У Заўліччы мясцовыя жыхары і валанцёры добраўпарадкавалі месца страчанай капліцы

Калісьці велічнае месца ўшанаванне Бога, з хорамі і арганам – цяпер толькі рэшткі падмурка, зарослыя хмызняком ды дрэвамі, ледзь нагадваюць аб велічы былой святыні. І так выглядала месца страчанай капліцы ў вёсцы Заўлічча (цяпер Заўлічча Новае, Пастаўскі р-н, Докшыцкі дэканат) год таму.

Аднак у мінулую соботу там адбылося вялікая справа. 15 тутэйшых жыхароў і невялікая групка валанцёраў з Мінска прынялі ўдзел у добраўпарадкаванні месца былой святыні, дзе ў даваенны час знаходзіўся абраз Езуса Міласэрнага, перададзены ў дар (1938 г.) ксяндзом з Вільні Міхалам Сапоцькам тагачаснаму пробашчу з Ваўкалат – ксяндзу Рамуальду Дронічу.

Мяркуецца, што менавіта гэта адзін з трох напісаных абразоў мастаком Яўгенам Казіміроўскім са словаў сястры Фаўстыны Кавальскай. Некаторыя са старажылаў памятаюць і гэты абраз і саму капліцу, якая, магчыма, была падобная да капліцы Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў вёсцы Дубок (Астравецкі р-н, Смаргонскі дэканат). Бо менавіта да свайго служэння ў Ваўкалацкай парафіі, ксёндз Рамуальд з’яўляўся душпастырам парафіі ў Жодзішках. Так ён у 1929 годзе ў Дубку ўзвёў двух’ярусную драўляную капліцу. Верагодна, што яна і стала прататыпам будучай святыні ў вёсцы Заўлічча.

Капліца ў Дубку, якую пабудаваў кс. Рамуальд Дроніч

Ідэю аднаўлення месца былога ўшанавання абраза Езуса Міласэрнага цяперашняга пробашча Ваўкалацкай парафія святога Яна Хрысціцеля ксяндза Алега Півавара падтрымаў ксёндз прэлат Уладзіслаў Завальнюк, пробашч парафіі Спаслання Святога Духа ў Барысаве, а таксама адзін з кіраўнікоў малітоўнага руху “Легіён Марыі” –  Уладзімір Вайцяховіч, чые продкі родам з гэтых мясцін, а сам Уладзімір даўно ўжо даследуе гісторую з’яўлення абраза ў Яго Міласэрным Абліччы.

Уладзімір Вайцяховіч

Спачатку некалькі мужчын з бензапіламі спілавалі кусты і маладыя дрэвы, што раслі ў “памяшканні” капліцы, затым іншыя адносілі іх да вогнішча, што было арганізавана каля вады. З кожнай хвілінай прастора пашыралася, і месца рабілася святлейшым. Гледзячы, як  “адкрывалася святыня, – уяўлялася, як магла выглядаць капліца. А напрыканцы працы над нашымі галовамі праляцеў бусел, як знак прысутнасці Святога Духа, нібы нябеснае пацвярджэнне таго, што мы на правільным шляху.

Памаліўшыся а 15-й гадзіне Вяночакам да Божай Міласэрнасці, узгададіся словы якія былі прадыктаваны сястры Фаўстыне Кавальскай самім Езусам. “… Не бойся, Я не пакіну цябе адну. Рабі ў гэтай справе, што можаш, а Я здзейсню ўсё, што ты не здолееш; ты ведаеш, што ў тваіх сілах, – тое і рабі” (сшытак II, запіс 881). Так і ксёндз Рамуальд рабіў усё магчымае, каб захаваць веру ў цяжкія часы, і нягледзячы на пераследы, касцёл у Ваўкалаце застаўся адчыненым – гэта стала відавочным знакам таго, што “справа належыць Богу”.

Ксёндз Алег падзякаваў усім, хто змог у гэты дзень папрацаваць на хвалу Божую і зрабіў першы бачны крок для аднаўлення страчанай гісторыі месца і самой святыні. “Каплічка ўжо шмат год была заросшая, але сённяшні дзень паказаў, што кожны з нас можа ўнесці свой уклад з рознымі магчымасцямі, каб навокал стала прыгажэй”. І папрасіў, каб у гэтым месцы гучала малітва: “тут варта збірацца і сюды пілігрымаваць, бо месца гэтае святое, месца Божай Міласэрнасці…”, – дадаў пробашч Алег Півавар.

Плануецца, што ў бліжайшы час тут з’явіцца крыж з распяццем, лаўкі, інфармацыйныя стэнды аб закінутай святыні і абраз Міласэрнага Езуса. А таксама ў далейшых планах арганізаваць пілігрымку і зладзіць набажэнства, рыхтуючыся да 130-годдзя з дня нараджэння ксяндза Рамуальда Дроніча, якое будзе адзначацца ў 2027 годзе.

На YouTube канале “Голас Душы” вы можаце паглядзець дакументальнае відэа “Добраўпарадкаванне вакол страчанай капліцы ў Заўліччы”, як зараз сілуэт былой капліцы становіўся ўсё больш выразным. А таксама знайсці ўспаміны з мінулага года мясцовых жанчын “аб страчанай капліцы” ў Заўліччы.

Віктар Ведзень

для друку для друку