Разважанне на XXVI звычайную нядзелю. Год С

Евангелле Лк 16, 19–31

У той час:

Езус сказаў фарысеям: Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і тонкае палатно і кожны дзень цудоўна банкетаваў. А нейкі жабрак, па імені Лазар, ляжаў каля ягонай брамы ў струпах і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Сабакі ж прыходзілі і лізалі струпы ягоныя.

Памёр жабрак і ўзнесены быў анёламі на ўлонне Абрагама. Памёр і багаты і быў пахаваны. У пекле, будучы ў пакутах, ён узняў вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлонні ягоным. І, усклікнуўшы, сказаў: Ойча Абрагаме, злітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб памачыў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым. Але Абрагам сказаў: Дзіця, успомні, што ты атрымаў ужо сваё дабро ў жыцці сваім, падобным чынам і Лазар — ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш. І да ўсяго гэтага паміж намі і вамі пакладзена вялізная прорва, так што тыя, хто хоча, не могуць перайсці адсюль да вас, ні адтуль да нас не могуць перайсці.

Тады сказаў ён: Дык прашу цябе, ойча, пашлі яго ў дом бацькі майго, бо ў мяне пяць братоў. Няхай засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты. Абрагам адказаў: У іх ёсць Майсей і прарокі, няхай слухаюцца іх. А ён сказаў: Не, ойча Абрагаме, толькі калі хтосьці з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца. Тады Абрагам сказаў яму: Калі Майсея і прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць.

Сіндром духоўнага калекцыянера 

Нядаўна я размаўляў з адным знаёмым, які з агнём у вачах распавядаў пра новую праграму для смартфона. Цяпер ён будзе мець доступ да поўнага збору твораў святых айцоў, папскіх энцыклік і каментарыяў да Бібліі на сямнаццаці мовах. «Уяві, – захапляўся ён, – уся хрысціянская мудрасць у кішэні!»

Захапляўся шчыра. А праз паўгадзіны той жа размовы высветлілася, што ён ужо тры месяцы не размаўляе з маці з-за нейкай бытавой сваркі.

Вітаем у эпосе духоўнага калекцыянавання! Збіраем цытаты святых, як маркі, назапашваем тэалагічныя веды, як бонусныя балы, і адчуваем сябе прасунутымі хрысціянамі, таму што можам працытаваць «Следам за Хрыстом» на лаціне.

Музей духоўнасці

Зазірніце ў любы каталіцкі чат у месэнджары. Там абавязкова знойдзецца ўдзельнік, які на любое жыццёвае пытанне адкажа вялізнай цытатай з Тамаша Аквінскага. Спытайце яго, як перажыць страту блізкага чалавека – атрымаеце трактат аб Божым Провідзе. Паскардзіцеся на стомленасць ад працы – пачуеце лекцыю на тэму працы паводле св. Яна Паўла II.

Некаторыя людзі ператварылі веру ў інтэлектуальны музей, дзе яны працуюць экскурсаводамі. Яны выдатна ведаюць экспазіцыю, могуць расказаць гісторыю кожнага экспаната, але жывуць нібыта за шклом вітрыны.

А тым часам дзесьці побач іх калега перажывае дэпрэсію, сусед застаўся без працы, а пажылая цётка з суседняй кватэры ўжо тыдзень не хадзіла ў краму. Але хіба пра гэта думаеш, калі вывучаеш канцэпцыю міласэрнасці ў святога Тамаша?

Інтэрнэт-праведнікі

Сацыяльныя сеткі падаравалі нам новы тып верніка – інтэрнэт-праведніка. Ён маланкава рэагуе на любую навіну цытатай з Катэхізіса, выпраўляе тэалагічныя недакладнасці ў каментарыях і вядзе зацятыя спрэчкі аб правільнасці перакладу «Ойча наш».

За дзень такі хрысціянін можа:

  • Апублікаваць пяць натхняльных цытат аб любові да бліжняга
  • Паўдзельнічаць у трох тэалагічных дыскусіях
  • Паставіць лайк малітоўнаму правілу
  • Падзяліцца артыкулам аб важнасці міласэрнасці
  • І ні разу не ўсміхнуцца ўласнаму дзіцяці

Інфармацыя пра Бога замяніла яму сустрэчу з Богам. Размовы пра любоў – саму любоў. Веды пра міласэрнасць – справы міласэрнасці.

Калекцыянеры адкрыццяў

Адмысловы падвід – калекцыянеры духоўных перажыванняў. Яны пабывалі на ўсіх вядомых курсах і духоўных практыкаваннях, ведаюць усе малітоўныя тэхнікі, чыталі ўсіх класічных духоўных аўтараў. Маюць любімых святых на кожны выпадак жыцця і персанальная калекцыя цудатворных абразоў.

Яны могуць гадзінамі расказваць пра свой духоўны шлях, цытаваць містыкаў і апісваць тонкасці сузіральнай малітвы. Але спытайце іх жонак – і пачуеце, што гэтыя эксперты па Божай любові забываюць выносіць смецце і крычаць на дзяцей за разбіты кубак.

А дзе ж Лазар?

Багач з прыпавесці таксама быў нядрэнна адукаваны. Ён ведаў Майсея і прарокаў, мог працытаваць Пісанне і, магчыма, лічыў сябе рэлігійным чалавекам. Але бяда ў тым, што ўся ягоная духоўная эрудыцыя не перашкодзіла яму кожны дзень праходзіць міма Лазара, які памірае.

Ці не адбываецца тое самае з намі? Мы даследуем запаведзь аб любові да бліжняга, але не заўважаем самотнага супрацоўніка. Чытаем аб важнасці прабачэння, але гадамі не можам прабачыць сваяка. Ведаем напамяць сацыяльнае вучэнне Касцёла, але абыякавыя да праблем уласнага горада.

Рэцэпт выздараўлення

Як жа вылечыцца ад сіндрому духоўнага калекцыянера? Рэцэпт просты да непрыстойнасці: кожнай новай духоўнай праўдзе, якую мы даведаемся, мае адпавядаць хаця б адна маленькая справа. Прачытаў пра міласэрнасць – патэлефануй таму, з кім даўно не размаўляў. Засвоіў тэкст аб прабачэнні – папрасі прабачэння ў таго, каго пакрыўдзіў. Даведаўся штосьці новае пра важнасць малітвы – памаліся не толькі за сябе.

Святы Якуб казаў проста: будзьце выканаўцамі слова. У наш час гэта значыць: ператварайце кожны лайк пад духоўным пастом у рэальную справу, кожную захаваную цытату – у змяненне стылю паводзін, кожную тэалагічную дыскусію – у крок насустрач бліжняму.

Таму што ў рэшце рэшт нас не спытаюць, колькі духоўных кніг мы прачыталі. Запытаюць, колькіх Лазараў мы заўважылі па дарозе.

І дай Бог, каб мы не апынуліся ў сітуацыі таго багача, які ведаў усе правільныя адказы, але так і не навучыўся правільна жыць.

Разважанне падрыхтаваў а. Міхаіл Ткаліч SJ

для друку для друку