Калі яна хоча ўвайсці ў малітоўны настрой, то ўключае інструментальную музыку, адкрывае Біблію і чытае, пакуль зрок не зачэпіць пэўны выраз. Затым пачынае паступова рухацца ў такт мелодыі, каб даць магчымасць Слову “ажыць” унутры сябе.
Лідчанка Іра Юрэвіч з юнацтва любіць праслаўляць Бога танцам. Сёння дзяўчына ладзіць танцавальныя перформансы ў суседняй Польшчы, натхняючы вернікаў на больш блізкі кантакт з Госпадам. І марыць пра тое, каб адкрыць гэты спосаб праслаўлення землякам.
Служэнне танцам
“Я з дзяцінства хапалася за ўсе магчымыя танцы. Дзе б я ні жыла – у Лідзе, Мінску, Вроцлаве, Кракаве, – паўсюль знаходзіла адпаведныя курсы і асвойвала новую тэхніку. Добра памятаю, як да мяне ўпершыню прыйшла думка, каб аддаць гэты талент Богу, – распавядае Іра. – Але як? Я ж не буду танцаваць падчас св. Імшы…”
Іра Юрэвіч паходзіць з Лідскай парафіі Беззаганнага Зачацця НПМ. З 2015 года дзяўчына жыве ў Польшчы. Скончыла факультэт культуразнаўства ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве. Працуе інструктарам па танцах у мясцовым Доме культуры.
Мы прызвычаіліся, што Літургія часта ўпрыгожваецца спевам, музыкай, нават гучаннем такіх “дзёрзкіх” інструментаў, як гітара ці ўдарныя. Праслаўленне Бога танцам можа падацца незвычайным, часам нават недарэчным. Іра таксама не мела дакладнага разумення, як прымяніць свой талент у служэнні. Пакуль не пазнаёмілася з каталіцкім тэатрам танца “Лілія”.
“Мне давялося паглядзець іх аднайменную пастаноўку, зробленую на падставе Таямніц Святога Ружанца. Па-першае, мяне скарыла якасць харэаграфіі і касцюмы танцораў. Па-другое, было відавочна, што яны не проста рухаюцца, але моляцца, – узгадвае дзяўчына. – На мне гэта пакінула такі моцны духоўны адбітак, які я параўноўваю толькі з досведам перажывання ігнацыянскіх рэкалекцый. Я быццам бы дакранулася да Езуса і Марыі, настолькі блізкімі яны мне падаліся”.
Акрамя выступлення з тэматычнымі харэаграфічнымі пастаноўкамі, тэатр танца “Лілія” мае шырокі спектр дзейнасці. Напрыклад, праводзіць курсы для вернікаў, якія хочуць навучыцца танцу праслаўлення для сябе. Або выязджае з майстар-класамі ў іншыя супольнасці і парафіі.
“Я даведалася, што яны ладзяць кастынг, і хоць моцна хвалявалася, хутка прайшла ўсе этапы адбору, – кажа суразмоўца. – І самае галоўнае, што мне спадабалася, – гэта супольнасць, якую стварылі ўдзельнікі. Я даўно марыла пра тое, каб апынуцца сярод людзей, з каторымі мы будзем разам маліцца, тварыць, служыць”.
Дзяўчына падкрэслівае, што фундаментам танцавальных супольнасцяў праслаўлення павінна быць Эўхарыстыя. “Гэта неабходны мінімум для кожнага спосабу служэння, – кажа верніца. – Мы таксама маем святара, якія пастаянна апякуецца нашай супольнасцю”.
Танец і як малітва, і як аповед пра святых
У супольнасці, дзе танцуе Іра, выкарыстоўваюцца разнастайныя тэхнікі: ад балету да сучаснай харэаграфіі. Ёсць месца для народных элементаў, хіп-хопу, джазу або фанку. Выбар падае на пэўную тэхніку ў залежнасці ад таго, якую тэму, час або настрой хочуць перадаць танцоры. “Мы вельмі адкрытыя ў гэтым сэнсе. І стыль танца залежыць ад таго, з чым мы выходзім да гледача, – распавядае дзяўчына. – У нас ёсць пастаноўка “Ядзвіга”, прысвечаная каралеве польскай, якая аддала сваё жыццё ўладзе, здзейсненай у духу евангельскага служэння. І мы, зразумела, ставілі шляхецкія танцы”.
Аднойчы да “Ліліі” звярнуліся сёстры з Кангрэгацыі сясцёр Маці Божай Міласэрнасці з просьбай паставіць харэаграфію, якая б адлюстроўвала жыццё св. Фаўстыны Кавальскай. Манахіні займаюцца дзяўчатамі з праблемных сем’яў, якія парушылі закон. Замест таго, каб адбываць тэрмін у турме, ім пакідаюць выбар – быць накіраванымі пад апеку сясцёр. Манахіні хацелі, каб у пастаноўцы былі задзейнічаныя і іх дзяўчаты.
“Сёстры арганізоўваюць розныя акцыі для падапечных, і мы ўключылі іх у танцы. Разам увасобілі бачанні раю і пекла св. Фаўстыны і г. д., – распавядае Іра. – Ужо пасля дзяўчаты дзяліліся, што праз танец убачылі сваю вялікую каштоўнасць, нібы паглядзелі на сябе вачыма Бога”.
Сама Іра вельмі любіць танцаваць пастаноўку “Лілія – тую самую, якая скарыла яе з першага погляду. Дзяўчына прызнаецца, што гатовая паўтараць яе зноў і зноў, бо кожны раз перажывае па-іншаму, дасягаючы чарговай малітоўнай глыбіні.
“Гэты спектакль з’яўляецца нашай візітнай карткай. Я ўжо дамаўлялася, каб у наступным годзе паставіць яго ў Беларусі, пры гродзенскім пабрыгіцкім касцёле і ў гродзенскай парафіі на Дзевятоўцы, – дзеліцца Іра. – Мы таксама адкрытыя, каб правесці майстар-класы па танцах праслаўлення і ў іншых месцах краіны. Ахвотным паўдзельнічаць неабавязкова мець харэаграфічны бэкграўнд. Галоўнае, імкнуцца маліцца танцам”.
“Калі нават у Бібліі танцавалі, чаму я не магу?!”
Іра ўпэўненая: цела – гэта храм Божы, пра што людзі часта забываюцца. І адна з задач танца праслаўлення – гэта вярнуць целу чысціню, дадзеную Госпадам. “Перад падрыхтоўкай да інтэрв’ю я адкрыла Святое Пісанне, каб памаліцца, і наторкнулася на ўзгадку пра Давіда, які танцаваў ва ўсю моц, каб выказаць хвалу Пану (2 Царстваў 6:14). Менавіта такім чынам у Бібліі выражаецца радасць, – адзначае дзяўчына. – Мае ўласныя ідэі наконт выкарыстання таленту былі такія абмежаваныя. А Бог, Які не мае межаў, падрыхтаваў такі цудоўны план!”
Як хрысціяне мы верым ва ўваскрасенне душы і цела. У сустрэчу з Богам у нашым зямным вобліку. А калі так, чаму б нам не засвоіць танец праслаўлення!?
Ангеліна Марцішэўская
Даручыўшыся Маці Божай, прафесійная харэаграфістка Агата Стадольская заснавала тэатр танца праслаўлення “Лілія” ў 2017 годзе. Духоўнасць супольнасці грунтуецца на чатырох элементах. Першы – гэта танец, што разумеецца як рух унутры Бога. Другі – прыгажосць, у якой адкрываецца аблічча Айца. Трэці – малітва як прастора для адносін з Госпадам. Апошні элемент – гэта Слова Божае, якое даследуецца. Студыя дзейнічае ў Кракаве пры цэнтры імя Яна Паўла ІІ “Не бойцеся”.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!




