Мой Аарон. Ксёндз Артур Ляшнеўскі распавядае пра сваю бабулю

Май – месяц, калі адбываюцца самыя прыгожыя набажэнствы, прысвечаныя Найсвяцейшай Панне Марыі. Многія і зараз памятаюць той час, калі ў вясковых хатах збіраліся мясцовыя жанчыны і мужчыны, якія адмаўлялі ружанец, чыталі літанію, спявалі. Гэтыя асобы сталі сапраўдным прыкладам веры для сваіх нашчадкаў, заклалі падмурак ведаў пра Бога і Яго Найсвяцейшую Маці. А ў некаторых выпадках гэтыя асобы нават паўплывалі на выбар святарскай дарогі. Менавіта так здарылася з ксяндзом Артурам Ляшнеўскім, прыкладам веры для якога стала яго бабуля Лілія. Мы пагутарылі з прэзбітарам пра бабуліну навуку і яе ўплыў на жыццё будучага святара.

– Пахвалёны Езус Хрыстус! Ксёндз Артур, раскажыце пра сваю бабулю. Дзе яна нарадзілася? У якой сям’і была выхаваная? Дзе пражыла сваё жыццё?

Ляшнеўская Лілія-Леакадзія (з дому – Кавалеўская) нарадзілася ў сакавіку 1940 г. у засценку Шыльвы Бор (Іўеўскі раён), які зараз не існуе. Бацькі мелі шляхецкае паходжанне. Былі вельмі набожнымі і адукаванымі – валодалі некалькімі мовамі. Тата, Пётр Кавалеўскі, быў дастаткова багаты. Але ў 1939 годзе маёмасць канфіскавалі. Тата бабулі хварэў на сухоты і ў хуткім часе памёр. Маці, Караліна Кавалеўская, засталася адна з кагортай дзяцей – дзевяць душ. Каб пракарміць сям’ю, Караліна ўзяла другі шлюб з Антоніем Фабіцкім. Ён быў добрым айчымам, быў шаўцом, які рабіў прыгожы абутак. У іх нарадзілася яшчэ пяцёра дзяцей, потым Караліна зацяжарыла шостым. Аднак Антоній у хуткім часе памёр. Пасля яго смерці кс. Станіслаў Міхальскі SJ, вішнеўскі пробашч, хадзіў па хатах, збіраючы сродкі на касцёл: патрэбны быў рамонт даху святыні. Зайшоў і ў ўбогую хаціну, дзе месцілася адзін на адным сямёра дзяцей і цяжарная маці маёй бабулі. У той год яны рыхтаваліся да галоднай смерці. Маці дастала белы абрус з шафы, заслала на стол, паставіла крыжык, свечку і фігурку Марыі – адзіную памятку пра Шыльвы Бор. Святар увайшоў, паблаславіў дзяцей, зірнуў на беднасць вакол і шчыра маліўся пры стале. “Гроша ўдавы”, што падрыхтавала маці, не ўзяў і вельмі хутка выбег з дому. Забіраючы абрус са стала, маці ўбачыла пад ім грошы, сабраныя святаром у той час. Ён пакінуў іх, каб сям’я выжыла.

– Як складвалася асабістае жыццё бабулі?

– Мая бабуля павянчалася са Станіславам Ляшнеўскім і пераехала ў хату бацькоў мужа – Стэфаніі і Уладзілава Ляшнеўскіх у в. Лінкі Валожынскага раёна. Пазней дзед і бабуля пабудавалі ў той жа вёсцы сваю хату. Замуж выйшла 10.09.1961 года. Да бабулі сваталася вельмі шмат хлопцаў. Аднойчы прыйшлі ў сваты аж чатыры адначасова, і трэба было выбіраць. Янам казала так: адзін – праваслаўны, адразу не; другі – невысокі, таксама не; трэці – католік, высокі, але ў касцёле яго не было відаць, таму не. Чацвёрты – мой дзед Станіслаў: католік, высокі і на Імшы быў бачны ў нядзелю, таму ён і стаў пераможцам у бойцы за сэрца. Мой дзед працаваў у меліярацыі і быў заўзятым паляўнічым, як і мой тата.

– Кім працавала бабуля?

– Некаторы час бабуля працавала ў школе, якая стаяла насупраць новапабудаванай хаты ў Лінках, аднак была вымушаная змяніць занятак і месца працы. Яна ўспамінае вельмі прыкрае здарэнне, калі дырэктар школы зрабіла ёй заўвагу, што яна носіць крыжык на шыі і ездзіць у касцёл. Бабуля адказала: “Бога я ніколі не пакіну! Гэта маё ўсё!” Наступную заўвагу дырэктар школы зрабіла ўжо публічна пры ўсіх, патрабуючы зняць крыжык. Мая бабуля гэтага не зрабіла і была вымушаная змяніць працу. Цікава, што праз кароткі час пасля гэтага дырэктар захварэла. Хата дырэктара была насупраць нашай, бабуля апавядала, што чула яе стогны. Урэшце, паміраючы, былая дырэктарка паклікала да сябе бабулю, папрасіла прабачэння і нястомна паўтарала: “Пане, змілуйся нада мною…” Так і памерла. А бабуля стала паштальёнам. На сваім ровары ездзіла па навакольных вёсках, дастаўляючы лісты, газеты і, канешне, пенсію.

– Якія адносіны бабуля мела з Богам і Касцёлам? Ці паўплываў яе прыклад веры на Ваш светапогляд? Магчыма, на выбар святарскай сцяжыны? І як яна паставілася да Вашага выбару?

– Бабуля – гэта прыклад святой, багабоязнай жанчыны. Мае бацькі не былі вернікамі, пра Бога ў хаце не было чуваць. Бацька мяне малога пачаў вазіць у вёску, калі сам ішоў на паляванне. Ён – у лес, а бабуля са мной – у касцёл. Памятаю першы раз, калі яна мяне, васьмігадовага, прывяла ў наш вішнеўскі касцёл. Была ўрачыстасць Божага Цела. Усё так прыгожа прыбрана: гірлянды, звітыя з зялёнага барвінка, звісалі са скляпенняў касцёла, паўсюль – пах півоняў, язміну і кадзіла, звон званоў, працэсія з каляровымі стужкамі, мужчыны ў белых кашулях і жанчыны ў белых блузках і хустках. Усё было так урачыста і велічна, што ў мяне заняло дух. Я сказаў тады: “Бабуля! Каму пабудавалі такі прыгожы дом?” Яна адказала: “Гэта дом Бога”. Я яшчэ спытаў: “Калі людзі для Яго збудавалі такі вялікі і прыгожы дом, значыць, гэты ваш Бог вельмі важны. Таму я хачу з ім пазнёміцца бліжэй”. Вось так распычыналася маё сяброўства з Богам праз бабулю Лілію.

У нашым касцёле, дзякуй Богу, Імша па-беларуску была. Магчыма, гэта мяне ў касцёле і затрымала, бо навуку ксяндза Уладзіслава Чарняўскага я разумеў. Ён казаў проста, нават па-вясковаму, і часта жартаваў на казаннях. У мяне ўзнікалі тысячы пытанняў. Бабуля з пакорай катэхізавала мяне, як магла. На памяць ведала шмат урыўкаў з Евангелля і Пяцікніжжа. Я вельмі любіў ляжаць на канапе, паклаўшы галаву бабулі на калені, і слухаць апавяданні пра Майсея, Самсона, Давіда альбо пра слёзы св. Пятра, які пакаяўся пасля здрады. Яна давяла мяне да першай споведзі і Камуніі. Мая мама не была задаволена маёй хуткай хрысціянізацыяй і вельмі часта я чуў, як па тэлефоне мама бабулі казала: “Перастаньце рабіць з сына фанатыка”. Бабуля не злавала, а проста ціха вяла нас да Бога і часта паўтарала: “Бог – гэта мой найкаштоўнейшы скарб, таму я маю намер Яго вам перадаць, каб вы былі па-сапраўднаму багатымі”. Пра пакліканне, якое нараджалася ў маім сэрцы, ведалі толькі бабуля і мой спавяднік. Ад іншых я трымаў усё ў сакрэце. Бацькам увогуле сказаў пра свой намер напярэдадні, перад маім выездам у кляштар. Яны і так бы мяне не зразумелі, а да канца свайго жыцця мой выбар не прымалі. Адзінай асобай, якая цешылася з майго выбару і вельмі моцна за мяне малілася, была мая бабуля. Я называў яе “мой Аарон”, таму што яна падтрымлівала мае святарскія рукі малітвай, калі яны апускаліся, як у Майсея з Бібліі.

– Якія малітвы бабуля любіла найбольш? У склад якіх супольнасцей яна, магчыма, уваходзіла? Ці прымала яна ўдзел у маёвых набажэнствах? Што з тых набажэнстваў адклалася ў Вашай памяці?

– Бабуля належала да Жывога Ружанца і Апостальства дапамогі Душам Чысцовым. У маёвым і чэрвеньскім набажэнствах яна не проста прымала ўдзел, а была галоўным аніматарам малітваў у вёсцы. Мы цэлай талакой хадзілі пад крыжы, насілі пахкія півоні і спявалі песні да Марыі і Сэрца Езуса. Бабуля яшчэ спявала па нябожчыках і брала мяне ўсюды з сабой. Дзякуючы гэтаму досведу яна навучыла мяне не баяцца смерці і думаць больш пра вечнасць. Яна казала: “Не бойся паміраць целам, гэта не страшна! Страшна, калі чалавек памірае душой: звонку ўсё на месцы, а ўнутры пустата. Вось гэта вельмі страшна!” Яе любімыя малітвы – ружанец, літанія ларэтанская і да Сэрца Пана Езуса. А яшчэ – Крыжовая дарога, яна кожную пятніцу расстаўляла па хаце 14 абразкоў стацый мукі Пана і абыходзіла разважанні Крыжовай Дарогі. Прыгадаю таксама “Таямніцу Шчасця” – гэтую малітву яна чытала шмат гадоў і вельмі любіла св. Брыгіту, да якой штодня малілася. Для ўзрастання маёй пабожнасці яна зрабіла грунтоўны ўклад: навучыла любіць Марыю і ружанец. Аднойчы на маё пытанне, навошта нам Марыя, яна павяла мяне ў адрыну. Там паказала пальцам на гарышча з сенам. Сказала: “Можаш туды залезці па сцяне?” Я адказаў: “Магу паспрабаваць, але гэта небяспечна”. Тады яна паставіла драбіну і спытала: “А цяпер?” “Магу!” – адказаў я. “Дык вось Марыя – гэта драбіна, без якой мы можам дайсці да Неба, але гэта вельмі складана і небяспечна. З Ёй усё проста і хутка. Таму навошта ўскладняць сабе жыццё?” – працягвала з усмешкай яна. Таксама бабуля навучыла мяне па-сапраўднаму перажываць культ Божага Сэрца як падмурак веры. Паказваючы на абраз Сэрца Пана ў зале і плачучы, яна казала: “Дзе ты знойдзеш у свеце Бога, які мае сэрца і так любіць нас? Хоць мы Яго ўкрыжавалі на смерць, Яго Сэрца не перастае палаць агнём любові да нас”. Такое перажыванне культу Марыі і Сэрца Хрыстовага засталося ў мяне назаўсёды.

– З чым у Вас атаясамліваецца бабуля? Магчыма, у памяці захаваліся яркія камічныя або павучальныя здарэнні, звязаныя з яе асобай?

– Калі я быў малы, не адразу прывязаўся да касцёла, і мне не заўсёды хацелася туды хадзіць. Бо далёка, бо доўга і яшчэ бабуля не дазваляла нам есці ад учорашняга. Уявіце сабе, што часта бабуля з дубцом шукала мяне ў кустах размарыну, дзе я хаваўся, калі кабыла была ўжо запрэжаная, каб выправіцца ў касцёл. Яна хадзіла каля кустоў і казала: “Дзеткі! Маё вока не бачыць далёка, але Божыя вочы бачаць і ўночы!” Тым самым яна мяне прымушала здацца. А яшчэ яна мне ў дзяцінстве шыла са старога адзення арнаты і харугвы. Я зладзіў у тых жа разморынах цэлы касцёл, зрабіў алтар і па-свойму Імшу правіў. На такія “імшы” прыходзілі ўсе дзеці з вёскі. У мяне былі міністранты і нават арганістка. Мы нават, перапрануўшыся, хадзілі па вуліцах у працэсіі. Бабуля спрыяла такой забаве і казала на мяне “мой ксяндзок”. Найбольш мяне кранала яе міласэрнасць. Кожны бедны, які звяртаўся да нас, атрымліваў ежу. Бабуля хадзіла адведваць адзінокіх старых жанчын у нашай вёсцы, насіла ім малако і пякла сырнікі.

Я вельмі баяўся адну скрыўленую жанчыну, якую ўсе называлі “Гайцюшка”. Яна была зусім адна. Аднойчы бабуля заўважыла, што мы як дзеці смяяліся і перакрыўлялі гэтую бедную жанчыну. На наступны дзень бабуля надаіла малака, спякла катлет і зрабіла бульбяной кашы. Укруціла ў анучы і сказала мне занесці той кабеце. Мне так страшна было… Я стаяў каля парога, можа, хвілін сорак, аж пакуль ззаду мяне не ўзяла за плячо бабуля і не загадала: “Пайшлі!”

Расклаўшы ежу і пачаўшы перавязваць нагу гэтай жанчыне, бабуля сказала: “Ніколі не смейся з людской бяды! Кожны з нас адбітак Бога! Важна, што ў душы, а не звонку. Яна навучыла мяне суперажываць і схіляцца над людскім горам.

– Які характар мела бабуля?

– Самы лагодны! Ад яе веяла спагадай і пяшчотай. Яна была такой мацярынскай, такой, як печка ўзімку, да якой хочацца прытуліцца і заснуць каля яе. Таксама яна была вельмі справядлівай. Не любіла плёткі, асабліва пра ксяндзоў. Памятаю, адной жанчыне сказала: “Нават самыя брудныя ад граху рукі ксяндза раздаюць нам святога Бога. Толькі за гэта іх трэба нам цалаваць”. Яна вельмі любіла сям’ю. Здаецца, яна і збірала нас усіх у Лінках, была своеасаблівым цэнтрам, да якога ўсе мы імкнуліся.

– Якія бабуля мела захапленні, якія былі яе любімыя заняткі? Дзе яна прымяняла свае таленты? Раскажыце пра ідэю стварэння люстранога пакоя і пра спосабы рэалізацыі гэтай ідэі.

– Бабуля любіла прыгажосць. Хата заўсёды была ўпрыгожаная рознымі ўзорамі, кветкамі. Вытанчаныя платы, тысячы кветак, ад якіх яна проста трымцела. Была перфекцыйнай акурацісткай. Усё было чыста, прыгожа і з густам. У хаце зрабіла знакаміты люстэркавы пакой. Яна нажніцамі ў гарачай вадзе выразала з люстэрка ўзоры, якія старанна клеіла на сцены. Так узнік пакой, што нагадвае палац снежнай каралевы.

У нашай хаце часта ксёндз хрысціў дзяцей, калі было халодна несці немаўлят у касцёл. У хаце былі ахрышчаныя і мая сястра, і мой стрыечны брат. Пасля хросту кс. Чарняўскі запытаўся ў маёй бабулі: “Ліля! Ты ў Неба хочаш?” “Канешне, хачу!” – адказала бабуля. А ксёндз ёй кажа: “Мабыць, не, бо ў цябе ў хаце ўжо як у Небе!” Пакуль бабуля магла хадзіць, яна клеіла, ляпіла штосьці з гіпсу, малявала – адным словам, рабіла Неба на зямлі. Наш дом і падворак заўсёды насілі тытул “Падворка ўзорнага ўтрымання”, а пра бабулю пісалі мясцовыя газеты, пра што сведчаць схаваныя ў шафе выразкі з дзясяткаў артыкулаў.

– За што Вы маглі б і хацелі б сказаць дзякуй роднаму чалавеку найперш?

– Найперш, за веру ў Бога, за прыклад малітвы, за ўзор міласэрнасці, за ўменне марыць па максімуме і за жаданне рабіць усё прыгожым, за падтрымку ў пакліканні, за малітву за мяне, за самую шчырую і добрую ўсмешку на зямлі…

Гутарыла Марта Венславовіч

для друку для друку