12 чэрвеня Каталіцкі Касцёл узгадвае 108 бласлаўлёных мучанікаў, якія сталі ахвярамі Другой сусветнай вайны. Беатыфікацыю гэтых асоб у 1999 годзе здзейсніў Святы Айцец Ян Павел ІІ.
13 чэрвеня 2025 года ў Верхнядзвінскім касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі маліліся, ушаноўваючы памяць мужных святароў, якія выканалі сваё пакліканне да канца і засталіся верныя Божаму слову — бласлаўлёных мучанікаў з Росіцы і Беразвечча – Антонія Ляшчэвіча МІС, Юрыя Кашыры МІС, Мечыслава Багаткевіча, Станіслава Пыртака, Уладзіслава Мацькавяка.
Са словамі прывітання шаноўных гасцей-святароў, звярнуўся да прысутных кс. Аляксандр Грыцкевіч і дадаў, што “сёння молімся праз заступніцтва бласлаўлёных, каб там у небе яны маліліся за нас, узмацнялі нашу веру і вернасць нашаму пакліканню”. Галоўным цэлебрантам Літургіі быў кс. канонік Мікалай Ціхановіч з Глыбокага.
Казанне прамовіў цяперашні пробашч у Іказні кс. Юрый Жаўняровіч. Ён коратка ўзгадаў біяграфію бласлаўлёных святароў і прыблізіў постаці двух ахвярных святароў. Уладзіслаў Мацьковяк меў толькі 31 год, калі аддаў сваё жыццё за веру. Ён скончыў семінарыю ў Вільні і працаваў у Іказні. Арыштаваны і расстраляны разам з ксяндзом Мечыславам Багаткевічам і Станіславам Пыртакам.
Станіслаў Пыртак быў зусім малады, ён меў толькі 28 гадоў, калі загінуў. Ён таксама скончыў семінарыю ў Вільні, святарскае пасвячэнне прыняў ужо ў вайну, у 1940 годзе. Працаваў вікарыем у Іказні, дзе быў арыштаваны разам са сваім пробашчам ксяндзом Уладзіславам, з якім і раздзяліў свой лёс. Перад смерцю ён усклікнуў: “Няхай жыве Хрыстус Валадар!”
“Бачым што гэтыя балгаслаўлёныя трымаюць у руках пальмовыя галінкі. Яны азначаюць уваскрасенне і ўдзел у збаўчай таямніцы, у перамозе Езуса. Пальмовая галінка з’яўляецца знакам веры ў вечнае жыццё і сімвалізуе трыумф жыцця ў Богу. Ісці праз жыццё разам з Езусам патрабуе вялікай мужнасці і вернасці, таму ў нашым штодзённым жыцці мы прымаем пальму цярпення, пальму мучаніцтва і выпрабавання. Гэта не азначае ісці на смерць, а толькі з пакорай несці свой штодзённы крыж, ахвяруючы свой час для іншага”, — прамовіў кс. Юрый.
На заканчэнне Літургіі кс. пралат Францішак Кісель асвяціў абразы кс. Мацькавяка і Пыртака, якія пазней зоймуць пачэснае месца ў верхнядзвінскім касцёле. “Няхай жа праз іх заступніцтва наша парафія і ўвесь Каталіцкі Касцёл мае прыклад вернасці веры і свайму пакліканню”, — дадаў мясцовы пробашч.
Урачыстую Імшу ўпрыгожыў парафіяльны хор “Ave Maria” з Глыбокага, які ў гэтым годзе адзначыў свой срэбны юбілей існавання. А пасля для вернікаў і гасцей харысты прадставілі невялічкі канцэрт.
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
