- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У Заўліччы мясцовыя жыхары і валанцёры добраўпарадкавалі месца страчанай капліцы

[1]Калісьці велічнае месца ўшанаванне Бога, з хорамі і арганам – цяпер толькі рэшткі падмурка, зарослыя хмызняком ды дрэвамі, ледзь нагадваюць аб велічы былой святыні. І так выглядала месца страчанай капліцы ў вёсцы Заўлічча (цяпер Заўлічча Новае, Пастаўскі р-н, Докшыцкі дэканат) год таму [2].

Аднак у мінулую соботу там адбылося вялікая справа. 15 тутэйшых жыхароў і невялікая групка валанцёраў з Мінска прынялі ўдзел у добраўпарадкаванні месца былой святыні, дзе ў даваенны час знаходзіўся абраз Езуса Міласэрнага, перададзены ў дар (1938 г.) ксяндзом з Вільні Міхалам Сапоцькам тагачаснаму пробашчу з Ваўкалат – ксяндзу Рамуальду Дронічу.

Мяркуецца, што менавіта гэта адзін з трох напісаных абразоў мастаком Яўгенам Казіміроўскім са словаў сястры Фаўстыны Кавальскай. Некаторыя са старажылаў памятаюць і гэты абраз і саму капліцу, якая, магчыма, была падобная да капліцы Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў вёсцы Дубок (Астравецкі р-н, Смаргонскі дэканат). Бо менавіта да свайго служэння ў Ваўкалацкай парафіі, ксёндз Рамуальд з’яўляўся душпастырам парафіі ў Жодзішках. Так ён у 1929 годзе ў Дубку ўзвёў двух’ярусную драўляную капліцу. Верагодна, што яна і стала прататыпам будучай святыні ў вёсцы Заўлічча.

[3]

Капліца ў Дубку, якую пабудаваў кс. Рамуальд Дроніч

Ідэю аднаўлення месца былога ўшанавання абраза Езуса Міласэрнага [4] цяперашняга пробашча Ваўкалацкай парафія святога Яна Хрысціцеля ксяндза Алега Півавара падтрымаў ксёндз прэлат Уладзіслаў Завальнюк, пробашч парафіі Спаслання Святога Духа ў Барысаве, а таксама адзін з кіраўнікоў малітоўнага руху “Легіён Марыі” –  Уладзімір Вайцяховіч, чые продкі родам з гэтых мясцін, а сам Уладзімір даўно ўжо даследуе гісторую з’яўлення абраза ў Яго Міласэрным Абліччы.

[5]

Уладзімір Вайцяховіч

Спачатку некалькі мужчын з бензапіламі спілавалі кусты і маладыя дрэвы, што раслі ў “памяшканні” капліцы, затым іншыя адносілі іх да вогнішча, што было арганізавана каля вады. З кожнай хвілінай прастора пашыралася, і месца рабілася святлейшым. Гледзячы, як  “адкрывалася святыня, – уяўлялася, як магла выглядаць капліца. А напрыканцы працы над нашымі галовамі праляцеў бусел, як знак прысутнасці Святога Духа, нібы нябеснае пацвярджэнне таго, што мы на правільным шляху.

Памаліўшыся а 15-й гадзіне Вяночакам да Божай Міласэрнасці, узгададіся словы якія былі прадыктаваны сястры Фаўстыне Кавальскай самім Езусам. “… Не бойся, Я не пакіну цябе адну. Рабі ў гэтай справе, што можаш, а Я здзейсню ўсё, што ты не здолееш; ты ведаеш, што ў тваіх сілах, – тое і рабі” (сшытак II, запіс 881). Так і ксёндз Рамуальд рабіў усё магчымае, каб захаваць веру ў цяжкія часы, і нягледзячы на пераследы, касцёл у Ваўкалаце застаўся адчыненым – гэта стала відавочным знакам таго, што “справа належыць Богу”.

Ксёндз Алег падзякаваў усім, хто змог у гэты дзень папрацаваць на хвалу Божую і зрабіў першы бачны крок для аднаўлення страчанай гісторыі месца і самой святыні. “Каплічка ўжо шмат год была заросшая, але сённяшні дзень паказаў, што кожны з нас можа ўнесці свой уклад з рознымі магчымасцямі, каб навокал стала прыгажэй”. І папрасіў, каб у гэтым месцы гучала малітва: “тут варта збірацца і сюды пілігрымаваць, бо месца гэтае святое, месца Божай Міласэрнасці…”, – дадаў пробашч Алег Півавар.

Плануецца, што ў бліжайшы час тут з’явіцца крыж з распяццем, лаўкі, інфармацыйныя стэнды аб закінутай святыні і абраз Міласэрнага Езуса. А таксама ў далейшых планах арганізаваць пілігрымку і зладзіць набажэнства, рыхтуючыся да 130-годдзя з дня нараджэння ксяндза Рамуальда Дроніча, якое будзе адзначацца ў 2027 годзе.

На YouTube канале “Голас Душы” вы можаце паглядзець дакументальнае відэа “Добраўпарадкаванне вакол страчанай капліцы ў Заўліччы [6]”, як зараз сілуэт былой капліцы становіўся ўсё больш выразным. А таксама знайсці ўспаміны з мінулага года мясцовых жанчын “аб страчанай капліцы [2]” ў Заўліччы.

Віктар Ведзень