Як Папа Францішак змяніў Касцёл у Беларусі

12 гадоў пантыфікату Папы Францішка вельмі моцна паўплывалі на Каталіцкі Касцёл у Беларусі. Яго кадравыя і адміністрацыйныя рашэнні прынеслі сур’ёзныя змяненні ў нашую краіну.

 

Змяненні ў складзе біскупаў

Ці не найбольш відавочныя змяненні часоў пантыфікату Папы Францішка ў Беларусі датычылі біскупаў.

Іх склад за 12 гадоў кіравання Святога Айца быў радыкальна перафарматаваны. І амалоджаны.

Пачаліся змяненні ўжо неўзабаве пасля абрання Папы Францішка. 29 лістапада 2013 года ён намінаваў адразу трох новых біскупаў: Алега Буткевіча, Юзафа Станеўскага і Юрыя Касабуцкага, найстарэйшаму з якіх было толькі 44 гады. Буткевіч стаўся кіроўным біскупам Віцебскім, а Станеўскі і Касабуцкі – дапаможнымі біскупамі Гродзенскім і Мінска-Магілёўскім адпаведна.

У 2015 годзе быў высвечаны яшчэ адзін дапаможны біскуп для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Ім стаў 40-гадовы кс. Аляксандр Яшэўскі з салезіянаў.

Чарговыя змяненні адбыліся ў 2021 годзе. 3 студзеня, па дасягненні 75-гадовага ўзросту, быў адпраўлены ў адстаўку Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, які кіраваў архідыяцэзіяй з 2007 года. Замест яго на кароткі час дыяцэзію ўзначаліў біскуп Казімір Велікаселец. А 14 верасня 2021 года Папа Францішак прызначыў арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Юзафа Станеўскага.

Яшчэ два новыя біскупы былі прызначаныя ў 2024 годзе: 48-гадовы Уладзімір Гуляй стаў біскупам-каад’ютарам Гродзенскім, а 44-гадовы Андрэй Зноска – дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі. Неўзабаве біскуп Гуляй змяніў на пасадзе кіраўніка Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Аляксандра Кашкевіча, які кіраваў ёю з 1991 года, а цяпер сышоў на пенсію. Таксама была прынятая адмова ад пасады дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі біскупа Велікасельца. Не закранулі змены толькі кіроўнага біскупа Пінскага Антонія Дзям’янку, які ўзначаліў дыяцэзію ў 2012 годзе.

У выніку, калі на пачатак пантыфікату Папы Францішка ў Беларусі былі толькі чатыры біскупы не на пенсіі (Кандрусевіч, Кашкевіч, Дзям’янка і Велікаселец), то напрыканцы іх было ўжо сем (Станеўскі, Буткевіч, Касабуцкі, Дзям’янка, Гуляй, Яшэўскі і Зноска). Адначасова знізіўся іх сярэдні ўзрост, амаль на 10 гадоў – з прыкладна 63 гадоў у 2013-м да 53-х у 2025-м.

Беларускія грэка-католікі

 Сур’ёзныя змяненні пры Папу Францішку зазнала і Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, статус якой не мяняўся з 1994 года. 30 сакавіка 2023 года Ватыкан стварыў новую адмысловую структуру – Апостальскую адміністратуру для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі, якая, паводле Кодэксу Кананічнага права, блізкая да дыяцэзіі. Кіраўнік БГКЦ архімандрыт Сяргей Гаек, каторы да таго быў толькі Апостальскім візітатарам, быў павышаны да Апостальскага адміністратара. Хоць і біскупскага пасвячэння ён так і не атрымаў.

Тым не менш, у Беларусь прызначылі і грэка-каталіцкага біскупа. Праўда, толькі на пасадзе Апостальскага нунцыя. Святар Іньяцыа Чэфаліа з Італа-Албанскай каталіцкай царквы быў прызначаны Апостальскім нунцыем у Беларусі і намінаваны арцыбіскупам 25 сакавіка 2025 года – менш як за месяц да смерці Святога Айца, але ўступіць у свае паўнамоцтвы пакуль не паспеў. Тым не менш, ён гіпатэтычна сваім служэннем можа вырашыць пытанне адсутнасці грэка-каталіцкага біскупа ў Беларусі.

Дыпламатычныя стасункі

Калі ўжо казаць пра Апостальскіх нунцыяў у Беларусі, то Папа Францішак змяняў іх тройчы. У 2015 годзе замест італьянца Клаўдыа Гуджэроці быў прызначаны венгр Габар Пінтэр. У 2020 годзе ўжо яго змяніў харват Антэ Ёзіч, замест якога сёлета быў зноў прызначаны італьянец Іньяцыё Чэфаліа.

Гуджэроці цяпер узначальвае Дыкастэрыю ўсходніх цэркваў і ў 2023 годзе быў падвышаны да сану кардынала. Арцыбіскупа Пінтэра сёлета прызначылі Апостальскім нунцыем у цэлым шэрагу краінаў Акіяніі (Палау, Мікранезія, Вануату, Астравы Кука, Кірыбаці, Маршалавы Астравы, Науру і Самоа), а арцыбіскупа Ёзіча летась скіравалі нунцыем у Грузію і Арменію.

Беларусь у сваю чаргу сёлета пастанавіла адкрыць уласную амбасаду ў Ватыкане і прызначыла туды асобнага пасла – Юрыя Амбразевіча. Раней дыпламатычныя прадстаўнікі Беларусі працавалі ў Ватыкане па сумяшчальніцтве з іншымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Пасол Беларусі ў Ватыкане Юрый Амбразевіч уручае даверчыя граматы

Абмяняліся краіны і двухбаковымі візітамі: у 2015 годзе Беларусь наведаў дзяржаўны сакратар Ватыкана кардынал П’етра Паралін, а ў 2016-м ужо ў Рым з візітам да Папы Францішка прыбыў Аляксандр Лукашэнка.

Візіт ad limina

Са сваімі візітамі ў Ватыкан неаднаразова ездзілі і беларускія біскупы, апошні раз – у 2025 годзе.

Праўда, тады сустрэча з Папа Францішкам не адбылася праз яго стан здароўя.

Найбольш жа значным стаў візіт беларускіх біскупаў ad limina у 2018 годзе. Візіт ad limina з’яўляецца абавязковым для біскупаў пэўнай тэрыторыі. Звычайна гэта адбываецца кожныя пяць гадоў, каб абмеркаваць з Папам пытанні, характэрныя для канкрэтных рэгіёнаў, даць справаздачы за мінулую дзейнасць і акрэсліць планы на будучыню. Перад тым беларускія біскупы наведвалі Ватыкан з такім візітам у 1997, 2003 і 2009 гадах.

Падчас візіту ad limina 1 – 7 лютага 2018 года каталіцкія біскупы Беларусі сустрэліся з Папам Францішкам, а таксама наведалі Дзяржаўны Сакратарыят і шэраг іншых ватыканскіх ведамстваў. Асобна амбяркоўваліся такія праблемы, як адсутнасць адпаведнага пагаднення, канкардату, паміж Апостальскім Пасадам і беларускай дзяржавай, а таксама неабходнасць удасканалення нацыянальнага заканадаўства ў галіне свабоды веравызнання.

Агулам Папа Францішак ніколі не забываўся пра Беларусь. Ён дасылаў сваіх асабістых пасланцоў з адмысловай місіяй у краіну, як, напрыклад, у 2020 годзе арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера, Сакратара па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, і арцыбіскупа Клаўдыа Гуджэроці, тады Апостальскага нунцыя ў Вялікабрытаніі. Дый у цэлым Францішак маліўся за нашую краіну, напрыклад, давяраючы 16 жніўня 2020 года «Маці Божай, Каралеве супакою, усю Беларусь».

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку