29 чэрвеня ў вёсцы Радзюкі, якая належыць да парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне, адбылося асвячэнне новага крыжа. Крыж усталяваны па ініцыятыве католікаў гэтай вёскі на месцы ранейшага драўлянага.
Як распавядаюць самі жыхары, першы драўляны крыж быў усталяваны вернікамі каталіцкага веравызнання ў 1991 годзе. Галоўным арганізатарам гэтай справы быў Іван Лазовік. Асвяціў той крыж біскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ў той час наведваў Мосар. Ішлі гады, крыж падгніў. У 2012 годзе адноўлены драўляны крыж зноў усталяваны і асвечаны ў вёсцы Радзюкі. Прастаяўшы яшчэ 12 год і гэты крыж патрабаваў замены, жыхары прыйшлі да высновы, што трэба рабіць з металу. Падтрымалі пачэсную справу не толькі жыхары-католікі, але і праваслаўныя вернікі.
Ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла жыхары вёскі, а таксама іх дзеці і ўнукі, сабраліся ля крыжа на супольную малітву. Пасля чэрвеньскага набажэнства і спеваў пробашч Шаркаўшчынскай парафіі кс. Віктар Сініцкі SCJ асвяціў прыдарожны крыж.
Святар падзякаваў жыхарам за сведчанне веры і пажадаў далей трываць разам з Хрыстом.
Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!















