Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Спакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца.
Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: Мы бачылі Пана. Але ён сказаў ім: Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу.
І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: Спакой вам! Потым кажа Тамашу: Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым. Тамаш, адказваючы, сказаў Яму: Пан мой і Бог мой! Езус кажа яму: Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў. Шмат іншых цудаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.
Тамаш і Божая міласэрнасць
Уявіце сабе сцэну: Ерузалем, вечар, першы дзень тыдня. Апосталы сядзяць, дзверы на замку — не таму, што баяцца «камуналкі», а таму, што страшна, як бы іх саміх не «спісалі» з гэтага свету. І тут — бах! — сярод пакоя стаіць Езус. Без стуку, без званка, без паведамлення ў вайберы: «Буду праз 5 хвілін, стаўце чайнік».
— Спакой вам! — кажа Пан. А што яшчэ сказаць людзям, якія выглядаюць, быццам прывід убачылі? Толькі вось гэты прывід мае вельмі матэрыяльныя раны на руках і баку, якія тут жа дэманструе як жалезабетонны доказ сваёй тоеснасці. Уявіце сабе сустрэчу аднакласнікаў праз 20 гадоў: «А я Вас пазнаў па школьным шраме ад цыркулю!».
Але самае цікавае ў гэтай гісторыі — Тамаш. Не ведаю, куды ён знік у той вечар. Можа, ягоная чарга была смецце выносіць, ці на рынак за аліўкамі пабег. Але факт: калі адбылося нешта важнае, Тамаша не было на месцы.
Вяртаецца, чуе: «Мы бачылі Пана!». І што ж адказвае Тамаш? «Ого, крута!»? Не. Ён выдае фразу, якая зрабіла яго мемам першага стагоддзя: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу.».
Варта выказаць захапленне гэтай пазіцыяй! У эпоху без «Вікіпедыі» і кнопкі «праверыць фэйк», Тамаш патрабуе доказаў! Ён першы ў гісторыі прасоўвае навуковы метад: «Пакажыце, я памацаю, тады паверу». Тамаш — не проста няверуючы, гэта прататып скептыка, аналітыка, вучонага!
Уявіце, як бы гэта выглядала сёння:
— Тамаш, уяві, мы бачылі Езуса!
— Фота ці не было.
— Якое фота? Мы ж у першым стагоддзі!
— Ну, дык відэа.
— Тамаш, ты мяне чуеш?
Восем дзён ходзіць Тамаш з гэтым скептычным тварам, напэўна, не раз закочваючы вочы: «Ну так, ну так, вядома».
І вось, нарэшце, дачакаўся. Зноў усе разам, дзверы на замку, і зноў Езус з’яўляецца сярод іх. «Спакой вам!» — і адразу да Тамаша: «Давай сюды свой палец, няверуючы ты мой. І руку давай. Укладай у бок Мой».
Іншыя апосталы, напэўна, глядзяць з выглядам: «Ну што, дагуляўся, скептык?». А Тамаш стаіць збянтэжаны, але не хаваецца ад няёмкасці моманту. Ён прамаўляе самае кароткае і моцнае вызнанне веры ва ўсім Евангеллі: «Пан мой і Бог мой!». Езус яго не асуджае! Ён проста сустракае яго там, дзе той ёсць, і дае яму менавіта тое, што трэба.
А потым дадае: «Ты паверыў, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў.». Гэта не дакор Тамашу, а суцяшэнне для нас, якія жывём дзве тысячы гадоў пасля.
Дарэчы, пра раны. Дзіўна, што ўваскрослы Хрыстус захоўвае свае раны! Лагічна было б чакаць, што ўваскрослае цела мусіць быць ідэальным. Але не — раны застаюцца, як вечны напамін пра цану нашага збаўлення. Гэта як выйграць мільён і захаваць латарэйны білет, бо ён надта каштоўны.
І вось мы падыходзім да сутнасці нядзелі Божай Міласэрнасці. Міласэрнасць — гэта не проста дабрыня або міласць. Гэта актыўная сіла, здольная спыніць зло і пераўтварыць свет. Гэта паветра, якім мы дыхаем у духоўным сэнсе.
Уявіце свет без міласэрнасці — гэта як сацсеткі без «падабайкі», толькі значна горш. Гэта свет, дзе кожны праступак караецца па поўнай праграме, дзе няма месца прабачэнню. Думаю, нават самы строгі законнік прызнае, што такі свет быў бы невыносны.
А цяпер уявіце, што кожны з нас стане крыху падобны да Тамаша — сумленна сумняваючыся, шчыра шукаючы, гатовы прызнаць праўду, калі яна адкрыецца. І пры гэтым — несучы міласэрнасць у свет, як апосталы. Яны ж не толькі распавядалі пра міласэрнасць — яны самі сталі яе жывымі інструментамі, да такой ступені, што людзі выносілі хворых на вуліцы, каб хаця б цень Пятра ўпаў на іх!
Не бойцеся быць часам Тамашам. Задавайце пытанні, шукайце адказы. Вера, якая прайшла праз агонь сумненняў, становіцца толькі мацнейшай. Але не забывайце галоўнага: важна не столькі ўбачыць і патрымаць, колькі адкрыць сваё сэрца на сустрэчу з жывым Богам.
І тады, магчыма, калісьці вы таксама зможаце сказаць разам з Тамашам: «Пан мой і Бог мой!». І гэта будзе не завучаная фраза, а крык душы, што прайшоў свой уласны шлях сумненняў і адкрыццяў.
А Пан будзе працягваць з’яўляцца нам — праз добрыя справы, праз словы суцяшэння, праз усмешку незнаёмца, праз тысячы дробязяў, у якіх уважлівы позірк распазнае водбліск Яго міласэрнай любові.
Давайце жыць так, каб нават наш цень, як у апосталаў, нёс аздараўленне. Каб нашы словы былі напоўнены не асуджэннем, а міласэрнасцю. І каб наша вера, нават праходзячы праз сумненні, прыводзіла нас да таго ж вызнання, што і Тамаша: «Пан мой і Бог мой!».
Хрыстос уваскрос! І Ягоная міласэрнасць — з намі назаўжды.
Разважанне падрыхтаваў а. Міхаіл Ткаліч SJ
