«Аб’яўляць жыццём і словам таямніцу Божай Міласэрнасці». У Паставах супольнасць «Фаустынум» прыняла новых чальцоў

28 верасня парафію св. Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця НПМ у Паставах наведаў  пастыр Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч з нагоды цырымоніі прыняцця новых чальцоў у супольнасць «Фаустынум».

Перад пачаткам святой Імшы вернікі памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці і літанію да Божай Міласэрнасці.

На пачатку Эўхарыстыі біскуп Алег Буткевіч звярнуўся да вернікаў: «Жывое Евангелле ў асобе Міласэрнага Езуса з“яўляецца радаснай «навінай», якую Касцёл штодзённа перадае і якой дае сведчанне для ўсіх людзей. У гэтым аб“яўленні паслання Міласэрнасці бяруць актыўны ўдзел апосталы Божай Міласэрнасці. За хвіліну будзем сведкамі цырымоніі прыняцця новых чальцоў у супольнасць «Фаустынум». Яны прагнуць пад апекай Марыі, Маці Міласэрнасці, праз свае справы, словы і малітвы паказваць кожнаму невычарпальную крыніцу міласэрнай любові Бога».

17 кандыдатаў склалі перад біскупам абяцанні ісці да святасці дарогай даверу Богу, клапаціцца пра справу міласэрнасці для бліжніх, спазнаваць  таямніцу Божай міласэрнасці і аб“яўляць яе свету сведчаннем жыцця і словам, выпрошваць Божую міласэрнасць для свету.

Затым прадстаўніца старшыні супольнасці «Фаустынум» сястра Дыяна ўручыла пасведчанні новым чальцам супольнасці.

Святую Імшу цэлебраваў біскуп Алег Буткевіч.

Казанне прамовіў кс. Эдвард Сінкевіч SCJ. Разважаючы над прыпавесцю пра багача і Лазара святар адзначыў, што Езус не асуджае багацце. Багач быў асуджаны за тое, што не заўважаў Лазара, які знаходзіўся побач і чакаў дапамогі. Гэта гісторыя пра абыякавасць і яе наступствы. Імя «Лазар» перакладаецца як «Бог дапамагае». Багач не скарыстаў дадзены Богам шанс, не заўважыў Лазара. Езус пытаецца ў кожнага з нас: «Хто той Лазар,які чакае тваёй увагі, без якога не зможаш увайсці на неба?» Магчыма гэта твой муж або жонка, дзеці або сусед. Трэба мець адкрытыя вочы, пацікавіцца, хто чакае маёй дапамогі. Няхай Святы Дух нам у гэтым дапаможа.

Пасля святой Імшы новыя апосталы Божай Міласэрнасці выказалі словы падзякі біскупу Алегу Буткевічу і пробашчу парафіі ксяндзу Вадзіму Прасяному, сёстрам законным с. Дыяне, с. Канстанцыі.

Невялікая даведка пра супольнасць «Фаустынум».

Супольнасць была заснавана ў 1996 годзе ў польскім горадзе Кракаве ў Лагеўніках па просьбе вернікаў. Натхненнем сталі прагненні св.сястры Фаустыны Кавальскай, выказаныя ў яе «Дзённічку». У Паставах першае фармацыйнае спатканне адбылося 7 сакавіка 2008 года пад кіраўніцтвам сястры Канстанцыі ZMBM. Таксама ў 2012 годзе супольнасць з“явілася ў Мінску, куды даязджае сястра Канстанцыя. Цяпер у Паставах налічваецца 24 чальцы супольнасці і прыкладна столькі ж у Мінску.

Наогул супольнасць «Фаустынум» дзейнічае у 90 краінах свету. Агульная інтэнцыя – выпрошваць Божую міласэрнасць для ўсяго свету. Чальцы супольнасці практыкуюць Набажэнства да Божай Міласэрнасці, ушаноўваюць абраз Божай Міласэрнасці, урачыстасць Божай Міласэрнасці, нясуць бліжнім дар малітвы, слова і справы. Кожны з іх абавязаны здзяйсняць хаця б адзін учынак міласэрнасці на працягу дня.

Далучыцца да супольнасці можа кожны вернік, які мае 18+ гадоў, які на працягу года будзе 1 раз у месяц наведваць фармацыйныя сустрэчы.

Алена Пажога, тэкст;
Леанід Юрык, фота 

для друку для друку