Ад музыкі – да шлюбу. Сведчанне сям’і Плюта

Бог прыводзіць чалавека да веры рознымі спосабамі: праз незвычайныя сітуацыі, “выпадковых” людзей, рэлігійную літаратуру, хобі. Усемагутны выбірае найбольш зручны шлях для кожнай асобы. У гэтым ёсць свая ўнікальнасць і прыгажосць.

Мінчук Аляксандр Плюта нарадзіўся ў каталіцкай сям’і. Галоўным правадніком у веры для яго была бабуля Яніна Іванаўна, якая клапацілася пра рэлігійнае станаўленне ўнука. Маленькі Саша наведваў нядзельныя і святочныя святыя Імшы, аднак ставіўся да гэтага як да абавязку. У нейкі момант маладому чалавеку падалося, што ў Касцёле ўсё з’яўляецца шаблонным і стандартным. Узнік пэўны крызіс.

З дзяцінства Саша быў далучаны да музыкі: іграў на фартэпіяна, спяваў. Музыка была магутнай сілай, якая матывавала, уздымала, давала крылы, напаўняла супакоем і гармоніяй. Прыйшоўшы аднойчы на святую Імшу, хлопец звярнуў увагу на жанчын, якія спявалі падчас літургіі. Некаторыя з іх прыходзілі спяваць штодня. Музычнае служэнне захапіла юнака. І ён вырашыў далучыцца да кагорты жанчын. А яшчэ праз некаторы час Аляксандр увайшоў у склад хору пры парафіі святых Сымона і Алены.

Несучы музычнае служэнне, хлопец адчуваў сябе па-сапраўднаму шчаслівым, а літургія перажывалася больш поўна і ўрачыста. З цягам часу Аляксандр стаў міністрантам, увайшоў у склад супольнасці “Маргарытка”, стаў чальцом “Жывога Місійнага Ружанца”. Яму хацелася маліцца за іншых, аддаючы Богу свае таленты і здольнасці. А ў 2022 годзе ўзнікла сталае жаданне паглыбіць веды пра Бога і Касцёл. Тады і прыйшла ідэя паступіць у Мінскі тэалагічны каледж імя святога Яна Хрысціцеля. Добры намер Саша не стаў адкладаць у доўгую скрыню.

Гады навучання праляцелі незаўважна. І ў чэрвені бягучага года выпускнік тэалагічнай навучальнай установы атрымаў доўгачаканы дыплом, а разам з ім – дзве кваліфікацыі: касцельны спеў і рэлігійны турызм.

На сённяшні дзень Аляксандр працуе электраманцёрам на чыгунцы. Некалькі гадоў таму ён скончыў БНТУ і зараз удала сумяшчае служэнне ў Касцёле і свецкую працу. Касцёл з цягам часу стаў месцам сілы, сяброўства, рэалізацыі талентаў. Зараз малады католік ужо не ўяўляе свайго жыцця па-за межамі супольнасці. У летні час Аляксандр паехаў на “Музычную майстэрню” ў Івянец, дзе хацеў паглыбіць свае веды, пазнаёміцца з новымі людзьмі, правесці час у атмасферы гармоніі. “Музычная майстэрня” 2024 года стала лёсавызначальнай для хлопца. Тады малады музыкант знаходзіўся ў пэўных пошуках сябе і свайго жыццёвага паклікання. На той момант хлопцу хацелася мець побач спадарожніцу, якая падзяляла б яго жыццёвыя погляды, практыкавала б веру і гэтак жа моцна любіла музыку.

Адносіны з дзяўчатамі звычайна заканчваліся чарговым расчараваннем. Аднойчы, адаруючы Найсвяцейшы Сакрамант, хлопец папрасіў у Бога або паставіць на яго шляху надзейную спадарожніцу, якая ў далейшым стане жонкай, або не даваць больш ніякіх адносін. На “Музычнай майстэрні”  нечакана для самога сябе Саша іншымі вачыма паглядзеў на адну з удзельніц. Ёй аказалася Дар’я Брышцель – актыўная каталічка і настаўніца музыкі. Ва ўсмешлівай прыгажуні было нешта прыцягальнае, роднае і блізкае. Хлопцу хацелася загаварыць з Дашай. Аднойчы на рэпетыцыі ён заўважыў, што жоўтыя сонечныя стужкі ў валасах дзяўчыны пераклікаюцца з колерам яго світара. Дзяўчына ўсміхнулася. З гэтага часу завязаліся зносіны, заснаваныя на бязмернай любові да Бога і музыкі. У сэрцы хлопца з’явіўся спакой і ўпэўненасць у тым, што, нарэшце ён сустрэў дзяўчыну, з якой хоча будаваць далейшае жыццё. У навагоднюю ноч хлопец зрабіў прапанову рукі і сэрца Дашы. Яна без ваганняў згадзілася стаць яго жонкай.

Пачалася падрыхтоўка да вяселля. Найбольш хвалюючым для нарачоных быў момант шлюбу. Загадзя яны абдумалі, у якім касцёле хочуць прыняць сакрамант, паклапаціліся і пра належнае музычнае суправаджэнне. Маладыя людзі працягвалі наведваць касцёл, разам маліліся і спявалі, просячы Бога пра годную падрыхтоўку да сакраманту. За некалькі месяцаў нарачоныя паспелі зблізіцца духоўна праз удзел у пілігрымках, моладзевых сустрэчах і сумесных малітвах.

Дата 20 верасня 2025 года стала найважнейшай у жыцці Аляксандра і Дар’і. У гэты дзень у роднай для Дашы Светлагорскай парафіі адбыўся сакрамант шлюбу, які маладым удзяліў біскуп Андрэй Зноска. Спявалі на шлюбе хрысціянскія музыкі Паўліна Гардзіенка і сям’я Шаранковых. Пасля цырымоніі госці адзначалі, што ў момант шлюбнага абяцання твары маладых свяціліся асаблівым святлом і прыгажосцю.

Выпалі на лёс маладой сям’і і пэўныя выпрабаванні. Пасля заключэння шлюбу муж і жонка вымушаныя жыць на адлегласці больш за дзвесце кіламетраў: Даша – у родным Светлагорску, а Саша – у Мінску. Дзяўчыне засталося скончыць абавязковую адпрацоўку. Тады маладая сям’я зможа ўз’яднацца. Зразумела, што муж і жонка сумуюць адно па адным, але стараюцца не падаць духам і аказваць падтрымку і дапамогу. Даша зараз вучыцца ў катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах. Разам з Дашай едзе на заняткі і Саша, каб разам правесці час і падтрымаць любую жонку ў добрым пачынанні.

З’явіліся ў сям’і і свае традыцыі. Кожны вечар маладыя людзі збіраюцца на сумесную малітву. Часам муж і жонка знаходзяцца на адлегласці, моляцца анлайн, а часам знаходзяцца побач, дзякуючы за чарговы дзень. Кожная малітва заканчваецца гімнам любові святога Паўла. Словы са Святога Пісання нагадваюць пра галоўныя прынцыпы сапраўднай любові.

Ёсць у сужэнцаў і агульная мэта, якую яны хочуць рэалізаваць. Яна звязаная з духоўнай матэрыяй. Муж і жонка хочуць прайсці паломніцкі шлях у Санцьяга-дэ-Кампастэла.

На дадзены момант Саша і Даша адчуваюць сябе па-сапраўднаму шчаслівымі. І гэта не значыць, што сям’я не сутыкаецца з жыццёвымі штормамі, канфліктамі, непаразуменнямі. Каталіцкія сем’і, як і ўсе астатнія, сварацца, маюць розны погляд на адну і тую ж рэч. Розніца толькі ў тым, што, трапіўшы ў жыццёвы шторм, усю надзею яны пакладаюць на Бога, а выходзяць са складанай сітуацыі, абапіраючыся на Божае права. Вядомы афарызм сцвярджае: “Сэнс жыцця не ў тым, каб чакаць, калі скончыцца нянасце, а ў тым, каб навучыцца танцаваць пад дажджом”. Гэтай думкі якраз і прытрымліваюцца сужэнцы Плюта.

Марта Венславовіч
Фота з архіву сям’і Плюта

для друку для друку