18 красавіка ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася Імша падзякі Богу з 35 год з часу заснавання Гродзенскай дыяцэзіі. З гэтай нагоды ў той жа дзень распачалася перэгрынацыя па ўсіх касцёлах дыяцэзіі абраза яе галоўнай Апякункі – Маці Божай Міласэрнасці.
35-ю гадавіну з часу заснавання дыяцэзіі і адраджэння структур Каталіцкага Касцёла на Беларусі нездарма адзначылі ў катэдры – яна лічыцца маці ўсіх святыняў Гродзеншчыны. Цэлебрацыю Імшы ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, які кіруе дыяцэзіяй з 2024 г., прысутнічалі старшыня беларускага каталіцкага епіскапату Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які з 2013 па 2021 год быў дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, які ўзначальваў дыяцэзію з моманту яе заснавання ў 1991-м да 2024 г., Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі кс. прэлат Кшыштаф Сэрока, прэзбітэры, дыяканы, кансэкраваныя асобы, вернікі парафій Гродна і наваколля.
Біскуп Уладзімір Гуляй у пачатку літургіі назваў гісторыю дыяцэзіі “гісторыяй Божай ласкі, якая дзейнічае ў жыцці Касцёла і кожнага з нас”, адзначыўшы, што 35 гадоў таму, калі касцёльныя структуры адраджаліся пасля гадоў выпрабаванняў, Касцёл на Гродзеншчыне атрымаў новыя дыханне, імпульс і надзею. Вітаючы гасцей, іерарх з удзячнасцю нагадаў, што першы біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч “верна і аддана вёў гэты Касцёл, будуючы яго не толькі знешне, але перадусім духоўна, умацоўваючы веру, надзею і любоў у сэрцах людзей”, а арцыбіскуп Юзаф Станеўскі “паходзіць з благаслаўлёнай гродзенскай зямлі і з’яўляецца сынам гэтага Касцёла”, а сёння стаіць на чале мітраполіі “як той, хто не толькі кіруе, але перш за ўсё служыць – праз малітву, праз слова, праз клопат пра кожнага чалавека і пра ўвесь Касцёл”.
Біскуп назваў гэтую ўрачыстасць часам, каб падзякаваць Богу “за святароў, якія ахвярна служылі; за кансэкраваных асобаў, якія былі знакамі Божай прысутнасці; за вернікаў, якія, нягледзячы на цяжкасці, захавалі веру”, а таксама каб падумаць над пытаннямі: “Што далей? Якую будучыню Бог рыхтуе для нашага Касцёла? І якое месца ў гэтай будучыні займае кожны з нас?”
Біскуп Аляксандр Кашкевіч у гаміліі назваў 35-ю гадавіну заснавання дыяцэзіі нагодай “адчуць удзячнасць і выказаць яе Пану ў радаснай супольнай малітве праслаўлення”. Па яго словах, 35-гадовы перыяд – вельмі кароткі прамежак часу, амаль што хвіліна. Параўноўваючы гэты прамежак з 35-гадовым чалавекам, іерарх сказаў: “Гэта чалавек цалкам сталы, які звычайна мае немалы жыццёвы досвед, сям’ю і дзяцей, стабільнае становішча ў грамадстве. (…) Менавіта такі наш Касцёл на Гродзеншчыне – малады, але ўжо сталы, дынамічны і адкрыты на будучыню, які зрабіў уласны ўнёсак, мае сваю гісторыю і традыцыю”.
Іерарх прыгадаў дзень, калі Папа Ян Павел ІІ у сваёй буле “Qui Operam” абвясціў аб заснаванні дыяцэзіі і прызначыў яго першым яе ардынарыем. Біскуп дадаў, што яму нялёгка было прыняць рашэнне Апостальскай Сталіцы: гэта азначала пакінуць Вільню і парафію Святога Духа, пробашчам якой ён быў і добра адчуваў сябе ў парафіяльным душпастырстве. Па яго словах, ён “ведаў, што чакаюць цяжкія і сур’ёзныя задачы, вялікая адказнасць утварэння Касцёла на Гродзеншчыне пасля некалькіх дзесяцігоддзяў яго пераследу і сістэматычнага знішчэння”, але ў духу паслухмянасці прыняў Божую волю, моцна давяраючы Пану і аддаючыся ў апеку Маці Міласэрнасці, якая, паводле выразу, “у Вострай свеціць Браме” ў Вільні. “Я знаходзіў суцяшэнне ў думцы, што тагачасная Гродзеншчына не была духоўнай пустыняй. Бо гэта была частка былой Віленскай архідыяцэзіі, з вельмі багатай, больш чым шасцісотгадовай гісторыяй і ўласнай цудоўнай традыцыяй”, – сказаў біскуп.
Ён адзначыў, што знайшоў у Гродне “Касцёл жывы і моцны, з досведам малітвы, які непахісна прабываў у веры і традыцыі продкаў”, сімвалам якога былі “людзі сярэдняга і старэйшага ўзросту, якія ва ўласных сем’ях і супольнасцях былі сапраўднымі настаўнікамі веры і малітвы, праваднікамі ў духоўным жыцці і вартаўнікамі каталіцкай традыцыі”. Іерарх дадаў, што сустрэў тут цудоўных святароў, дыяцэзіяльных і манаскіх, хоць і нешматлікіх і пераважна пажылога ўзросту, нярэдка хворых і стомленых гадамі служэння звыш сіл, але адважных, выпрабаваных, загартаваных сярод пераследу. “Я бачыў, што на такіх гераічных святароў магу разлічваць, знайду ў іх верных, адданых і нястомных супрацоўнікаў, і разам з імі мы зробім вялікія справы на Божую хвалу”, – сказаў біскуп.
Ён дадаў, што заўсёды мог разлічваць на малітву, дапамогу і супрацоўніцтва законных сясцёр, якія з вялікай адданасцю таемна служылі Богу і Касцёлу нават у самыя цяжкія часы, і на дапамогу многіх свецкіх вернікаў, руплівых, ахвярных і працавітых, якія любілі Касцёл і былі гатовы яму служыць усім сэрцам і з усіх сіл.
Па словах першага ардынарыя дыяцэзіі, яго вельмі суцяшаў той факт, што біскуп Тадэвуш Кандрусевіч, яе тагачасны апостальскі адміністратар, які потым быў накіраваны ў Расію, ужо здолеў закласці моцны фундамент для адраджэння Касцёла на Гродзеншчыне.
“Азіраючыся на гісторыю нашай дыяцэзіі, хачу за ўсё дзякаваць Пану Богу: за кожную падзею, кожнае рашэнне, кожнага чалавека”, – з узрушанасцю сказаў іерарх. У канцы гаміліі ён дадаў, што сёння “пад чулым любячым позіркам Маці Міласэрнасці з Вострай Брамы, дзякуючы заступніцтву святога каралевіча Казіміра і святога Максімільяна, святара і мучаніка, пад кіраўніцтвам маладога, энергічнага і руплівага біскупа Уладзіміра, Касцёл на Гродзеншчыне развіваецца, умацоўваецца, сталее і з надзеяй глядзіць у будучыню”.
У канцы літургіі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі пажадаў супольнасці Гродзенскай дыяцэзіі працягваць узрастаць у веры, заахвоціў заставацца вернымі Богу і Яго Евангеллю, ствараць сваю будучыню на трывалым фундаменце, які заклала старэйшае пакаленне.
Віншаванні гродзенскім іерархам выказалі архімандрыт Сяргей Гаек, навучэнцы Тэалагічнага каледжа ў Гродне, маленькія вернікі катэдральнай парафіі.
Біскуп Уладзімір Гуляй на заканчэнне сказаў: “Сёння мы стаім перад Богам як Яго народ – народ, які памятае, дзякуе і давярае. Дзякуем за мінулае, напоўненае Яго прысутнасцю, перажываем сучаснасць як час Яго дзеяння, з надзеяй глядзім у будучыню, якую Ён нам адкрывае”. Іерарх выказаў падзяку прысутным, назваўшы іх удзел у гэтай урачыстасці “сведчаннем, што Касцёл на Гродзеншчыне жыве, умацоўваецца і нястомна крочыць наперад”, з удзячнасцю выказаўся пра тых, хто “праз малітву, працу і ахвярнасць будаваў духоўны фундамент дыяцэзіі”.
Біскуп дадаў, што юбілей – “заклік да навяртання, аднаўлення, новага кроку наперад”, назваў знакам Божай ласкі тое, што ў гэты час праходзіць Першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі – “час слухання Святога Духа, час супольнага распазнавання і адказнасці за будучыню Касцёла”. Ён пажадаў, каб час працы Сіноду стаў “школай адзінства і часам духоўнага адраджэння, каб мы, як адна супольнасць, з адвагай і даверам крочылі далей шляхамі веры, надзеі і любові, будуючы Касцёл, які з’яўляецца знакам Божай прысутнасці ў свеце”.
“Няхай Бог, які распачаў у нас гэтае добрае дзеянне, сам яго і давядзе да паўнаты”, – сказаў біскуп. Прысутныя іерархі ўдзялілі благаслаўленне на святкаванне 35-годдзя дыяцэзіі ў духу падзякі і праслаўлення Бога і на актыўны, руплівы і шчодры на духоўныя плёны ўдзел у перэгрынацыі абраза Маці Божай Міласэрнасці.
Затым біскуп уручыў абраз прадстаўнікам парафіі ў Шчучыне, з якой такім чынам распачалася перэгрынацыя абраза па дыяцэзіі.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!


