Абвешчаны першы лаўрэат прэміі ватыканскага фонду св. Яна Паўла ІІ

Ватыканскі фонд св. Яна Паўла ІІ абвясціў аб першым уручэнні ўзнагароды, заснаванай у 2023 годзе для адзнакі асоб, арганізацый або ініцыятыў, якія ўвасабляюць вучэнне Папы-паляка ў навуковай, культурнай і грамадскай дзейнасці. Першым лаўрэатам стаў цэнтр Яна Паўла ІІ «Справядлівасць і мір» ва Угандзе.

Прэмія была заснавана 7 лютага 2023 г. рашэннем адміністрацыйнага савета фонду з мэтай узнагароджання асоб, арганізацый або ініцыятыў, якія ў сваёй навуковай, культурнай і грамадскай дзейнасці абапіраюцца на вучэнне або прыклад святога Яна Паўла ІІ, спрыяюць папулярызацыі яго спадчыны ў Касцёле і свеце, а таксама падтрымаць творчую рэалізацыю каштоўнасцяў, прапагандаваных св. Янам Паўлам ІІ і пастырскія праекты, распачатыя падчас пантыфікату Папы Вайтылы.

Кандыдатаў на ўзнагароду адбірае капітула, якая складаецца з трынаццаці членаў, якія вылучаюцца сваім аўтарытэтам і прадстаўляюць розныя сферы ведаў і дзейнасці Касцёла. У кастрычніку мінулага года міжнародная капітула прэміі св. Яна Паўла ІІ пад старшынствам кардынала Курта Коха, прэфекта Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, выбрала першага лаўрэата. Ім стаў цэнтр «Справядлівасць і мір» імя Яна Паўла ІІ у Кампале (Уганда).

Гэта арганізацыя, заснаваная ў 2006 г. па ініцыятыве сямі манаскіх кангрэгацый, якія дзейнічаюць ва Угандзе, натхнёных Апостальскай адгартацыяй «Ecclesia in Africa» (1995). Мэтай цэнтра Яна Паўла ІІ з’яўляецца практычнае распаўсюджванне сацыяльнага вучэння Касцёла, асабліва таго, што змяшчаецца ў вучэнні рымскіх біскупаў, у прыватнасці святога Яна Паўла ІІ.

Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца ў Ватыкане 22 мая.

Па матэрыялах Vatican News
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку