Адбылася прэзентацыя першага поўнага каталіцкага перакладу «Пяцікніжжа Майсея» на беларускую мову

20 снежня ў пастаральным цэнтры імя св. Дамініка Савіа ў Бараўлянах адбылася падзея сапраўды гістарычнага маштабу — прэзентацыя першага поўнага афіцыйнага рыма-каталіцкага перакладу «Пяцікніжжа Майсея» на беларускую мову. Пяцікніжжа — гэта не проста кніга; гэта мост паміж эпохамі, культурамі і сакральнымі традыцыямі свету.

Урачыстасць сабрала іерархаў Каталіцкага Касцёла, прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх канфесій і рэлігійных абшчын супольнасцяў Беларусі, прадстаўнікоў дзяржаўных уладаў, а таксама шматлікіх вернікаў.

Сустрэчу адкрыў мадэратар прэзентацыі — ксёндз канонік доктар Віктар Гайдукевіч SDB. Ён падкрэсліў, што гэтая падзея з’яўляецца важнай вехай у гісторыі беларускай тэалогіі, біблістыкі і культуры, пасля чаго запрасіў для ўступнага слова Яго Эксцэленцыю Аляксандра Яшэўскага SDB, старшыню Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

Біскуп Аляксандр адзначыў, што прэзентацыя Пяцікніжжа — не толькі культурная, але і духоўная падзея, сведчанне адзінства і братэрства, якое мы пакліканы несці ў свет. Ён зазначыў, што ў час, калі чалавецтва часта губляе арыенціры, Божае слова становіцца нашым верным компасам, які вядзе да супакою, узаемнай павагі і сапраўднай любові. Біскуп падзякаваў кожнаму, хто выканаў гэтую вялікую працу і прычыніўся да сённяшняй урачыстасці: «У асобе кіраўніка Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, ксяндза-каноніка доктара Яна Крэміса, сардэчна дзякую ўсім членам Секцыі, якія з вялікай адданасцю, навуковай дакладнасцю і духоўнай глыбінёй рэалізавалі пераклад і падрыхтоўку гэтага выдання. Іх праца – гэта не толькі лінгвістычны і тэалагічны подзвіг, але перадусім служэнне Божаму слову і душпастырскае служэнне, якое адкрывае вернікам магчымасць глыбей спазнаваць праўду веры. Дзякую Салезіянскаму пастаральнаму цэнтру ў Бараўлянах, за гасціннасць, за падрыхтоўку і арганізацыю нашай прэзентацыі ў якасці мадэратараў».

Таксама іерарх падзякаваў усім, хто на працягу пяці гадоў нястомна працаваў над перакладам і выданнем кнігі, і завяршыў сваю прамову словамі: «З падзякай кожнаму, хто спрычыніўся да гэтай працы, і з надзеяй на яе плённае карыстанне, мы сёння ўручаем гэты дар вернікам. Няхай праз Святое Пісанне мы ўзрастаем у веры, умацоўваемся ў надзеі і распаляемся ў любові».

З дакладам-прэзентацыяй выдання выступіла доктар біблійнай тэалогіі Марына Пашук, супрацоўнік Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла, якая распавяла пра асаблівасці перакладу біблійных тэкстаў і раскрыла асноўныя адметнасці выдання «Пяцікніжжа Майсея» (Мінск, 2025). Між іншым узгадала пра тое, што гэтае выданне акрамя асноўнага біблійнага тэксту змяшчае біблійны слоўнік, карты тагачасных падзей, ілюстрацыі і наглядны радавод пакаленняў Выбранага народу. Таксама выказала спадзяванне, што Нядзеля Божага слова, якая будзе адзначацца 26 студзеня 2026 года, стане добрай нагодай для прадстаўлення «Пяцікніжжа Майсея» вернікам ва ўсіх парафіях.

Да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся Аляксандр Румак, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей. Ён адзначыў, што з вялікай радасцю прыбыў на гэтую значную падзею, і падкрэсліў, што пераклад Святога Пісання на беларускую мову ўмацоўвае не толькі беларускасць Каталіцкага Касцёла, але і ўсё шматканфесійнае і шматнацыянальнае грамадства краіны. На яго думку, падобныя ініцыятывы з’яўляюцца важным крокам да ўмацавання добрасуседскіх і ўзаемапаважлівых адносін.

Слова таксама меў ксёндз прафесар доктар Вальдэмар Храстоўскі з Варшавы, які сваімі ведамі і досведам кансультаваў у падрыхтоўцы дадзенага выдання. Святар нагадаў, што Святое Пісанне нараджаецца з веры ў Бога і мае мэтай будаванне гэтай веры. Аднак, паводле яго слоў, вера ў Бога — гэта яшчэ не ўсё: Біблія заклікае нас пераходзіць ад веры ў Бога да даверу Богу. Ён падкрэсліў, што пераклад Бібліі — гэта культуратворчы акт, бо з яе вырастае духоўная спадчына Захаду і Усходу, а яго роля для культуры краіны выключна важная.

Протаіерэй Сергій Маўсясян, першы прарэктар Інстытута тэалогіі БДУ, падкрэсліў, што пераклад — гэта працэс мыслення, пераносу сэнсу з мовы незнаёмай на мову зразумелую. З’яўленне перакладу Пяцікніжжа на беларускую мову ён назваў інтэлектуальнай падзеяй і кропкай росту Каталіцкага Касцёла. Гэтая праца, паводле яго слоў, патрабуе шырокіх кампетэнцый і прыносіць сапраўдную карысць толькі тады, калі праводзіцца ў супрацы з Епіскапатам.

Да сабраных таксама звярнуўся старшыня імамаў Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрый Радкевіч. Ён адзначыў, што развіццё многіх культур бярэ пачатак менавіта з перакладу Святога Пісання, і падкрэсліў, што мусульмане Беларусі заўсёды з павагай цікавіліся біблійнымі тэкстамі, якія падтрымліваюць жыццё іх суседаў-хрысціян. Асобна імам паведаміў, што ў цяперашні час вядзецца праца над перакладам Карана на беларускую мову, што, на яго думку, дапаможа ўсім вернікам размаўляць на адной мове — мове любові.

Са словам выступіў і галоўны равін Рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага іўдаізму ў Рэспубліцы Беларусь Грыгорый Абрамовіч. Ён задуменна запытаў: «Як у нас усё атрымліваецца?» — і звярнуў увагу на тое, як удаецца здзейсніць пераклад Пяцікніжжа нягледзячы на кавід, іншыя перашкоды і цяжкія старонкі гісторыі, у тым ліку войны, якія пачыналіся праз недасканалыя пераклады. Равін адзначыў, што дзесяцігоддзі дыялогу паміж рэлігіямі, якія паходзяць ад Абрагама, стварылі ў Беларусі прастору ўзаемапавагі і супольнай працы дзеля дабра, за што варта дзякаваць Усемагутнаму Богу.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, яшчэ раз падкрэсліў гістарычнае значэнне падзеі, сказаўшы: «Словы Пяцікніжжа — гэта перш за ўсё духоўны мост паміж мінулым і сучасным, паміж нашай роднай беларускай мовай і глыбінёй Божага слова». Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ён выказаў шчырую ўдзячнасць усім, хто прычыніўся да перакладу, адзначыўшы, што гэтая праца — не проста пераклад слоў, а ўвасабленне павагі да аўтарытэту Святога Пісання.

Напрыканцы прэзентацыі біскуп Аляксандр Яшэўскі ўрачыста прадставіў надрукаванае выданне «Пяцікніжжа Майсея» (Мінск, 2025) і разам з кс. Янам Крэмісам, яны ўручылі ганаровым гасцям першыя экзэмпляры кнігі.

Фінальным акордам сустрэчы стала ўзнагароджанне ганаровымі граматамі Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі і архідыяцэзіяльнага выдавецтва «Pro Christo», чыя адданая праца зрабіла магчымым выданне «Пяцікніжжа Майсея» і правядзенне гэтай урачыстай і знакавай падзеі.

Прэзентацыя завершылася супольным фотаздымкам, пасля чаго ўсе жадаючыя маглі набыць для сябе і сяброў «Пяцікніжжа Майсея».

Уладзіслаў Зарэцкі ASC, тэкст
с. Марцэліна Мігач, фота

для друку для друку