Адна мая добрая знаёмая аднойчы прыйшла да мяне ў вельмі ўзрушаным стане. “Я стамілася ад маніпуляцый і выкарыстання”, – гэтая думка лейтматывам гучала ў яе аповядзе. Дзяўчына некалькі месяцаў таму выйшла замуж і адразу сутыкнулася з праблемамі. Яе муж і новая сям’я лічыліся католікамі, але не практыкавалі веру. Мая ж знаёмая была выхаваная па-іншаму, яна актыўна практыкавала веру. Кожны раз, калі яе новыя родзічы рабілі тое, што выходзіла за межы маральных і чалавечых нормаў, яны прыводзілі адзіны аргумент: “Ты ж каталічка! Ты павінна цярпець! Калі, канешне, ты сапраўдная каталічка”. І гэтая маладая асоба даравала зняважлівае стаўленне да сябе, недарэчныя жарты, алкагольныя зрывы свайго мужа. Яна лічыла, што так паводзіць сябе правільна. Але пазней пачулася цалкам спустошанай і разбітай.
У думках я пасля часта вярталася да гэтай сітуацыі. У жыцці кожнага католіка сапраўды ёсць цэлы шэраг людзей, якія імкнуцца навязаць пэўныя “каталіцкія” прынцыпы паводзінаў. Католік павінен дараваць – гэта адна з першых догмаў, якой карыстаюцца маніпулятары. Расшыфроўваецца гэта вельмі проста: католік павінен дараваць гвалт, здраду, непавагу. Часта маніпуляцыя будуецца на падмене паняццяў: “дараваць” азначае паводзіць сябе так, як быццам нічога не здарылася. Насамрэч, прабачэнне – гэта працэс, а не кнопка, з дапамогай якой можна вырашыць любую праблему. Дараванне ўключае прызнанне праўды: мне зрабілі шкоду, пэўную непрыемнасць, але чалавек не павінен цярпець зноў знявагу і здзек, а таксама мірыцца, што, каб рана зажыла, патрэбны пэўны прамежак часу. Трэба адзначыць, што дараванне бывае звязанае з усталяваннем межаў. Варта прабачыць, але адносіны неабходна перавесці ў іншы, больш фармальны кантэкст. Зразумела, што не патрэбна чакаць помсты і жадаць зла чалавеку, які пакрыўдзіў ці зняважыў.
Католік павінен падзяліцца апошнім – таксама адна аксіёма, якой карыстаюцца маніпулятары. У сувязі з гэтым прыгадваецца яшчэ адна гісторыя. Да пэўнай жанчыны, што выхоўвала дзіця, аднойчы звярнулася іншая. Яна папрасіла аддаць дзіцячае адзенне для сваёй дачкі, спаслаўшыся на цяжкае фінансавае становішча. Гэтая жанчына пашкадавала дзяўчынку і яе маму, яна сабрала не толькі рэчы, але і дзіцячую мэблю, цацкі. Праз некалькі дзён пасля таго, як рэчы былі перададзеныя, наша міласэрная і спагадлівая жанчына заўважыла, што яны прадаюцца на адной з інтэрнэт-барахолак… На жаль, у жыцці так здараецца, што дабрынёй і спагадлівасцю людзі карыстаюцца дзеля сваіх мэтаў. Таму дабрыня павінна быць мудрай і разважлівай.
Католік павінен быць дасканалым – чарговы стэрэатып, якім карыстаюцца людзі. “Сапраўдны католік не размаўляе такім тонам. Ты ж раздражняешся!”, “Ты молішся ўсяго раз на дзень? А яшчэ называеш сябе вернікам?” – гэтыя і многія іншыя выказванні з’яўляюцца сапраўдным тэрорам дасканаласці. Вера раптам ператвараецца ў спіс правілаў, а парафія – у прастору, дзе кожны крок ацэньваецца. Чалавек, які спрабуе жыць паводле Евангелля, раптам трапляе ў пастку, бо, каб быць добрым католіком, трэба быць святым 24/7. Але Хрыстус ніколі не ствараў такога клуба ідэальных хрысціян. Ён прыйшоў да рыбакоў, мытнікаў і блудніц – да тых, хто не імкнуўся быць дасканалымі, бо разумелі, што гэта немагчыма.
“Ты ж католік” – гэтыя тры словы могуць гучаць па-рознаму. Часам – як падтрымка: “Ты ж католік, ты справішся”. Часцей – як абвінавачанне: “Ты ж католік. А значыць, не маеш права на гнеў, стому, няўдачу, сумненні”. І яшчэ часцей – як маніпуляцыя: ”Калі ты па-сапраўднаму верыш, то павінен дараваць, цярпець, аддаваць, маўчаць, згаджацца, апранацца, маліцца…” Аднак католік – гэта не той, хто выконвае нарматывы, а той, хто ідзе за Хрыстом, змагаючыся са сваімі слабасцямі і аддаючы свой лёс у Божыя рукі.
Марта Венславовіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!