, што Бог заўсёды падтрымлівае тых, хто давярае Яму.

Святар адзначыў , што вобраз крыжа — гэта не проста сродак абрання, але знак глыбокай веры і самаахвярнасці.

«Крыж — гэта цяжар, — гаварыў прапаведнік. — Гісторыя першых хрысціянаў сведчыць пра тое, як шмат з іх аддавала сваё жыццё за крыж Хрыста, за Езуса». Ён таксама звярнуў увагу на словы: «Якое міласэрнае гэта дрэва — крыж Збаўцы Езуса Хрыста».

У гэты ж дзень у парафіі адбылася эўхарыстычная працэсія, якая стала ўрачыстым завяршэннем свята і аб’яднала вернікаў у супольнай малітве перад Найсвяцейшым Сакрамантам.

Вольга Заянчкоўская, тэкст
Анастасія Ёдзік, Вольга Заянчкоўская, фота

для друку для друку