4 кастрычніка 2021 года была афіцыйна абвешчана дата правядзення бліжэйшых Сусветных дзён моладзі. Форум адбудзецца з 1 па 6 жніўня 2023 года ў Лісабоне.
“Абвяшчэнне даты Сусветных дзён моладзі ў дзень св. Францішка Асізскага – гэта вельмі важны момант для ўсіх нас”, бо маладыя людзі ва ўсім свеце ўжо даўно хацелі ведаць яе, каб пачаць рыхтавацца да падарожжа ў сталіцу Партугаліі, — гаворыцца ў паведамленні Арганізацыйнага камітэта форума.
“Мы спадзяёмся, што 22 месяцы, якія аддзяляюць нас ад Сусветных дзён моладзі, стануць для ўсіх часам евангелізацыі”, — заявіў кардынал Мануэль Клементэ, Патрыярх Лісабона. Адзначаецца, што на цяперашні час у падрыхтоўцы форума задзейнічана каля 400 валанцёраў, пераважна партугальцаў. У сваю чаргу ў кожнай з 21-й дыяцэзій краіны былі створаны лакальныя арганізацыйныя камітэты.
Важнымі падзеямі на шляху падрыхтоўкі да Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне сталі:
- прэзентацыя лагатыпа, якая адбылася ў кастрычніку 2020 г.;
- перадача сімвалаў форума, у лістападзе 2020 г.;
- стварэнне гімну Сусветных дзён моладзі, які быў прадстаўлены ў студзені 2021 г.
Сусветныя дні моладзі – найбуйнейшы каталіцкі форум, які праводзіцца кожныя два-тры гады ў розных краінах свету, і збірае мільёны маладых людзей з усёй планеты. Сустрэча ў сталіцы Партугаліі стане 33-й па ліку. Першыя Сусветныя дні адбыліся ў 1986 годзе ў Рыме, а апошнія – у 2019 годзе ў Панаме. Форум у Лісабоне павінен быў адбыцца летам 2022 г., але быў перанесены на іншы тэрмін у сувязі з пандэміяй каранавірусу.
Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!