Адбудзецца візіт Францішка ў Шры-Ланку

daypic.ruТрэці дзясятак гадоў беларускія каталікі чакаюць візіту Папы Рымскага ў сваю краіну. Вернікі, якія ў свой час складалі каля 85% насельніцтва краіны, доўгі час не маюць магчымасці вітаць кіраўніка Сусветнага Касцёла ў сябе на Радзіме з прычын не зусім зразумелых, насуперак жаданню самога Святога Айца і згоды кіраўніцтва краіны.

Тым часам Святога Айца з радасцю сустракаюць у краінах нават не хрысціянскіх. Адной з апошніх наведаных Папам краін была ісламская Турцыя, візіт у якую адбыўся ў лістападзе 2014 г. Сустрэчы са Святым Айцом дачакалася і пераважна будысцкая Шры-Ланка.

Калі студзеньскі нумар “Каталіцкага Весніка” дойдзе да чытачоў, Францішак ужо наведае Шры-Ланку. Візіт адбудзецца 13-14 студзеня 2015 г., неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў у гэтай краіне. Як паведамляе Беларуская служба Ватыканскага радыё, у аўторак, 13 студзеня, у Каломба мае быць міжрэлігійная сустрэча, вельмі важная для краіны, 70% насельніцтва якой складаюць будысты, 12-13% – паслядоўнікі індуізму, 10% – мусульмане і толькі 7% – хрысціяне, пераважна католікі.

Нягледзячы на стэрэатыпы, хрысціяне хоць і складаюць выразную рэлігійную меншасць на востраве, усё ж не з’яўляюцца там чужымі. Паводле традыцыі, першым прапаведнікам хрысціянства на Шры-Ланцы быў апостал Тамаш у I стагоддзі. Пасля яго прыбыцця невялікія хрысціянскія паселішчы засноўваліся на беразе вострава. Хрысціянскае насельніцтва значна павялічылася і ўзмацнілася з прыбыццём першых партугальскіх місіянераў у XV стагоддзі. У XVII стагоддзі Шры-Ланкай авалодалі галандцы, і да 1722 г. галандскія місіянеры змаглі навярнуць 21% насельніцтва Шры-Ланкі ў хрысціянства. На сёння ўдзельная вага хрысціянаў тут істотна зменшылася, але 88% сучасных хрысціян, якія пражываюць у асноўным у паўночна-заходняй частцы вострава, складаюць каталікі.

На сераду, 14 студзеня, запланавана Святая Імша з нагоды кананізацыі блаславёнага Джозефа Ваза, рэлігійнага дзеяча, які адыграў важную ролю ў евангелізацыі Шры-Ланкі ў XVII-XVIII стст. Джозеф Ваз родам з Індыі, пасля навучання ў езуіцкім калегіуме становіцца святаром і, даведаўшыся аб бядотным становішчы каталікоў на Цэйлоне, у 1686 г. едзе туды, каб акармляць там мясцовых вернікаў. У 1696 г. у ваколіцах горада Кандзі, сталіцы краіны, здарылася засуха, і кіраўнік Кандзі заклікаў манахаў-будыстаў маліцца аб дажджы. Джозеф Ваз таксама далучыўся да малітвы, паставіўшы алтар з крыжам у цэнтры плошчы. Адразу пасля яго малітвы пайшоў праліўны дождж, які зусім не намачыў алтар, збудаваны Джозефам Вазам. Пасля гэтай падзеі кіраўнік Кандзі дазволіў яму бесперашкодна прапаведаваць хрысціянства па ўсёй краіне. Ад гэтага часу блаславёны пачаў арганізоўваць каталіцкія місіі па ўсім востраве. 21 студзеня 1995 г. місіянер быў абвешчаны блаславёным падчас візіту Папы Яна Паўла ІІ на Шры-Ланку.

Пасля Імшы Францішак памоліцца ў Святыні Маці Божай Ружанцовай у Маду – на поўначы краіны, дзе большасць насельніцтва складаюць тамілы, карэннае насельніцтва Паўднёвай Індыі, якое было адным з бакоў грамадзянскай вайны, што пачалася ў ліпені 1983 г. Тады баевікі з «Тыграў вызвалення Таміл-Ілама» забілі 13 салдат. Вайна скончылася толькі ў 2009 г. дзякуючы рашучым дзеянням арміі і ўрада на чале з прэзідэнтам Махінды Раджапаксы. У сваім звароце Папа Францішак надасць асаблівую ўвагу неабходнасці прымірэння пасля канфлікту.

Са Шры-Ланкі Святы Айцец накіруецца на Філіпіны, найбольшую каталіцкую краіну ў Азіі. Па дарозе назад ён, чарговы раз пралятаючы над Беларуссю, накіруе прывітальную тэлеграму кіраўніку нашай краіны, а сотні тысяч каталікоў Беларусі, з надзеяй гледзячы ў неба, і надалей застануцца ў чаканні таго, калі нарэшце самалёт Рымскага Пантыфіка атрымае магчымасць прызямліцца на беларускай зямлі.

Айцец Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст

для друку для друку